— Лоўка! Вось гэта лоўка! — пачціва і радасна хваляць яго з грамады, а ўся салдацкая грамада ў такі момант вельмі рагоча.
— Але чаго ж вы к пану прычапіліся? — чуецца тым часам у канцы ціхі голас.
Панам маскаль кліча паляка і беларуса, а тут, у пераказе, ім быў нейкі крамнік у глухім польскім мясцечку.
— Прычапіліся чаго? — паўтарае пытанне з іроніяй у голасе апавядальнік.
— Ах ты, шляпа! — ласкава, для красамоўства лаіць, павярнуўшыся, таго, хто ў яго аб гэтым запытаўся.
— Вядома, шляпа! — ізноў вялікім рогатам стараецца пасведчыць грамада хворых і раненых салдатаў, што ўсе яны, апроч таго аднаго, не «шляпы». I троху сцішыўшыся, не падбіраючы рассыпаных шашак, ізноў з пільнасцю глядзяць усе на рот і на бліскучыя, два белых, адзін жоўценькі, крыжы.
— Мы і не думалі чапіцца: пан прычапіўся сам да нас! — павялічыўшы іронію, з большай прыемнасцю пераказвае ранейшае герой. — Нас, знацца, сабралося траёх: два казакі і я. Зайшлі ў краму к пану, набралі ўсяго чыста, чаго толькі хацелі: папярос, асушкаў, шакаладу. «Ты не плаці, бо ён за ўсіх заплаціць», — гаворыць мне адзін казак на другога таварыша. А той спачатку ля дзвярэй стаяў, на вуліцу глядзеў. «Добра!» — думаю сабе ды ўсё піхаю ў клумак, абы ўлезла. Падышоў, кінуў той казак на прылавак колькі там капеек… Вось тады наш пан завыў!
— Казак! На вайне быў? Кураціну еў? — з вудаллю пытаецца ён ізноў у панурага казака, калі падбіраецца да фіналу гісторыі.
А той маўчыць, толькі для ветласці ківае прыхільна галавою.
— Пан наш вые, халяруе! А вось адзін казак як схопіць з похвы шаблю, як замахнецца, — прыпёр пана да сценкі. «Молчать!» — грит… Заняло ў пана духі. Тады яны ўсё ў мех, у мех, у мех. Адзін сабе на плечы, — айда ў сотню. А гэты, што застаўся, як схопіць лом у рукі, як бухне, братка мой, па грашавой касе, аж пыл, аж дым, куды там! Разбілася каса. «Не зявай……..!» — крычыць мне мой казак. Палічылі: у мяне 870, у яго таксама рублёў 900. Чуем, нехта ідзе. Кінулі, бяжым на вуліцу. Га! — бягуць нам на падмогу… Чорт вас дзяры, лупіце, а з нас даволі! Ціхім трактам — далей, далей… Дагнаў я сваю часць. А цераз колькі дзён, слава ці, госпадзі, мяне і раніла ў нагу, першы раз. Лячыўся ў Багародску, выпісаў у шпіталь жану. Пераначавала, грошы аддаў: едзь сабе, галубка, з богам!..
— Лоўка, вось гэта лоўка!
— Як каму ручыць…
Усе рагочуць.
* * *
А таму хвораму на грудзі, што прывезлі з аўстрыйскага фронту, болей выпадае ляжаць у больніцы для псіхічна-хворых, чым тут, у нас. Ляжыць ён на Саксанавым месцы.
Наша палата празвала яго Рускім, бо ён, калі яго забірае хвароба, крычыць шмат разоў бесперастанку:
— Я рускі! Я рускі! Рускі, рускі!..
На выгляд гэта ёсць даволі здаровы мужчына. Ён сярэдняга росту, добрага складу, шыракаплечы, і грудзі ў яго звычайныя. На твары ніякай хваравітасці не відаць, — пэўна ж, калі ўважаць на тое, што чалавек прыехаў не з гасцей, а з акопаў. I толькі ў вачах гаротніка ё штосьці такое, што выдае і цяжкую хваробу, і муку, і безнадзейнасць. Вочы ў яго праваліліся, зрабіліся маленькімі. Галоўнае ж, яны страшэнна змарнаваныя, нейкія змятыя, сцёртыя. Трэба прыгледзіцца да іх, і тады відаць у іх боль.
Дзіўная гісторыя выйшла з гэтым нешчаслівым чалавекам.
З пэўнасцю можна сказаць, што да вайны ці, лепей кажучы, да мабілізацыі — Рускі быў звычайным земляробам Магілёўскае губерні: быў здаровы, але крышку павольны; здольны ад прыроды, але цёмны, грубы. Апрануты па-салдацку, ён нічым не змяніўся, толькі прытарнаваўся да свайго новага жыцця.
I на пазіцыі, у часе доўгага і спакойнага стаяння ў зацішку малаважнага фронту, болей за другіх сваіх таварышаў любіў Рускі туляцца па пустых, кінутых сялянскіх дварах і поркацца там, шукаючы пажытку.
Увечары, першым змрокам, ішоў ён цягацца па зрытых акопамі палях, знаходзіў пустое бульбянішча — капаўся там сваёю маленькаю пехацінскаю лапатачкаю дзеля якога дзесятку непадабраных гаспадаром і свіннямі бульбін. Хаця яму за гэта дакаралі, не кідаў свайго блукання ў цёмным полі, і тая памаўзлівасць згубіла яго.
Аднойчы Рускі, няўпрыцям для самога сябе, забрыў лішне далёка ў бок аўстрыяцкіх пазіцый, за сваю перадавую старожу, і так забавіўся, шукаючы пажытку, што было ўжо зусім цёмна.
Троху спалоханы, асцярожна плёўся ён назад, заткнуўшы лапатачку за пояс і маючы ў адной руцэ кацялок з накапанаю бульбаю, а ў другой — стрэльбу на ўсякую неспадзяванку.
Толькі ўзняўся ён на нейкі невялічкі ўзгорачак, як знянацку ашаламеў: перад ім стаяў аўстрыяк… Абодва разам прыселі да зямлі: Рускі прысеў ад страху, а той, мусіць, таксама. Дзеелася адзін момант, а здалося дужа доўга.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу