«Ах, з якой асалодай я распяў бы цябе, сучка, на крыжы. Але сёння мне не да цябе. Табой я займуся пасля. Падумай над сваім лёсам», — і двойчы моцна ўдарыў па твары.
На шчасце маё ці на няшчасце, гэты больш мной не займаўся. Дапытваў другі афіцэр. Я ўсё адмаўляла. Білі. Не, не моцна. Адзін раз толькі драўлянымі абцугамі ціснулі пальцы. Гэта балюча. Пальцы і цяпер баляць.
Зося падняла левую руку, паварушыла пальцамі.
— Што ж вы не сказалі мне? — дакорліва паківаў галавой Яраш.
— Яны баляць, калі ўспомню. А так нічога. У лагерах таксама білі. Бізунамі. Гумавымі палкамі. Мяне нядоўга трымалі ў турме. Тыдні два. А потым лагер пад Баранавічамі. Потым Майданак… Пасля… Я ўжо нават не помню іх, усіх лагераў, у якіх была. Мяне чамусьці часта пераводзілі. Апошні — жаночы лагер пад Гісенам. Нас вызвалілі амерыканцы…
Вельмі можа быць, што яна ўсё-такі стамілася, а таму спяшалася як можна хутчэй скончыць свой расказ. Маша гэта адчула першая і шумна пляснула ў далоні, як бы ставячы кропку:
— Таварышы, астывае кава.
Завод абавязаўся выканаць дзесяцімесячны план да адкрыцця з'езда. Цэхі, змены, брыгады неслі перадз'ездаўскую вахту. Знешне як бы нічога не змянілася. Хіба толькі абнавіліся лозунгі і заклікі. І больш іх стала ўсюды — на прахадной, у заводскім двары, у цэхах, у сталоўцы, у канторы. Але нават Славік з яго двухмесячным стажам адчуў новы рытм у рабоце. Менавіта рытм, бо раней нямала было і аўралаў. Добрыя і шчырыя працаўнікі мусілі часам прастойваць праз тое, што недзе нехта нешта недарабляў — ці забеспячэнцы, ці транспартнікі, канструктары, ці ліцейшчыкі, механікі, ці планавікі. Зборшчыкам, якія, па сутнасці, завяршалі працэс вырабу станка, гэтае «нешта недзе» больш, чым каму, давалася ў знакі. Славік неаднойчы ўжо чуў, як хлопцы з яго брыгады скланялі механікаў. А тыя ў сваю чаргу валілі віну на каго-небудзь другога. Але вось ужо колькі дзён усё ідзе як па масле. Без запіначкі. Хлопцы працавалі з вясёлым уздымам. Гэты ўздым захапіў і Славіка. Яго менш вучылі, больш даручалі работу, якую ён мог ужо выконваць самастойна. Гэта яму падабалася, і ён рабіў даволі старанна. Работа зборшчыка такіх унікальных, несерыйных станкоў тым і цікавая, што яна рэдка паўтараецца, што кожны дзень і кожную гадзіну прыходзіцца рабіць нешта новае.
Славік заўсёды ставіўся скептычна да розных лозунгаў і заклікаў. А цяпер хадзіў і ўважліва перачытваў цытаты з праекта Праграмы, як бы хочучы знайсці тыя словы, якія прымусілі ўсіх, ад вахцёра да Галыгі, вось так працаваць — па-новаму. Нават у сталоўцы сталі лепш карміць. Славік неяк сказаў у часе абеду сваім хлопцам:
— Архімеды, растлумачце мне, чаму ў вас не могуць увесь час вось так працаваць — роўна, рытмічна, каб не псаваць людзям нерваў.
— Пачынае думаць хлопчык, — кінуў Косця, калі Славік, выслухаўшы супярэчлівыя адказы, пайшоў у буфет купляць папяросы.
— Толькі ўсё ў яго вось так, — Ходас дастаў правай рукой, цераз галаву, сваё левае вуха.
Генрых далікатна, двума пальцамі, паправіў пазалочаныя акуляры. Хмыкнуў:
— Але ж і артадокс ты, Іван. Быць табе прафсаюзным лідэрам, бо ад усяго складанага ты ўмееш адмахнуцца.
А Славік задаў пытанне, на якое не так проста адказаць.
— Адзін дурань можа спытаць такое, што не адкажуць сто разумных.
— Але няхай яны паварушаць мазгамі, разумныя, — нечакана і чамусьці злосна сказаў Тарас. — А то ў нас, сапраўды, некаторыя толькі перад святамі запускаюць вось гэтую «кібернетычную машыну», — ён пастукаў пальцам па лбе, — на поўны ход.
Ходас не адразу зразумеў, каго падтрымлівае брыгадзір. А Генрых пускаў з акуляраў вясёлых зайчыкаў на твары сяброў.
— Прычын арытмічнай работы завода — адна тысяча дзвесце сорак чатыры і шэсць дзесятых. Каб мы з табой, Іван, іх выявілі, раскрылі і апісалі, нам можна было б прысвойваць дактароў навук.
— У тым і бяда, што мы іх не выяўляем, — сказаў Тарас ужо лагодна, без злосці.
— А давайце зробім пачатак! — Косця любіў выказваць самыя нечаканыя прапановы і сам жартаваў з гэтага: «З сотні хоць адна ды будзе разумная». — А каб не выяўляць усіх тысячы двухсот Генрыхавых прычын, выявім адну: чаму цяпер усё пайшло нармальна?
— Вахта, — коратка і вычарпальна растлумачыў Васіль Лапацін, вымакваючы хлебам рэшткі соўсу на талерцы.
— А Косця мае зерне…
— Адно? Я маю мяшок.
— Не блазнуй.
— Ён у Славіка вучыцца.
— Я ў тым сэнсе, — Тарас звяртаўся да Генрыха, ён быў іх «галоўны тэарэтык», — што прычыны арытмічнай работы, можа, яны і выяўляюцца… А калі работа наладзіцца так, як у нас цяпер, усялякі аналіз канчаецца. Пачынаем славасловіць, раздаваць прэміі…
Читать дальше