Потым моляцца нанач богу і кладуцца спаць.
Тата з размахам ксціцца, і кланяецца, і шэпча то дужэй, то цішэй. Мама горача дробненька мармыча, але ўсё бегаючы, бо і памаліцца не мае часу. Яна прыпыняецца толькі, каб пераксціцца, а то — сцірае з лаўкі, прыстаўляе к ёй зэдлік, як мурашка, валачэ сяннік рабіць мне пасцелю. Нявестка, супакоеная той парою, ксціць на палу дзяцей, згарнуўшы дробную ручку ў сваю руку.
— Забарані, божухна, тату на вайне…
— Забалані, бозухна, татку на вайне, — паўторвае хлопчык і пытаецца: — А ці далёка, мамацка, вайна?
— Маліся, а не пытайся… Усё табе ведаць, малому… Прасі во бога, каб нашы кароўкі малочныя былі.
А мая, мая пытаецца ў мяне здалёк і далікатна:
— Мусіць, ты і ўчора не маліўшыся лёг? Надта ж неспакойна спаў, мармытаў, зюкаў, стагнаў…
Мне ж не хочацца нават гаварыць. Яны мяне з такою радасцю чакалі, а не прынёс я ім весялосці ў хату. Так, мала смеху ў нашай хаце. I я ў тым нямала вінават… Няхай сабе!
Моўчкі спамінаю свой учорашні сон. Мне так ясна, так выразна снілася ўчора, што я на пазіцыі, што немцы наступаюць… Шрапнелі рвуцца над нашаю хатаю, тут, у нашай вёсцы, і я прытуліўся да надворнае сценкі, ля якое сплю, і чую, як шрапнель над комінам: тра-ах! Кулі па страсе, па вуліцы: пук! пук! пук! I ля саменькае спіны, і во ў спіну, аж горача, горача… Хачу ўцякаць, — нага мёртвая, не скрануць, ніяк не магу ісці… I думаю: як мне жыць такому, з такою нагою?
Нехта барабаніць у акно:
— Адчыніце!
— А во… — узнімае галаву тата. — Хто там? — падыходзіць ён да акна.
— Я… ці ж не пазналі?
— Ці не Сцяпанька? — спрасонку крычыць мама.
— Ну, што ты йта?! — родненька-родненька і ласкава адгукаецца нявестка.
I ўва ўсіх няпэўна-радасная, сумна-трывожная надзея, нават у мяне: «Ці не Сцяпанька (старэйшы брат) нейкім дзівам трапіў з вайны ўдвору?» Аж халадзее пад сэрцам.
Ды не: голас сватаў, нявесткінага дзядзькі.
Тата адчыняе і варочаецца з ім разам. Мама паліць святло.
— У воласці быў. Мімаездам завярнуў. Нейкая паперына табе, сваток… — падае мне з за пазухі пакет.
Я ўжо мімаволі баюся ўсякіх паперын. Неспакойна рву пакет, лаўлю вачмі літары…
— Ну? Што там? Што ж нічога не кажаш?
— Гэта… ад воінскага начальніка, — адказваю няроўным голасам. — Дзеля нечага гукаюць на тую сераду. Можа, па білет…
Усяе праўды не кажу ім адразу. Там напісана, што выйшаў новы закон і ўсе белабілетнікі павінны з'явіцца на доктарскі перагляд.
«Возьмуць ізноў», — пячэ мне пад сэрцам.
— А лістоў, дзядзька, няма? — нібы зусім роўным і спакойным голасам пытаецца нявестка. I раптам хліпае, не стрымаўшыся.
— Не… Пытаўся… Няма… — вінавата адказвае сваёй асірацелай пляменніцы сват і хлопае вачыма. — Не дзіва: цяпер жа так прападаюць лісты ў дарозе, стараецца дадаць ён весялей і рупіцца хутчэй дамоў.
— Нешта не піша наш Стахван, — уздыхае тата.
А мама не кажа ні слова. Маўчыць мама…
* * *
I сват пайшоў, і лямпу даўно ізноў патушылі, і ўсе заснулі, спяць, а я не магу заснуць. Колькі разоў брахалі сабакі за садам ля гумна і па дварах, пяялі пеўні, цурбоніла пад пол з-пад малога Васілька, пляменніка майго. Думаў я, што будуць яго, беднага, заўтра біць за тую бяду. I думаў аб сваім жыцці. Уздумаў, як сам быў малы, і часта здавалася тады, што дужа мне цяжка на гэтым свеце, а не ведаў, а не ведаў, што тое гора дзяцінае будзе шчасцем здавацца цяпер.
«Заб'юць цяпер… I к ліху новае жыццё… Ну і чорт яго бяры, такое жыццё, — не шкода…»
Але нейкі ком падкаціўся, і заныла ўсё.
I так пераходамі думалася то лепшае, то горшае. А ўсё наогул — нядобра, прыкра, цяжка…
Дарагі наш таварыш Лявон Задума!
Пішам мы табе, твае баявыя батарэйныя таварышы, з пазіцыі, з Усходняй Прусіі, што мы, дзякуй богу, жывы і здаровы, чаго і табе жадаем, добрага здароўя і ўсякага поспеху ў справах тваіх.
I паведамляем мы табе, дарагі таварыш, што махорачку і паперу атрымалі, і не так дораг гасцінец, як дорага памяць, што не забыўся там на нас, як мы пакутуем за матушку Расею і за ўсё на свеце. Шчыра дзякуем Андрэю Мікалаічу Сухому і ўсім тым грамадзянам, яго і тваім знаёмым, што склаліся нам на махорачку, каб весялей нам тут было. Пасылаем ім усім наш нізкі паклон, ад ясных вачэй да сырой зямлі.
Таксама і табе, наш баявы таварыш Лявон Задума, пасылаем свой нізкі паклон і прывет, і радуемся, што застаўся ты пры назе, а не адрэзалі, і што на пабыўку дамоў пусцілі. Гуляй, весяліся там, пакуль можна пагуляць, а калі забяруць ізноў і пашлюць на фронт, ад чаго няхай цябе бог бароніць, дык старайся ўсё ж ткі, каб ізноў трапіць у сваю родную батарэю, бо могуць паслаць у другую часць.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу