— Бандытам памагаеце? — напаў ужо на яе, не ў прыклад сваім мужчынам дробную, несамавітую.
— Нікога мы не ведаем, нікому ліхому не памагаем, — смела адказала тая. — Даём тоесёе старцам, жабракам альбо людзям здалёку, што ў сельсавеце мальдуюцца, удзень па вёсках ходзяць, але…
— Вось што, малады чалавек, грамадзянін Адам Францавіч Грыгарцэвіч, — Кураглядаў не даслухаў залішне, на яго думку, бойкую кабеціну, пабарабаніў пальцамі па стале. — Табе выпадае вялікі гонар — служба ў нашай доблеснай Чырвонай ці, як цяпер называюць па-новаму, Савецкай Арміі. Так што збірайся, паедзеш у раён.
Гаспадыня пляснула рукамі, а гаспадар ад такой рап-тоўнай навіны асеў паблізу на столак; Адам неяк задум-ліва і пільна ўталопіўся яму ў вочы.
— А божачка! — выдыхнула жанчына.
— Ціха! Ніякага шуму-гаму! — загадаў Кураглядаў. — Вашага сына забіраюць не ў турму, а клічуць, паўтараю, у доблесную, пераможную Чырвоную Армію, дзе ён пазбавіцца ад буржуазных, месніцкіх поглядаў, перавыхаваецца і стане сапраўдным савецкім чалавекам.
— Калі яму трэба заявіцца? — акрыяў, ціха запытаў гаспадар.
— Паслязаўтра. Але ехаць трэба сёння. Праз паўгадзіны.
— Чаго гэтак спяшацца? — пачаў заклікаць да развагі стары Грыгарцэвіч. — Дазвольце, як і трэба, людзей паклікаць, пасядзець за сталом, добрае слова сказаць хлопцу на дарогу. А то не толькі на дарогу — на ўсё жыце…
— Мы дазволім, пакінем на гэтыя дні дома, а ён — у лес? — пакпіў Кураглядаў. — А нас, — кіўнуў на сваіх калег, — за гэта ў Сібір?
— Нікуды ён не пабяжыць, — запэўніў гаспадар. — Калі трэба, дык няхай служыць. Як дзед служыў у рускім войску, а я — у польскім.
— Калі гаварыць дыялектычна, то ты, гаспадар, разважаеш цвяроза, — памякчэў Кураглядаў. — Але, на жаль, паверыць на слова не магу. — I далей. Адкрыта, у лоб: — Я вам не давяраю. Можаце падмануць, падвесці пад манастыр.
— А вы паверце. Вось паглядзіце: усё будзе так, як я кажу.
— Не!
— Але ж рана-позна трэба давяраць і верыць. Бо як жа жыць нібы са змеямі? З недаверам вы будзеце асцерагацца не толькі нас, але і нашага ценю…
— А вы, заходнікі? — перапыніў яго Кураглядаў. — Давяраеце мне?
— Мы — другое… — уздыхнуў Грыгарцэвіч. — Вы для нас новы чалавек. Нам трэба да вас болей прыгледзецца. Як раней мы прыглядаліся да войта…
— Параўнаў! — хмыкнуў Кураглядаў. — Што войт, а што старшыня сельсавета! Войт — чужак, калі не пан, дык панскі служака, а я… Я — свой. Толькі вы… Вы не толькі ў партызаны не пайшлі, але… — Махнуў рукой. — Ат, што гаварыць! Супраць Савецкай улады вы! Некалі, калі пераменіцеся, можа, і паверым. Цяпер — не.
— У чым ці за што мы такія грэшныя?
— Вы сапсаваныя даўняй польскай нянавісцю да Расіі! Вас пранізаў класавы, сацыяльны страх перад рэвалюцыяй! Вы не хочаце сацыялістычнага ладу жыцця, калгасаў! Вы — прыватнікі, аднаасобнікі з ног да галавы! Вы… Адным словам, вас трэба доўга яшчэ перавыхоўваць, каб вы сталі нармальныя савецкія людзі.
— Я не хацеў бы гаварыць, але вы змушаеце… — Напружыўся, пачырванеў стары.
— Давай-давай! — натхніў Кураглядаў. — Мне нават цікава пагаварыць, як кажуць, па душы. Хоць бы ў такой, кажучы дыялектычна, экстрэмальнай сітуацыі!
— Можа, таварыш Кураглядаў, не нам, а найперш вам трэба паказаць: якраз вы — нармальныя людзі…
— Што ты маеш на ўвазе? — насупіўся Кураглядаў.
— Калі настойваеце, дык скажу, — з адчаю ўзгарэўся стары Грыгарцэвіч. — За палякамі гаварылі і пісалі ў газэтах, што вы, бальшавікі, гаворыце адно, а робіце зусім другое: адабралі ў людзей зямлю, садзіце, б'яце самых працавітых, разумных і талковых… Я сваімі вачыма чытаў адну кніжку, дзе чалавек расказваў, як на вашых Салаўках сядзеў… Гэта ж пекла там для невінаватых людзей было…
— Хлусня! Буржуазная прапаганда! — ускіпеў Кураглядаў. — Зламысны намер класавага ворага ашальмаваць Краіну Саветаў, уладу рабочых і сялян!
— Нашы каторыя хлопцы пайшлі праз мяжу да вас, каб паглядзець усё на свае вочы, а то і каб застацца, але… Ніхто не вярнуўся, нікога цяпер няма жывога…
— Гэтыя вашы малойчыкі былі шпіёны буржуазнай Польшчы!
— Якія, даруйце, «шпіёны»! Простыя вясковыя людзі. Дапытныя, разумныя.
— Тым больш шпіёны! — сказаў, як адрэзаў, Кураглядаў. — У нас, каб вы ведалі, нікога дарэмна не садзілі і не расстрэльвалі. Калі прыбіралі каго, дык злачынцаў, ворагаў народа! Тых, хто хацеў падарваць моц нашай дзяржавы і аддаць яе капіталістычнаму свету!
— Ды бачылі. На свае вочы…
Читать дальше