Праз гадзіны дзве, калі сышліся на цане, узялі задаткам дзесяць залатых царскіх рублёў і трыста новых, выпілі па чарцы, пакупнік паехаў дадому.
— Бачыў, як настойваў, каб мы ўзялі задатак? — сумна запытала ў Сцяпана Марыся. — Мы: усё, дамовіліся, толькі вам прададзім, а ён — у адно: добра, дзякуй, але ўсё ж, панове, вазьмеце трохі загадзя… Спадабалася яму наша сядзіба. Яшчэ як да душы!
Сцяпан маўчаў; Марыся, падпёршы далоньмі шчаку, сядзела за сталом і гаротна пазірала на двор, далей, на янкавінскае поле і лес, дзе ўжо нямала пратаптала сваіх сцяжын і сцежачак, да чаго прывыкла, як да свайго. Вось па яе гладкай і свежай шчацэ пакаціласяпабегла празрыстая ручаінка.
Сцяпанава сэрца раптоўна нібы перавярнулася, каль-нула і заныла-запякло ад болю.
— А можа, нікуды мы не паедзем? — міжволі вырвалася ў яго само па сабе.
Марыся імгненна павярнулася, з надзеяй зірнула яму ў вочы, але тут жа і ачахла.
— Мы ж задатак узялі…
— Задатак можна і вярнуць.
— Брыдка будзе. Людзі абы-што пачнуць гаварыць. Як пра несур'ёзных і не сталых.
— Якое тут брыдка, калі мы хочам застацца на сваёй бацькаўшчыне?!
— Глядзі сам, Сцяпанка, — прамовіла яна. — Як рошыш, так і будзе. Ехаць — дык ехаць, застацца — дык застацца. Ты ж — гаспадар, як кажуць, галава.
— А ты — шыя, — усміхнуўся. — Куды шыя павернецца — туды і галава.
— Не, я не буду настойваць.
Ён закахана паклаў ёй на плячук далонь. Яна прытулілася шчакой да яго дужай, але лёгкай рукі, арасіла яе слязьмі:
— Харошы мой і любы…
Ён прыгарнуў яе, здаецца, зусім лёгкую і слабую. Яна падняла галаву, і іхнія вусны, здаецца, самі па сабе самкнуліся ў доўгім пацалунку. Калі перавялі дыханне, яна радасна прашаптала:
— Сцяпанка, у нас будзе дзіцятка.
— Дзяўчынка?
— Дзяўчынка.
— I такая паглядная, як ты?
— Не ведаю, любы, — адказала. — Няхай будзе падобная на цябе. Кажуць, калі дачка пойдзе па бацьку, дык будзе шчаслівая. Дык няхай будзе ёй шчасце.
— Няхай, — па-маладому ўсцешыўся ён. — Але я хачу, каб яна была падобная і на цябе.
— Няхай, — згадзілася і яна.
— Калі яна тут заявілася, дык няхай тут і народзіцца, — сказаў. — На сваёй зямлі, у сваёй хаце…
Увечар, калі вярнулася ад Францішка Грыгарцэвіча маці і парадавалася, што яны, на яе думку, добра прадалі сядзібу, Сцяпан пачаў нялёгкую размову.
— Мамуся, — улучыў хвіліну і загаварыў ён, калі кабеты памылі пасуду, прыбралі на кухні і прыселі на хвіліну не столькі адпачыць, але каб пабыць разам у добрай сямейнай згодзе. — А можа, усё ж застанемся тут?
Маці (а яна сядзела пры пліце і папраўляла лучыну) устрапянулася, прыклала руку да ўпалых грудзей і аж разгубілася. Затрывожана зірнула на яго, на нявестку — яны, седзячы побач на столаку, не вытрымалі яе жалас-на-напалоханага позірку і таго болю, што, мусіць, зата-піў яе душу.
— Што вы, дзеці?
I яшчэ праз хвіліну:
— Рашылі ж разам ехаць, задатак узялі ад чалавека! Сцяпан, ведаючы, што Марысі яго слова як мёд на душу, але яна будзе маўчаць, павёў сваё далей:
— Шкода, душа баліць, мамуся, пакідаць агораны дом, гаспадарку, вёску, сваіх людзей. Перажылі ліхалецце, на ногі станавіцца пачалі…
— А мне, дзеці, душа і сэрца не баляць? — скрушліва захітала галавой маці. — Я ж болей за вас тут пражыла. Усё знаёмае, роднае якраз тут, бацькі і прадзеды, нябожчык Уладак у гэтай зямлі ляжаць… Хіба я паехала б куды ў свет, каб не так усё склалася?
Ражком белай хусткі выцерла пад вачыма, неяк уміг сагнулася, быццам увайшла ў сябе:
— Хіба я сама тую нашу хату паліла, у Нямеччыну з дзецьмі ездзіла? Хіба я вінаватая, што бавэр Юзіка збіў па галаве, розум хлопцу парушыў? Ці хіба я падгаворвала, каб Анелька з Антонікам Сталіна баяліся і не хацелі вяртацца дадому?
Маці выказвала праўду і праўду цяжкую, што агром-ністым цяжарам навальвалася на Сцяпана. Ён, старэй-шы сын, можа, вінаваты перад маці, перад усёй сям'ёй: збег з абозу, калі ў блакаду гналі немцы аднавяскоўцаў і маці з малодшымі дзецьмі ў Стоўбцы да чыгункі, а цяпер, не хочучы ехаць у Польшчу, дзе новыя польскія ўлады далі ім дом, гаспадарку на былой нямецкай зямлі, можа, навек бурыць іхнюю дружную сям'ю. Каб тады паехаў у Германію, можа, выратаваў бы Юзіка ад бяды (той, васемнаццацігадовы, заляцаўся да гаспадаровай дачкі, яна адказвала ўзаемнасцю, дык яе бацька скалечыў яго за гэта), а заадно, канечне, угаварыў бы шаснац-цацігадовую Анельку і чатырнаццацігадовага Антоніка не баяцца ні Сталіна, ні той страшнай Сібіры альбо кал-гасаў і не пераязджаць у Польшчу на чужое. За ўсё гэта і вінаваты, і невінаваты. Як старэйшы сын, як бацькавая падмога. Хоць каб не мітрэнга ў свеце, дык усё было б добра…
Читать дальше