Не толькі пасвіць, — і касіць, і жаць мы пачыналі вельмі рана, што і дагэтуль значыцца на пальцах ледзь прыкметнымі парэзамі. За плуг, калі па-сапраўднаму, мы браліся пазней, а паараць толькі для першай радасці — гэта ўжо гонар быў, і не абы-які. Як на каня самому сеўшы ўпершыню, як першыя чаравікі абуўшы.
Дзве нашы каровы займала тады Анэціна Жэня, старэйшая за мяне. Але на трэці год і я далучыўся да пастухоў каровіных. І там ужо ў мяне былі іншыя сябрукі, няхай сабе і старэйшыя трохі, а першы сярод іх Шура Богуш, у якога было тры мянушкі — Аляксандр Сяргеевіч, Сцягач і Глушак, адна нязлосная, а дзве для лаянкі.
Шура быў больш як на два гады старэйшы за мяне. Перад вайной бацька яго, Сяргей, працаваў у Пецярбургу на заводзе, чытаў многа кніжак і першага сына назваў Аляксандрам, у гонар любімага Пушкіна. Сына першага і адзінага, бо жонка памерла ад першых родаў. Сяргей прывёз малое ў Аўсянікі, бацьку і сястры, а сам неўзабаве пайшоў на вайну. Праз пяць гадоў ён заявіўся дахаты чырвонаармейцам, як на Варшаву ішлі. І другі раз заскочыў конна з гасцінца, калі адступалі. Трохі забавіўся ў бацькавай хаце, і вось тады яго дагналі польскія ўланы, засеклі шаблямі яшчэ на аўсяніцкім полі. Шурава цётка, пакуль выйсці замуж, паспела падгадаваць пляменніка, а тады ўжо хлопец жыў пры дзеду і дзядзьку Іване, які тым часам вырас на дзецюка.
Дзед Богуш быў высокі, з сівай барадой, яшчэ не горбіўся, але хадзіў заўсёды з кульбай і ўжо толькі хаты глядзеў. Усю работу, і мужчынскую, і бабскую, рабіў у іх Іван, які пры сваёй рослай ды сутулаватай дужасці не толькі гаварыў смешна танклявым голасам, але часамі, прастарэкуючы з суседкамі, і памыляўся: «Я сама зварыла. Я сама спяку…»
Аляксандрам Сяргеевічам Шуру, уласна кажучы, не празывалі, — так пра яго гаварылі часамі дарослыя, хто ўспамінаючы яго бацьку як проста добрага чалавека, а хто і як светлага хлопца, які перад вайной, калі з Піцера прыязджаў і да таго яшчэ, у вёсцы жывучы, кніжкі чытаў не толькі сам сабе, але і людзям, уголас. Калі мы пасвілі, я пра Пушкіна ўжо трохі ведаў, бо ў нас была такая кніга, і называць Шуру Аляксандрам Сяргеевічам, часцей у думках, любіў і дагэтуль люблю, ужо, вядома, па-іншаму, з іншай усмешкай.
Мянушка Глушак была вельмі простая: ад выбуху той «бомбачкі», якую яны з Вінцусёвым Петрыкам, пры Мані Вароне, што ўсюды лезла з хлопцамі, узяліся трохі разабраць, Шура аглух, больш на правае вуха. Адтуль жа пайшоў і Сцягач. Знявечаная левая рука загаілася ў яго так, што з пяці пальцаў атрымалася тры: вялікі застаўся адзін, а паказальны з сярэднім і безыменны з мізінцам зрасліся. Камусьці першаму такая далонь нагадала сцягач, сагнуты трохзубы сахор, якім на полі сцягаюць з воза гной, і параўнанне стала мянушкай. Шура быў вельмі дужы, — учэпіцца за каршэнь тым сваім сцягачом, дык і не вырабішся. А глухаватасць дала яму ўсмешку, трохі разгубленую, а больш дабрадушную.
Бліжэй пасябравалі мы з ім праз рыбалку.
Многа шчасця было ўжо ў самой падрыхтоўцы да тае рыбалкі, у працэсе наладжвання вудаў. Галоўнымі былі тут зазубень-кручок і вудзільна. Адзін трэба было купіць, а другое загадзя падрыхтаваць. Найлепш — арэшыну, доўга-танклявую, роўную ды яшчэ і выпрастаную ў пазе сцяны знадворку, прыцягнуўшы той светла-карычневы, драпясценькі, сям-там гузаваты прут прабоямі, якіх таксама трэба самому насекчы ды назагінаць з калючага дроту. Шура, нягледзячы на свой «сцягач», рабіў усё гэта вельмі спраўна, я яму трохі памагаў, а больш дык прыглядаўся, змалку не надта спрытны сам, але ахвочы любавацца майстравітасцю іншых. Потым мы браліся за шнуры. На іх ішло валасенне з конскага хваста, абавязкова белае. Белых коней было ў Аўсяніках мала, дый не да кожнага даступішся, а то яшчэ і па вушах заробіш ад гаспадара. За ўсіх адказваў стары сівак адзінокай удавы Яроміхі, худы, папярэшчаны грэчкай Павел Бурэ, «поставщик, двора его величества». Так назваў яго Тонін дзед Прочым, у камізэлі ў якога, на ланцужку, бываў часамі, у свята якое, гадзіннік з дробненькім надпісам на покрыўцы, з сярэдзіны. Павел Бурэ таксама ведаў нашага брата. Спачатку ён адступаўся, касавурыўся, цяжка, няўдала іўкаў, каб катораму прыпаяць, аднак, акружаны, здаваўся. Так бывала з ім часта, так зрабілі і мы з Шурам. Ён трымаў яго «сцягачом» за грыву, другою рукой за храпу, а я ўжо — таксама смеласці трэба і асцярогі! — натузваў пасмачкамі валасні. З гусінымі паплаўкамі і волавам на грузіла клопату было менш. А найменш з чарвякамі ці з хлебным мякішам, на што мы вудзілі.
Читать дальше