Напужаў мяне цягнік. Пад'ехалі з бацькам да чыгункі — перад самым носам перагарадзіла нам дарогу паласатая жардзіна — шлагбаум па-навуковаму.
«Пачакайце, — сказала тоўстая кабеціна з жоўтым мурзатым сцяжком у руцэ. — Няхай цягнік пройдзе».
Я чуў, што ёсць на свеце паравоз, вагоны, але цяпер захваляваўся: што гэта за дзіва такое? Злез з калёс, падышоў, стаў каля паласатай жардзіны. Нічога не відно, чуваць толькі далёкі свіст, гул ды пачынае стагнаць пад нагамі зямля. Але праз хвіліну-другую шпарыць змей. Дым — снопам, сам — чорны, страшны, колаў ды колаў пад ім! Конь наш — на дыбы, ледзь калёсы не перакуліў. Ды што жывёла дурная! У мяне, чалавека новай эпохі, камсамольца, сэрца гойснула ў пяткі. Хітнуўся за бацьку, стаў, закалаціўся, ляскат, грук, вялізныя скрынкі (вагоны) з лесам, з пяском, з каменнем адна за адной ляцяць, вецер свішча, вось-вось з ног саб'е, а то гэтае жалезнае страшыдла абернецца, на блін сплюшчыць.
Карацей, шмат чаго новага пазнаў у горадзе, пры-ехаўшы туды вучыцца на шафёра. Там першы раз машыну, электрычнасць, аэраплан, кіно ўбачыў, па тэлефоне пазваніў (дужа ж у вуху казытала і незвычайным здаваўся чужы голас), марожанае з'еў, піва выпіў. Там мяне і абразілі балюча — як «дзеравеншчыну». Пазней бачыў вялікія гарады, вось тут, у тутэйшым гарадку, жыў і меў добрую пасаду, але да горада і да гарадскіх не прывык. Ці, лепш сказаць, ласкі не маю. Нават недалюбліваю іх. За іхнюю фанабэрыю, насмешку з вясковых людзей, хоць у горадзе, можа, болей, чым у вёсцы, усякага глупства, шантрапы: тут, у горадзе, звыш меры спецаў чужы чамаданчык сцібрыць, руку ў тваю кішэню засунуць, а то і без дай прычыны табе па карку засма-ліць, а таксама звыш меры ўсякіх лайдакоў, цёмных і падазроных людзей, правакатараў і змоўшчыкаў.
Калі з бацькам пабылі ў школе, дзе мяне запісалі на шафёрскія курсы (пазней я ў анкеце, дзе была графа «адукацыя», пазначаў «ІПК» — шафёрскія курсы, каб было і значна, і выпуклівала пралетарскасць майго наву-чання), заехалі на дзёгцеўскі рынак. Бацька хацеў цві-коў, мыла, шкла да лямпы, селядцоў купіць. Купілі. Захацелася мне ў туалет. Запытаў, дзе ён. Паказалі. Пады-шоў да аблезлай і засмечанай будыніны. Перад уваходам стаяць тры маладыя здаравілы. Кураць, гамоняць, слінай цыркаюць. Адзін з іх, нізкі і рабаціністы, перагароджвае мне нагой шлях:
«Куды? У брудных чаравіках?»
«Сюды».
«Ну, дзярэўня! — засмяяўся той. — Прывыклі, дзе хочаш і ў чым хочаш, хадзіць. Тут — горад, чысціня, парадак. Тут, дзярэўня, нават у туалет трэба не ў брудным абутку, а вось у чыстых тапках ісці, — паказаў вачыма на дол, дзе стаялі абрэзаныя, без халявак, дзіравыя паўботы. — Выйдзеш — зноў абувай сваё і чашы на здароўе».
Паверыў я, скінуў новыя чаравікі, усунуў ногі ў тыя нікчэмныя «тапачкі» і пашлэпаў. Вярнуўся — ні тых дзецюкоў, ні маіх чаравікаў. Бацька, прылюдна надаваўшы па карку, мусіў свае лапці аддаць, паехаў дадому босы.
Потым, калі ўжо вучыўся на шафёра, абабіўся трохі, знайшоў тых ашуканцаў. Чаравікаў яны, канечне, не аддалі, паскалілі толькі зубы: так табе, лапуху, і трэба. Затаіў на іх злосць: ну, прахвосты, пачакайце, быць не мо-жа, каб я вас не нагрэў! У нас, у Ветраве, такі закон: у цябе раз укралі — ты тры разы таго абяры, табе раз па мызе смальнулі — ты таму ранапозна растаўчы нюхаўку! Доўга выношваў-выкалыхваў я сваю помсту і наду-маўся, як яе спраўдзіць. Пазычыў аднойчы ў нашага гас-падарніка спісаны халат, у кожнага калегікурсанта па некалькі рублёў і, сабраўшы ладную суму, падаўся на рынак. Убачыў тых траіх. Пачаў назіраць за імі: стаяць каля туалета, разуваюць вясковых даверлівых цельпукоў, збываюць з-пад крыса ўкрадзеныя шапкі ды хусткі. Падышоў.
«Купі капялюш, — зарагаталі. — У лапцях і ў капелюшы будзеш фраер!»
«Магу купіць. I капялюш, і паліто», — адказаў я, дастаў з кішэні і паказаў кіпу грошай.
У іх — вочы па яблыку, агонь у зрэнках. Пакуль яны глыталі слінкі, я спакойна падзяліў грошы на дзве куп-кі, адзін стосік засунуў у адну кішэню парванага халата, другі — у іншую.
«Колькі хочаце за капялюш і паліто?» — запытаў у іх.
Адказалі. Яшчэ боты падсоўваюць купіць. Бачаць жа: у мяне грошай на ўсё хопіць.
«Трэба зайсці ў туалет і прымераць», — сказаў ім.
Згадзіліся. Пайшлі. Я скінуў з сябе халат, згарнуў яго і падаў нізкаму і рабаціністаму:
«На, патрымай».
Той ахвотна ўхапіў, а я ад іх узяў боты, паліто і ка-пялюш ды накіраваўся ў туалет — нібы прымераць без лішніх вачэй. Аднак я і не думаў нават распранацца ды ўбірацца ў чужое, акуратна згарнуў усё, узяў пад паху і пастаяў з хвіліну-другую. Вызірнуў пасля на плошчу. Як і чакаў — нідзе з траіх гэтых нікога. Паперлі прадаўцы на ўвесь дух адгэтуль, лічачы, што нясуцца не толькі з маім халатам, але і з грашыма. Зноў, бачыце, акалпачылі дурня, удвая ці ўтрая садралі з мяне! Не здагадаліся, што я «абман зроку» ўчыніў (наўмысна грошы на дзве кіпкі раздзяліў), як і не дапетрылі, што я яшчэ загадзя кішэні ў халаце абрэзаў і, адпаведна, грошы праз дзіркі засунуў у кішэні сваіх штаноў. Халат — у іх, штаны ж — на мне! Але доўга там не стаяў, варон не лічыў, мірг-мірг туды-сюды ды ходу з рынку. Казалі, праз хвілін пяць імчаліся тыя трое з горада да туалета, лямантавалі, трэслі ў паветры кулакамі, паказваючы ўсім вывернутыя парэзаныя кішэні старога халата. Знайшлі міліцыянера, ад злосці ды ад разгубленасці доўга не маглі патлумачыць яму, што і да чаго. Але той і не слухаў, павёў іх, жучкоў, у міліцыю.
Читать дальше