На падворку было пуста ўжо, толькі ля кухні, угнуўшыся цераз край, замываў кацёл Карла, яго злы кухар стаяў ля скрынак спіной да хаты і нешта калупаўся ў іх. Відаць, можна было выйсці — ці мала што магло быць у яе чыгунку, якая ім да гэтага справа?
Яна так і зрабіла — ціхенька шмыганула за істопку і па дрывотні ў зарослы дзядоўнікам гародчык. Парсючок, малайчына, нават не азваўся на яе крокі, толькі заварушыўся ў саломе, як яна пачала расчыняць нізкія дзверцы. Каб не затрымлівацца дужа, яна паставіла цераз парог чыгунок і сахой падперла дзверцы застаронка.
Парсючок памалу варушыўся сабе за дашчанай сцяной ды троху пляцкаў, амаль не падаючы голасу, а яна стаяла ў дзядоўніку і думала. Усё ж, чула яе душа, не дужа надзейны тут схоў, асабліва калі столькі людзей на падворку — выйдзе каторы хоць бы па патрэбе за рог і ўчуе. Во, ды яшчэ і куры! Неяк яна не падумала пра іх, і тыя сноўдалі цяпер па-пад плотам, за сцяной хляўка, дзядоўніку — нешта шукалі сабе, дзяўблі. І яна не ведала, як лепей: ці заперці ўсіх разам іх у хляўку, ці адагнаць куды ад сядзібы. Як бы тыя не палавілі іх, мусіць жа, не сляпыя, убачаць.
Але курэй пакуль што яна ратаваць не стала — болей баялася за Бабоўку, якую гэты раз кінула ў кустоўі разам з Янкавым статкам. Яна спалохалася, каб Янка не пагнаў статак на Выселкі, бо ўжо вечарэла, неба так і не выбавілася з-пад хмар, якія спрэс прыдушылі яго, нізка налеглі на шэры прастор і амаль не рухаліся з месца. Добра яшчэ, што было не сцюдзёна, учарашні вецер аціх, але ў мокрай траве было дужа няўтульна нагам, калі Сцепаніда выйшла з гарода. Па трохі прабітай у бульбянішчы сцежцы яна падалася на ўзровак і там узяла ўбок, таксама слабенькаю ў траве сцяжынкаю пад мокрым, пацярэбленым слатой хмызняком. Амаль подбегам шыбуючы па краі поля да Баранняга Логу, яна думала, што, мабыць, настане і горшае, што адным толькі перасяленнем у істопку не абыдзецца. Калі яны пастаяць на сядзібе доўга, дык ці мала што можа здарыцца, а гаспадарку абяруць датла, гэта ўжо пэўна. Як тады жыць? Як засцерагчы ад іх кароўку, парсючка, курачак? Збажыну якую ці бульбу, можа, не возьмуць, нашто ім, але дровы папаляць. Хіба назапасіш тады без каня? А як быць зімой?
Клопату было шмат, як і трывог, кепскае прадчуванне грызла душу, але знешне Сцепаніда трывала і выглядала спакойнай. Яна была не з тых баб, што па першай бядзе кідаюцца ў слёзы, яна прадчувала, што бедаў будзе зашмат для яе небагатых, некалі добра ўжо выплаканых слёз, што трэба паашчаджацца на хваляванні.
Яначкаў невялікі статак яна згледзела ў кустоўі непадалёк ад дуплістай калоды паваленага дуба на самым узлеску. Каровы паціху шамацелі кустоўем, а Янка, прыхаваўшыся за ялінкай, чакаў яе і, як згледзеў, нешта горача загаманіў, усё паказваючы ў поле. Можа, ён што бачыў там? Але, здаецца, цяпер там было пуста, пара было гнаць жывёлу дадому. Сцепаніда адлучыла Бабоўку ад іншых, і тая ахвотна скіравала па сцежцы да хутара. Тут толькі Сцепаніда спахапілася, што нічога не ўзяла Янку, ды і сама яна сёння не мела крошкі ў роце. Янка на развітанне загергетаў незразумела і ўзрушана, замахаў рукамі і толькі напаследак няўмела вымавіў два трывожныя словы, якія цяпер былі зразумелы кожнаму:
— Пук! Пук!
Сцепаніда не стала дапытваць, пра што ён хоча сказаць, і хуценька пагнала хварасціной Бабоўку — пакуль на сядзібе не было немцаў, трэба было паспець падаіць карову.
Трохі прыпацеўшы нават у калянай хусцінцы і пад ватоўкаю, яна дагнала карову да плота каля бульбянішча і зразумела, што прыпазнілася. На падворку пад ліпамі ўжо высіўся брызентавы верх машыны і чулася гамана, нязвыклае, нянаскае гергетанне, паасобныя выкрыкі, здаецца, там штось адбывалася. У недаўменні яна прыпынілася, Бабоўка падняла галаву і замарудзіла крок. Над парканам было відаць, як немцы, таўкучыся купкаю, цягнулі з машыны нешта грувасткае і цяжкое, і адзін, мабыць, заўважыўшы яе за плотам, радасна-гарэзліва закрычаў цераз гарод:
— О, матка, млеко!
Рабіць не было чаго, яна ціха сцебанула хварасціной Бабоўку, тая пераступіла ніжнюю жэрдку ў плоце і звыклым шляхам пайшла сцяжынай да падворка.
На падворку адбывалася тое, чаго Сцепаніда найболей баялася: немцы ўсталёўваліся надоўга. Вывалакшы з машыны грувасткую шэрую брызенціну, яны распіналі яе на коллі ля тыну на нетаптанай мураве падворка, таўкліся там усёй грамадою, расцягвалі вяроўкі, забівалі ў зямлю кароткія калкі. Двое па краях дужа ўперліся ў зямлю, амаль легшы на падворак, — цягнулі вяроўкі, і шэры брызентавы дах падатна напяўся, утварыўшы вялізную, ледзьве не з хату, будыніну.
Читать дальше