Скажыце, навошта ім спатрэбілася гэтая камедыя з пахаваннем?
Зося змоўкла і чакала адказу ад Шыковіча: на яго глядзела. Адказаў Яраш:
— Правакацыі былі розныя. У залежнасці ад фантазіі таго, хто іх арганізоўваў. Бругер быў з фантазіяй, я ведаю.
— У маі сорак трэцяга Бругера ўжо не было, — удакладніў Шыковіч. — Начальнікам гестапа быў Гільберт, штурмбанфюрэр.
— Вы таксама былі ў падполлі? — здзівілася Зося.
— Не. Я пішу кнігу, а таму мне трэба дакладна ўсё ведаць.
Маша, выкарыстаўшы паўзу, прапанавала:
— Я вам падам каву.
— Але, але, — падтрымала Зося.
— Стамілася? — ласкава спытаў Яраш. — Дай руку.
Можа, ад таго, што ён нечакана сказаў ёй «ты», яна зардзелася, засаромелася.
— Не, не.
Антон Кузьміч падняўся з крэсла, палічыў пульс. Шыковіч убачыў, што доктар застаўся давольны яе пульсам. А Зося, як бы імкнучыся даказаць, што ёй гэта няцяжка, пачала расказваць далей, не зважаючы на тое, што Маша хадзіла, звінела шклянкамі.
— Я думала, што мне будзе ўсё адно — як пахаваюць. Хто пахавае, што будуць гаварыць… Я ведала, што гэтым не скончыцца. І рыхтавалася, збірала сваю мужнасць. Але калі бацьку неслі на могілкі, я ўбачыла, як глядзяць людзі… рабочыя. «Туды яму і дарога!» — вось як яны глядзелі. Мне зрабілася балюча. Страшэнна балюча. І крыўдна. І страх апанаваў. Сэрцам я прадчула тое, што пасля здарылася. На могілках я страціла прытомнасць.
Дні тры ляжала ў Цішчанкаў, знясіленая, прастуджаная, разбітая. З кватэры не выходзілі тыя двое — «апекуны» мае. Яны, Цішчанка, уся зграя дамагаліся, каб я падпісала пісьмо ў рэдакцыю, у якім гнеўна кляйміла, як бандытаў, партызан, што забілі майго бацьку, невіноўнага чалавека, лекара, які займаўся толькі тым, што пазбаўляў людзей ад цяжкіх хвароб. «Чаму вы не хочаце падпісаць, панна Зося?» — здзіўляліся яны.
«Яны заб'юць мяне».
«Мы вас схаваем у такім месцы, куды не дабярэцца ніводзін бандыт. Не бойцеся».
А Цішчанчыха шаптала: «Не падпісвай. Заб'юць», — і ўсё ўгаворвала ўцячы разам з ёй у манастыр. Дурная, яна не бачыла, як мяне ахоўвалі.
Яны перавялі мяне ў іх, нямецкі, гатэль. Памясцілі з нейкай немкай. Па-расейску яна гаварыла дрэнна, але «апрацоўвала» мяне моцна. Нават пільнавала ўначы — што я кажу ў сне? Пасля нават адпусцілі дадому. Яны былі яшчэ ветлівыя: «Не будзеце баяцца адна?»
«Не буду».
Спадзяваліся, што да мяне нехта прыйдзе. Можа, паспрабуе вывезці ў лес. У іх нямала было клопату — сцерагчы мяне. Але ніхто не прыходзіў, і хутка ім абрыдла гэта. Тыя ж два «апекуны» адвезлі мяне ў гестапа. Спачатку допыт, колькі дзён пра адно і тое ж: хто прыходзіў да бацькі, з кім ён сустракаўся, як ён жыў і гэтак далей. На другі дзень тое ж самае ў іншым парадку — каб заблытаць. Потым вочныя стаўкі. Каго я пазнаю з гэтых людзей. Прыводзілі чалавек пятнаццаць. Я пазнала толькі адну жанчыну, сястру з дзіцячай бальніцы. Але яна глянула на мяне вельмі варожа, і я не прызналася, што ведаю яе. Калі прывялі Васю, я не магла адмаўляць наша знаёмства. Сказала, што гэта шафёр бальнічнай машыны. Вася, збіты, сіні ўвесь, прыветліва кіўнуў галавой: ён ухваліў маё прызнанне.
«Ён часта прыязджаў да вас?» — спытаў следчы.
«Не вельмі часта», — адказала я.
«Чаму ў той дзень, перад забойствам, ён прыязджаў тройчы?»
«Прывозіў бацьку. Потым бульбу. Мяшок».
«А яшчэ каго?»
«Тры мяшкі партызан», — засмяяўся Вася.
Гестапавец ударыў яго па твары. Я заплакала. Вася крыкнуў:
«Нічога, Зоська! Не гаруй. Мы яшчэ патанцуем на тваім вяселлі!»
Я пачала пратэставаць. Чаму мяне трымаюць у гестапа? Завошта? Гэта бесчалавечна! Такое гора, а мяне дапытваюць, як злачынцу. Я буду скардзіцца!
Тады з'явіўся той афіцэр, што глядзеў так на пахаванні.
«Яна не ведае, чаму яе трымаюць тут? Няшчасная дзяўчынка!» — здзекліва кінуў ён па-нямецку. Потым сеў за стол, палажыў перад сабой пісталет. Злосна сказаў цераз перакладчыка: «Даволі гэтай дурацкай камедыі. Ты добра ведаеш, чаму цябе трымаюць. Твой бацька быў звязаны з партызанамі. Ты памагала яму. У вас хаваўся камісар. Мы злавілі яго. Ён ва ўсім прызнаўся».
«Хто ж забіў майго бацьку?»
Ён падскочыў:
«Шкадую, што гэта зрабіў не я!»
«А хто?»
«Яна што, вырашыла дапытваць мяне?» — спытаў афіцэр у перакладчыка. Я сказала па-нямецку:
«Я хачу знаць, хто забойца майго бацькі. А камісара вы выдумалі. Калі Грот, хірург шпіталя, і ёсць той камісар, тады так, ён хаваўся ў нас».
Ён наблізіўся да мяне, доўга і пранікліва глядзеў у твар, у вочы. Потым расцёр у мяне на шчацэ запаленую цыгарэту. Працадзіў праз зубы:
Читать дальше