— Ану ідзі сюда! — зацята загадаў насаты. Пятрок моўчкі ступіў на сярэдзіну хаты і стаў, гатовы да горшага. — Водку даеш?
— Дык няма, — сказаў ён проста ўжо амаль абыякавым голасам, разумеючы, што даказваць, бажыцца тут без карысці. Яны былі ў такім стане хцівай драпежнасці, што ягоныя словы наўрад ці маглі многа значыць. Ім патрэбна была гарэлка.
— А еслі найдзём?
— Знойдзеце, дык ваша, — сказаў Пятрок, адчуўшы, аднак, што, мусіць, сказаў няўдала: яшчэ падумаюць, што ён недзе хавае. Але там, дзе хавае, яны не знойдуць, хоць бы перавярнулі ўсю сядзібу і яшчэ ўвесь роў у дадатак.
— Знойдзем — палучыш пулю. За ашуканства, — паабяцаў паліцай.
— А не найдзём — тожа прыстралім, как сабаку, — удакладніў насаты. — Так што харашэнька падумай.
— Што ж, воля ваша, — паныла сказаў Пятрок і зразумеў, што выйсця для яго не будзе. — Толькі няма гарэлкі.
Наступіла невялічкая затрымка, паліцаі, відаць, чакалі, што прынясуць тыя, што пайшлі шарыць у істопцы. Сцепаніда мяняла лучыну на загнетцы, каб было трохі відаць у хаце, у якой віўся пластамі дым і дужа патыхала гарэлым. Пятрок вельмі баяўся, каб не падпалілі што ў істопцы ці дзе на падворку, бо якой жа ашчаднасці можна чакаць ад п'яных. З усіх чатырох адзін толькі паліцай з павязкай здаўся яму трохі менш п'яным ці менш звераватым, чым той насаты з наганам, і Пятрок сказаў да яго:
— Ды не шукайце, яй-богу, няма. Што ж мне, шкада, яй-богу…
— Бандзітам прыберагаеш! — раўнуў насаты. — А нам фігу? За нашыя старанні для народа!
— Ды што ты яму чытаеш мараль? — па-ранейшаму дужа сардэчна сказаў паліцай. — Час марнуеш. Пастаў да сценкі яго. Жыць захоча — знойдзе.
І ён хораша засмяяўся, паказаўшы шырокі рад прыгожых зубоў.
«Во табе дабрэйшы і цверазейшы!» — расчаравана падумаў Пятрок. А ён яшчэ хацеў у яго папрасіцца, каб не знушчаліся, паверылі, што нічога няма. Неяк разам Пятрок перастаў ужо баяцца за сваю сядзібу, апасацца, што тыя дзе-небудзь падпаляць. Ужо ён хацеў аднаго: каб хоць як выкараскацца з гэтага ліха, і думаў, што, мабыць, не ўдасца, не выкараскаешся.
З цёмных сянец, папаліўшы свае лучынкі, улезлі тыя двое ў чорных шапках з вінтоўкамі.
— Што, няма?
— Ды няма нічарта, цёмна, як быццам нічога такога. Меле, там мука ў жорнах…
— Ах, мелет! — вызверыўся насаты. — Для каго-та на самагоначку мелет! А для нас нет! Ану к сценке! Жыва!
У Петрака пацямнела ўваччу, здаецца, ён нібыта пахіснуўся ад слабасці ці страху, адчуўшы, што зараз усё, мабыць, і скончыцца. Нехта дужа піхнуў яго ў плечы, пасля ў бок, ён няўцямна ступіў і апынуўся ў прасценку паміж двума вокнамі на падворак. Насаты насупраць прыладзіўся ямчэй — расставіў на падлозе ногі і нетаропка падняў на яго руку з смярдзючым наганам.
— Што вы робіце, ірады? За што вы яго? — залямантавала ад печы Сцепаніда, і насаты апусціў руку.
— А, жалка стала? Так нясі пару фляжак! Ну, быстра!!
Але Сцепаніда залямантавала яшчэ гучней:
— Скуль я вазьму вам, няма ў нас ніякай гарэлкі, каб вы сваіх жонак не бачылі, як мы тую гарэлку…
— Заткнісь! — раўнуў насаты, і паліцаі ўчэпіста схапілі Сцепаніду за рукі, размашыста штурхнулі ў сені. Там яна сцішана войкнула і раптам сціхла. «Ці не забілі?!» — здрыгануўся ад страху Пятрок, які таксама ўжо развітаўся з жыццём.
— Так, счытаем да трох! — аб'явіў насаты, зноў скіроўваючы на яго рулю нагана. — Даёш, нет? Раз… Імей в віду, я б'ю точна, без промаху. Два… Ну, даёш? Нет?
«Няўжо ты застрэліш, сабака? — думаў Пятрок, млосна пазіраючы на хісткую рулю нагана, якая сноўдала ў паветры праз тры крокі ад яго. — Няўжо хопіць лютасці на забойства? Ці, можа, палохаеш? Але каб хутчэй што-небудзь. Страляць, дык страляй, чорт з табой, усё роўна, відаць, не суджана перажыць вайну, пабачыць дзяцей. Але хоць бы пачуць, як турнулі гэту напаўзь», — разгублена думаў Пятрок, і дзве слязіны ціха паўзлі па ягоных даўно ўжо не голеных шчоках.
— Тры! — раўнуў урэшце насаты, і ў тое ж імгненне калючае чырвонае полымя ўдарыла Петраку ў твар, вушы забіла тугім коркам ад стрэлу, і праз момант ён не адразу зразумеў нават, што быццам жывы і стаіць, як стаяў — плячмі да прасценка. Толькі праз паўхвіліны скрозь густы звон увушшу да яго, бы здалёку, данесліся галасы паліцаяў, тыя спрачаліся.
— Ды што з ім цацкацца, патроны псаваць! Бі ў лоб, і пайшлі!
— Не спяшы! Я яго па часцям раздзелаю. Как бог чарапаху. Ну, так гдзе водка? Долга малчаць будзеш?
Пятрок ужо не адказваў — ён амаль што аглух і аслупянеў у безнадзейнай абыякавасці да сядзібы, жонкі і найперш да самога сябе, бо якіх сіл абараніць сябе ўжо не знаходзіў.
Читать дальше