Ніна спыніла кран, высунулася з будкі, махала кулаком. Славік пасылаў ёй паветраныя пацалункі. За такую хлапчуковую выхадку трэба добра прабраць. А ён, брыгадзір, не можа. Не можа сварыцца, каб не ўскладняць адносіны. Тарас упершыню падумаў, што, відаць, Ходас мае рацыю: такога не перавыхаваеш. Можа, усё было б добра, каб не яна, Маша. Стала яна паміж імі.
Нінка спусцілася са сваёй будкі, закрычала на ўвесь цэх:
— Калі вы камуністычная брыгада, дык і паводзьце сябе па-камуністычнаму. Я праз дурняў у турму не хачу садзіцца.
На гэты раз Косця і Генрых, якія добраахвотна шэфствавалі над Славікам, добра-такі намылілі карак яму.
А на другі дзень Славік запрасіў Нінку ў кіно. Яна доўга вагалася. Але яе ніхто яшчэ з хлопцаў ніколі не запрашаў. І яна не ўтрымалася ад такой спакусы. Хіба мала пішацца ў кніжках, паказваецца ў кіно, што любоў пачынаецца са сваркі?
Канец верасня выдаўся надзіва цёплы. Здавалася, вярнулася лета, сапраўднае, не бабіна. Зацвіталі вішні. У лесе быў небывалы ўраджай грыбоў. Гараджане хлынулі ў лясы. Перапаўняліся аўтобусы, рабочыя цягнікі. Пачалася проста-такі грыбная ліхаманка — хто збярэ больш і лепшыя. Але калі многія выязджалі толькі таму, што было чым пажывіцца, то такому старому палымянаму грыбніку, як Яраш, гэта прыносіла сапраўдную асалоду, шчасце, лепшы адпачынак. Выкарыстоўваючы Шыковічаву машыну, ён выязджаў у лес двойчы на дзень: на досвітку, да работы, і адвячоркам, пасля работы. Звычайна стрыманы ва ўсім, што датычылася яго асабіста, тут ён з хлапчуковай радасцю хваліўся ў бальніцы персаналу і нават хворым сваімі грыбнымі зборамі. У яго пыталіся ў калідоры, як толькі ён з'яўляўся акуратна без дзесяці дзевяць, свежы, памаладзелы, прапахлы хвояй і грыбамі:
— Колькі сёння, Антон Кузьміч?
— Сто дваццаць тры! Ды каб вы пабачылі якія! — І пачынаў распісваць, як сядзела сям'я грыбоў — дваццаць сем штук! — вакол аднаго маладога дубка. Небывалая з'ява! Варта напісаць у «Огонек». І тут жа лаяў браканьераў, якія вырываюць грыб з коранем. Напісаў нават у газету: «Як трэба збіраць грыбы». Лаяў газету, якая выкінула з яго допісу расказ аб нараджэнні і жыцці грыба і пакінула адны голыя парады. Траха не біўся з Шыковічам, які сядзеў на дачы і цэлымі днямі пісаў. Навокал дома, пад самым ганкам, растуць грыбы, а не выцягнеш яго — не выйдзе. Пакуль выканае норму, якую сам сабе ўстанавіў, зварыць абед, глядзі — і вечар.
— Галава дубовая! Куды ты спяшаешся? Хто цябе гоніць у шыю? Хопіць у цябе часу. А грыбы — адзін тыдзень, і не будзе іх. Які ты да д'ябла пісьменнік, калі не адчуваеш такога хараства?
— О, ты не ведаеш, які я грыбнік! Але мне здорава працуецца ў гэтыя дні. Пахаладае — зноў будзе крызіс, ведаю. Прыходзіцца выбіраць. — І, пахадзіўшы з сябрам гадзінку, Кірыла кідаўся да рабочага стала.
Аднойчы, калі Яраш у перадаперацыйнай расказваў пра сваю чарговую грыбную ўдачу, Маша нясмела папрасіла:
— Антон Кузьміч, вазьміце нас з Зосяй як-небудзь.
Узяць Зосю?
Цудоўная думка! Ён жа думаў пра гэта сам, раней: трэба паназіраць, як паводзіць сябе адрамантаванае сэрца ў розных умовах. Да таго ж Зося, напэўна, даўно не бачыла лесу. Чаму не даць ёй гэтую маленькую радасць? У жыцці ў яе так мала было радасці.
Але тут жа мільганула думка пра жонку: даведаецца — зноў будуць непрыемнасці. Узяць і яе з сабой? З-за гордасці не паедзе, а ўсё адно будзе хвалявацца, перажываць, падазраваць. Не, лепш няхай не ведае. Яму стала сорамна ад сваіх ваганняў, і ён сказаў Машы:
— Ну, што ж. Давайце паедзем. Сёння ж.
Зося села побач з Антонам Кузьмічом на пярэднім сядзенні. У новай сукенцы, якую ёй пашыла Маша, у шарсцяным світэры гарчычнага колеру, са сваёй адмысловай двух'яруснай прычоскай (таксама Машына фантазія), яна мела даволі прывабны выгляд. А Маша зусім выглядала элегантна: вузкія штаны, клятчастая куртка.
Едучы па горадзе, Яраш падумаў з невясёлай іроніяй:
«Не дай божа ўбачыць Галіна — загінуў ты, Антон».
Зося сустрэла прапанову аб паездцы з ціхім, але прыкметна радасным энтузіязмам. А пры выездзе з горада яе пачало ліхаманіць ад хвалявання. Не, гэта быў не страх! Нешта іншае. Імчала машына. Свістаў вецер. І ёй здавалася, што яна вось-вось узнімецца і паляціць… Паляціць у дзівосны край, дзе здарыцца нешта незвычайнае, што яшчэ раз зменіць яе жыццё. Але ёй было хораша, лёгка, і яна не хацела больш ніякіх змен.
Ад гэтага ці яшчэ ад чагосьці яе апанавала хваляванне. Дробна задрыжалі плечы. Яна сцялася, уціснулася ў сядзенне.
Читать дальше