Зубрэй падаўся гэтаю дарогаю, выйшаў ca старога, а пасля i з маладога лесу на гуляшчае поле, дзе сам па сабе сеяўся дзікі хвойнік, i, зусім стомлены, прыгнечаны, пайшоў напрасткі да блізкай ужо, нізкай i старой сваёй хаты, стараючыся прыпомніць, хто ў вёсцы будуецца ці думае падладзіць старую хаціну, хто загаворваў калі з ім пра лес.
Падхапіўся Зубрэй раненька, яшчэ на світанні.
— Чаго ты ўспароўся? — прачнуўшыся ўслед за ім, запытала жонка, спрасонак пазірала, як ён сядзіць паблізу на зэдліку i накручвае на нагу анучу i яшчэ гэтаксама спрасоння не можа абмацаць пад ложкам з сагнутаю халяваю бот.
Ён прамаўчаў, стараючыся паадолець санлівасць, знайшоў нарэшце бот, абуўся, кіўнуў жонцы, каб маўчала: дзеці ж паблізу спяць.
Падышоў да ложка, што стаяў пры стаяку, i накрыў лёгкім коцам сыноў — пяцікласніка Янака i трэцякласніка Гіполіка; жонка моўчкі накрыла маленькую дачку, накінула на сябе халат, пагладзіла рукою сонны, але прыгожы твар, закруціла ў «куклу» валасы i прыткнула ix грэбнем. I, босая, поўная ды цяжкаватая ўжо ў свае сорак гадоў (яны былі равеснікі), пайшла са спальні, a ўслед за ёю падаўся i ён, прыпаднімаючы i ціха зачыняючы за сабою дзверы.
— Крадуць людзі, бо лепей хочуць жыць… — сказала ўжо на кухні Ядзя. Здагадалася, чаго ён так рана падхапіўся. — А ты ляснік, лічы, гаспадар лесу, а яшчэ ў бацькавай перасыпанцы жывеш… Трасешся за кожную хвоечку…
Ён змаўчаў, узяў з падаконніка пачак цыгарэт i закурыў. Падумаў: жонка гаворыць праўду — у старой ды халоднай хаце яны жывуць. Даўно час новую ставіць. Сёлета дык ужо абавязкова трэба выпісаць лесу на новы дом.
— «Пахвалу», «выгоду» вялікую атрымаеш за сваё старанне… — мыючыся, папікнула Ядзя. — Як i ў таго ляснічага… Вось упрэшся на сваім, не ўгодзіш, раз-другі не даўшы самому дзерава, дык перастане хваліць, а пачне чапляцца за ўсякую дробязь. Кажуць людзі, i гэты ласы на дармавое…
— Надта ты ды твае «людзі» многа ведаюць! — буркнуў ён. — Ды хіба я раблю дзеля пахвалы ці выгоды?!
Ядзя не адказала, уздыхнула, нібы сказала: дзе цябе перайначыш! Які нарадзіўся, такі i памрэш. Падалася на двор — даіць карову. Праз акно было відаць, як яна зняла з частаколу росную ад ночы даёнку i пайшла да хлява.
Зубрэй накінуў на плечы паношаны форменны фрэнч, надзеў фуражку i гэтаксама выйшаў з хаты.
Янковічы толькі прачыналіся: развейваючы густы, як дым ад сырога сасняку, бела-сіні туман, выплывала з-за зямлі ружовае сонца; спрасонку адзін за адным гарланілі пеўні; гулка паблізу i воддаль па вёсцы стукалі дзверы i звінелі вёдры; недзе ў далёкім засценку затрашчаў матацыкл.
Зубрэй выйшаў ca двара, абгароджанага старым, дзе-нідзе падпёртым каламі плотам, прайшоў па загуменні i павярнуў на сценку, хочучы яшчэ раз папрыглядацца да чужых загуменняў: а можа, хто ўжо выцягнуў ca схованкі дзерава i пачаў яго абкорваць ці пілаваць? Учора пад вечар, вярнуўшыся з працы, гэтаксама праходжваўся, але нічога падазронага не заўважыў, a распытваць паасцерагаўся: баяўся насцярожыць парубшчыка.
Сценка была сыпкая ад пяску i бязросная; ён ішоў, падбіваў гэты пясок, i той ледзь не пыліўся ўслед за ім.
«Сваяк ці не сваяк украў — складу акт, — думаў, напружваючы зрок, — няхай не скупіцца, капейку заплаціць, не лезе, як свіння ў чужы агарод. Няхай не лічыць, што ў дзяржавы можна браць як сваё… Будуць пасля гэтага, любіць ці не любіць — такой бяды… Але затое адаб’ю ахвоту красці».
Зубрэй прайшоў усю сценку. Як i ўчора, не ўбачыў нічога падазронага. Другую палавіну вёскі пачаў абыходзіць гэтаксама з агародаў, ідучы крайком аселіцы: тут блізка не было ні поля, ні лесу, a шырока раскінулася сенажаць, a ўздоўж яе цягнулася аброслая лазовымі кустамі старая канава.
Ён ішоў, расіўся да каленяў. Вось убачыў пенсіянера Асташонка. Той выкошваў за сваімі градамі, ля самай аселіцы, абгароджаную лапіну травы. Нізенькі, тоўсты, у паношанай сынавай салдацкай форме. Агледзеўшы яго, запыніўся i пачаў чакаць, калі ён падыдзе.
Прывіталіся.
— Ці не згубіў што? — усміхнуўся Асташонак.
— Шукаю… — адказаў Зубрэй, пазіраючы на траву — яе той не выкасіў, a нібы выгаліў брытваю да самых белых карэньчыкаў.
— Ці не хвойку якую ўкралі ў цябе?
Зубрэй змаўчаў.
— Відаць, добры спец трапіўся, калі ўжо ў цябе хапнуў,— паківаў галавою Асташонак.
— Можа, хто ў вашага Юзі машыну на днях прасіў? — спытаў Зубрэй, стараючыся не гаварыць пра пакражу ў сваім абходзе.
— Не ведаю, брат, — паціснуў плячыма стары. — Але дзіва ты мне прынёс.
Читать дальше