— Ну што, што, Рудзька? — загаманіў да яго Пятрок. Цяпер, мусіць, вельмі дарэчы было пагаманіць з кім-небудзь, але з кім жа тут пагамоніш, апроч як з выпадковым сабачкам. Рудзька, з пільнай увагай зразумець нешта, узіраўся ў яго твар сваімі пакутна-няўцямнымі вачмі і енчыў ціхенька, бы просячы штось.
— Галодны? Галодны, канешне. Ну, пайшлі. Цяпер, бачыш, няма анічога, ні якой крошкі. Во, бачыш? — спрабаваў вывернуць пустую кішэню Пятрок. — Няма. А ў хаце што-небудзь будзе. Пайшлі, дома цябе накармлю.
Ён пайшоў далей па сцежцы, думаючы, што на гэты раз трэба абавязкова што-небудзь даць Рудзьку, які ці не з учарашняга чакае яго тут, у рове. Але ж учора не далі тыя звяругі — добра яшчэ, што не прыстрэлілі на падворку. Ды і яго самога таксама хацелі застрэліць, што перажыў — страшна ўспамінаць нават.
— Во, брат, жыццё настала! — паскардзіўся Пятрок і азірнуўся на Рудзьку, які, бегучы ззаду, зноў уважлівей паглядзеў у ягоны твар і пакутна наморшчыў маленькія броўкі. — Жыццё! Сабак б'юць, як людзей, і людзей страляюць, нібы сабак. Ураўнялі род чалавечы! Падспасобілі пад скаціну якую, ага, брат!
«Хаця ім што, — думаў Пятрок, — ім абы жорсткасць сваю спраўляць, упівацца сілай, людскую кроў піць. Без крыві засмяглі б іх глоткі. І гарэлкаю не размочаць. Не, не размочаць. Ім пасля крыві гарэлку давай, а пасля гарэлкі зноў на кроў цягне. Во па гэтым коле і носяцца. Ах, звяругі, звяругі!»
Ён ужо ўпэўнена тупаў па сцежцы з цвёрдым намерам на хутары чым-небудзь накарміць Рудзьку, бо зусім асірацеў сабачка, мабыць, пабойваецца людзей і круціцца на адным месцы ў рове, дзе той страшной ноччу згубіў свайго Янку. Але Янка ўжо ўсё, Янка цяпер далёка, ягоная душа цяпер, мусіць, на небе. Бязгрэшная хлапечая душа, яна пэўне ж пападзе ў рай. А во куды пападуць нашы грэшныя душы?
Пяршак Пятрок не дапіў, цвяроза падумаў, што яму, мабыць, годзе, трэба палячыць Сцепаніду. Пасля ўсяго перажытага жонцы самы раз будзе глынуць які кілішачак жытняй — пэўна ж, прыбудзе сілы ды і бадзёрасці. Малы кілішачак гэта як лекі, і неблагія лекі прытым, самі дактары не адмовяцца. А дактары знаюць, як трэба піць. Дактары ўсё знаюць: і што піць, і чым закусваць. Яму таксама не шкодзіла б чым закусіць, дужа хацелася есці, асабліва цяпер, пасля выпіўкі. Усе гэтыя дні галодны, не раўнуючы як той Рудзька.
— Там паямо, — азірнуўшыся, абнадзеіў Пятрок сабачку, які, не адстаючы ні на крок, бег следам. — Ужо мы цяпер паямо…
З натугай, аж спацела спіна, ён ускараскаўся па крутой сцяжыне на ўзровак. Сабачка, зразумеўшы нарэшце, куды ўзяў кірунак Пятрок, трохі абмінуў яго і пабег наперадзе, дужа не выпінаючыся, аднак, перад чалавекам. Пятрок думаў, што трэба найперш засмажыць бульбы з салам, калі яшчэ засталося яно ў кубёлку. Прыйдзе, абярэ бульбы і засмажыць, дасць есці Сцепанідзе і знойдзе што кінуць гэтаму беспрытульнаму Рудзьку. Бо хто ж яго накорміць цяпер? Тут жа забілі Янку, во ён і круіццца. Счытай, ужо як бы тутэйшы сабака. З Яхімоўшчыны.
Але чаго раптам Рудзька стаў на сцяжынцы і настырчыўся, ягоны хвост перастаў матляцца? Пятрок хістка, не адразу спыніўся — ужо відаць стала ягоная сядзіба цераз гарод, і там, за дрывотняй, штось матлянула рудое. Ну быццам які руды дыван на паркане, але гэта не дыван, мусіць? Пятрок працёр пальцамі вочы і ўгледзеўся лепей — так яно і сталася, як ён баяўся, не хочучы, аднак, прызнацца сабе. Яго апярэдзілі. На двары ля паркана ўжо тупалі, ківаючы галовамі, рыжы і вараны коні, і, хоць ля іх нікога не было відаць, Пятрок зразумеў, што яны ўжо прыехалі.
Пятрок ледзь не заплакаў ад крыўды, гора і страху, які наўхват ашчаперыў яго, пераступіў на сцежцы, азірнуўся — ён не меў ужо сілы ісці туды, на сядзібу, бо вельмі добра адчуваў, што там чакае яго. Але куды было ісці? У чыстае поле? У Баранні Лог? У балота? Назад у роў? Але ў хаце заставалася хворая, прыбітая жонка, увесь ягоны набытак, — яны ж адпомсцяць яму, як захочуць. Хіба ад іх паратуешся?
І ўсё ж ногі яго павярнулі назад, і ён аж прыгнуўся трохі, увабраў галаву ў плечы і хісткімі крокамі патрухаў па сцежцы да рова.
Толькі ён не дабег нават да пачатку кустоўя, ззаду данёсся першы пагрозліва-гучны крык: «Пятрок, стой! Стой, такую тваю… Назад!» І зараз жа тугі шчаўчок стрэлу ляснуў, здалося, над самай яго галавой. Куля пранеслася міма, у хмызняку на ўзроўку ціха ўпала долу ссечаная ёю галінка, і ён раптам, ацверазеўшы, уцяміў, што ўцякаць нельга. Ад іх не ўцячэш!
Сапраўды, двое іх ужо беглі цераз гарод наўпрасткі ад сядзібы, і ён спярша стаў, а затым і павярнуўся назад. Тыя таксама сталі за плотам ля абсталяванага ім афіцэрскага клазета, вінтоўкі яны трымалі напагатове, каб адразу, як ён пабяжыць, усадзіць яму кулю паміж лапатак. Але ён не бег, ён ішоў па сцежцы, па якой хадзіў тут дваццаць гадоў, і ўсё ў ім паднімалася, напружвалася, пухла ў страхавітай крыўдзе-пратэсце: за што? Неяк няўцям ён адчуў у руцэ бутэльку, што нёс Сцепанідзе, там яшчэ трохі боўталася, але цяпер ужо Сцепаніда не вып'е. Не размахваючыся, ён шпурнуў бутэльку ўбок, з кароценькай радасцю сцяміўшы, што і ім таксама адтуль не дастанецца — хай выцякае ў бульбоўнік. Ён усё болей рашуча ішоў насустрач паліцаям, якія за плотам таксама ішлі напярэймы яму да сцежкі — Гуж у сваёй скуранцы наперадзе, а Каландзёнак з паднятай вінтоўкай ззаду. Амаль фізічна адчуўшы іх зласлівы намер, Пятрок спыніўся.
Читать дальше