Вучыліся ўсе ад усіх, і вучыцца было ад каго. Першы, штодзённы прыклад прастаты адносін давала прырода. З самага малку, калі ў чалавека бывае найбольш ненатольных «чаму?», мы бачылі, як гэта робіць усё жывое. Слоўнік для акрэслення таго, і брыдкага, і панаднага, быў адпаведна багаты. Коні палявалі, каровы бегалі, свінні гукалі, авечкі маркатавалі, сабакі гандлявалі, каты марцавалі. Пра птушак, усіх аднолькава, гаварылася: граюць. І куры, і буслы, і вераб'і, і галубы. У буслоў гэта адбывалася пад самым небам, на гумне, а ў галубоў найпрыгажэй: яны спачатку доўга цалаваліся, пяшчотна гудучы. Вясной славутая трэска лезла на трэску. Нават жабы і тыя паркаваліся, цяжка скакалі верхам адна на адной, і гэта называлася нерасам. Што было смешна, а што — напрыклад, галубы — ужо і хвалявала нас, не называючыся каханнем.
Не лічачы звычайнай і штодзённай грубасці, прастаты ў акрэсліванні ўсяго сваімі словамі, была яшчэ і мацярная лаянка, якое мужчыны навалаклі з усіх казармаў царскай імперыі, а потым ужо і польскага «паньства», дзяржавы. Не ўсе бацькі асцерагаліся гаварыць пра гэта пры малых. У цясноце хат маладыя, жанатыя не заўсёды спалі ў каморы і не заўсёды маглі дачакацца, пакуль тыя хатнія паснуць. А хто і не вельмі хацеў засынаць, прыслухоўваўся, хоць і набегаўся за дзень на пашы. Прочымаў Цімох ажаніўся, як гаварылася, на вельмі прыгожай Зосі з далёкай вёскі. Мы, хлапчукі, падпільнавалі, як тая тоненькая Зося купалася раз адна ў рацэ, а потым гуртам абмяркоўвалі і тое, што пабачылі, і тое, што ўяўлялася ў дачыненні з целюкаватым здаравяком Цімохам. Сабраўшыся на вуліцы ці, зімою, у нечай хаце, мужчыны маглі свабодна ўзняць і такую тэму: «Ну, хлопцы, давай раскажам, як у каго было ў першую ноч». І ўсё гэта пры малых, не вельмі іх адганяючы, калі на вуліцы, а ў хаце нібы не памятаючы, хто іх слухае з печы. Каханне дзецюкоў з дзяўчатамі, у асноўным патаемнае, выходзіла наверх то вяселлем, то гаворкаю пра тое, як тая ці іншая няўдала скінула, ад чаго «бедная» або і «сучка гэтая» вось і «сохне цяпер», то спробамі атруціцца самой ці піхнуць у рэчку шчаслівейшую суперніцу, а то і проста цяжарнасцю ашуканай дзяўчыны, з якое тады за вочы і ў вочы кпілі: «Што, з'ела павука?..»
Зімой, на масленіцу, жанчыны гулялі «на доўгі лён»: каб ён ім улетку добра ўрадзіў. Спачатку пакуль валіцца на сані ды імчацца з песнямі ў другую вёску, яны галёкалі ў чыёй-небудзь хаце, а мы і дарослыя дзецюкі і мужчыны стаялі ды начэквалі цікавага. І яно пасля пачыналася. Трохі падвыпіўшы, маладзіцы і весялейшыя цёткі з крыкам і смехам высыпалі на вуліцу. Некаторыя былі «за мужчын», у шапках і ў портках, намазаўшы сажай вусы, а порткі ўзброіўшы морквінай ці тонкім бураком. Мама мая гаварыла, што як жанчына вылаяцца матам, дык пад ёю на цэлы сажань углыбіню загарыцца зямля — такі грэх. Бабы звычайна і не лаяліся па-мужчынску, у сварках далей «пацалуй ты мне» ці «а во табе» не даходзіла. А цяпер, на масленіцу, быў і мат, нейкі нягеглы ў вуснах жанчын, і такія прыпеўкі, што проста не верылася: няўжо тая ці гэтая, маладая ці трохі старэйшая цётка цішком насіла ў сабе дагэтуль ажно такую смешную брыдоту… Ды што казаць пра маладых… Дзед Богуш быў добры, разумны і смелы. Пра дабрату яго я ведаў і сам. Раз я прыпасваў свае каровы на папары, паміж Прочымавым жытам і Богушавым аўсом, трохі прыціх, задумаўся седзячы, потым прылёг і, заўсёды гатовы, заснуў…
— Унучак, уставай! — катурхаў мяне дзед. Я ўсхапіўся і ўбачыў, што каровы мае — у іхнім, Богушавым, аўсе! Толькі пысамі ўгару патузваюць, цярэбячы яго, яшчэ зялёны. Я страшэнна спалохаўся, мне было вельмі брыдка, нават і так падумалася балюча, што вось канец і нашай з Шурам дружбы — як ты зойдзеш цяпер да іх у хату. А дзед сказаў:
— Адвярні іх, унучак. І не ляжы, бо зноў заснеш.
Больш нічога. Кульба ў яго руцэ засталася толькі падпоркай.
Пра дзедавы розум і смеласць.
У вайну, калі тут стаялі расейцы, у Богушавых жыў афіцэр. І ўсё свістаў у хаце, як быццам тут ні людзей, ні іконаў. І дзеду такое вельмі не падабалася. Спачатку ён маўчаў — што ж, усё-такі пастаялец не абы-хто, а ваша благародзіе. Потым не вытрымаў.
— Свішчы, свішчы, — сказаў, — ужо семнаццаць губерняў прасвістаў, васемнаццатую свішчаш?
— Молчи, старик! — уз'еўся той штабс-капітан.
А дзед:
— Вось давай мы з табой, як людзі, і памаўчым.
Пра гэта расказвалі, а другі раз, ужо на маіх вачах, польскі камендант паліцыі ехаў па нашай вёсцы конна. Было нейкае свята, і мужчыны сядзелі перад дзедавай хатай. Пан камендант спыніўся каля іх, спачатку пачакаў, а потым:
Читать дальше