Была спроба i нас, чатырох у кулямётнай роце беларусаў, вярнуць «на лона веры бацькоў». У школе я чытаў у Рэймантавых нарысах «З земі хелмскей» пра пакуты мясцовых уніятаў, якіх царскія ўлады прымушалі пераходзіць у праваслаўную веру. Нас — толькі ўгаворвалі. I самае пацешнае было ў тым, што гэтай высокай місіяй заняўся сам «шэф кампаньі», ротны старшына, востры службіст i грубы гарлапан. На ўсе яго ненатуральна ветлыя, цяпер без прывычнага, штомінутнага «курва маць», нягег лыя аргументы я адказаў прытворна-нявінным пытаннем: «Пане шэфе, a ці абавязкова гэта для справы абароны айчызны?» Насач наш падумаў, а потым: «Ну, не сказаў бы…» i нешта яшчэ такое ж. Ды тут ён заўважыў на «рэкруцкай мордзе» падазроную Усмешку і, гаркнуўшы: «Марш, бараны!», патурыў нас з канцылярыі. Не сказаўшы галоўнага, пра што ў казармах гаварылася, — што пярэхрысту неўзабаве давалі «лычка» яфрэйтара i невялікі «урлёп», паездку дахаты.
Toe самае, зрэшты, адзін з салдатаў, за год да гэтага, зарабіў інакш. Паблізу ад палкавых складаў быў шпіталь гхсіхічнахворых. Адзін з няшчасных неяк вырваўся з жоўтага дома, дабег да дроту нашай высокай агароджы, палез на яе. I вартавы, крыкнуўшы двойчы папярэджанне, за трэцім разам выканаў загад. Сцішна было ад думкі пра такую магчымасць паехаць дахаты, чаго, вядома ж, вельмі хацелася…
Вершы не толькі пісаліся. Наш ротны санітар, каржакавагы, вусаценькі, прыязна ўсмешлівы Сеня, украінец, пісаў таксама. Ён пазнаёміў мяне з іншымі ўкраінцамі, з суседняга артылерыйскага палка, таксама санітарамі. Пад вечар, праз дзірку ў паркане (дзірка заўсёды была i будзе!) мы пралазілі на сумежную тэрыторыю, а там — у апусцелую ад начальства санчасць, «ізбу хорых», дзе заўсёды былі белая кава i белы хлеб, замест агульнай чорнай i чорнага, якіх маладому салдату ніколі не бывае ўдосталь i ад якіх часам! «ажно ржавела ў роце». Мы гутарылі там на дзвюх родных мовах, спявалі i чыталі вершы, бо быў яшчэ адзін паэт, з артылерыстаў, Апанас, не санітар, а таксама госць у санчасці.
Аднак чытанне вершаў помніцца больш на траве каля царквы або далей за горадам, куды мы святамі ўцякалі,— майстэрства, якому я паспяхова вучыўся таксама ад украінцаў, салдатаў «старых», на другім годзе службы. Апанас чытаў з памяці i сваё, але здавалася, што з яшчэ большай ахвотай Шаўчэнку, лірыку i «Каўказ», што мне амаль заўсёды ўспамі наецца, абы калі зноў дакрануўся душой да вогненна-мужных слоў гэтай паэмы. Прыгожы парубак з зялёным аколышам артылерыйскай канфедэраткі стаіць у траве на каленях, дэкламуе натхнёна, а мы сядзім або ляжым у зусім не салдацкай задуме…
На тых сустрэчах, у санчасці i ў горадзе або за ім, мяне часамі ўпотай, зайздросна расчульвала простая, непасрэдная шчырасць гэтых вясёлых, дасціпных хлопцаў. «Што, браты ўкраінцы, заспіваемо?» I такое — зусім сур'ёзна, можна сказаць, урачыста. Нямала песень я тады пачуў, запісаў у тым жа блакноце, засвоіў на светлы ўспамін ды зноў i зноў свежы паўтор на адзіноце i ў сябрыне.
У Гдыні ў нашай часці ўкраінцаў чамусьці не было, i іменна з Хэлма, кажучы трохі ўзнёсла, мне ўдзячна ўспамінаецца пачатак майго збліжэння з першым! прадстаўнікамі братняга народа, паэтычнымі дружбакамі з Хэлмшчыны, Валыні, украінскага Палесся.
I ў нашым, i ў артылерыйскім палках найбольш было салдат-палякаў. З Гдыні, у складзе часткі нашага батальёна, у Хэлм прыехалі нядаўнія партовыя рабочыя, марскія рыбакі кашубы, сілезскія шахцёры, сялянскія дзецюкі з келецкіх або мазурскіх вёсак. A ў Хэлме служылі хлопцы пераважна вясковыя, з бліжэйшага i не надта далёкага наваколля. Сярод нас, беларусаў, нямала было такіх, што закончылі… так i карціць сказаць: цэлую сямігодку, быў нават адзін нядаўні віленскі беларускі гімназіст. I вельмі здзівіла мяне, што сярод палякаў, i вясковых i гарадскіх, многія хлопцы былі зусім непісьменнымі. Не на «крэсах» — не ў беднай, цёмнай «Польшчы Б.», а тут, па-тагачаснаму — у самым цэнтры дзяржавы, што ганарыцца сваёй заходняй культурай.
Дзяцюк з прастадушна-жаночым прозвішчам Манька, нават i з выгляду, а тым больш па голасу падобны на нейкую жаласлівую цётку, дыктуе мне, прысеўшы побач да стала: «Дрога мамусю! Лепейбым я цэглэн на будове носіл, ніж я се тутай, у тым войску…» Сам гарадскі, а жаль традыцыйна сялянскі, знаёмы мне па пісьмах з войска ў нашу вёску. Скажам, такое, што весела паўтаралася потым, стаўшы амаль крылатым: «Лепш бы вы, мамо, мяне малога ў начовачках утапілі, чым тут мне гэтая вальтыжэрка…» Я ўсміхаюся i пішу. Аднаму, другому, трэцяму… Бывала, i пятаму ўзапар. I не ўсміхаюся ўжо, a часамі ледзь не злуюся, але пішу. Добрыя хлопцы былі. I бедныя. Як гаварылася: «На ўсю вёску адны боты, дый тыя ў пана солтыса, адна карова, дый тая ў ксяндза-прабошча». Меркаваць пра беднасць можна бьшо па пасылках з дому, якімі мы часцей за ўсё дзяліліся. Не сала якое ці масла ў Янэка або Стася, як у нашых Пятра або Паўла, a пірог з пшоннай кашай, халоднай i даўкай, не раўнуючы як мыла. Былі i багацейшыя. Нават адзін ледзь не пан, інтэлігент — шафёр-механік з Катавіцаў. Тоўсты прыйшоў, непаваротлівы, a паганялі, дык гаварылася: «Ён цяпер бэбах свой можа так адцягнуць, што скурай аперажацца». Добры быў хлопец, нават сардэчны, што я паспеў адчуць яшчэ ў Гдыні. Калі ён тут, у Хэлме, трохі падмуляўся, цягаючы станкач, i лёг у «ізбу хорых», яго ахвотна наведвалі. Аднойчы нават з ротнай «капэляй», з аркестрам прыйшлі. Нярослы, прыгожы з твару дзецючок з падлюблінскай вёскі вельмі ахвотна, хораша, з усмешкай шчасця рэпіў на скрыпцы, прынесенай з дому, а здаравенны гдыньскі грузчык з-за адсутнасці іншага інструменту здорава i таксама нястомна дапамагаў яму на грабяньцы, цераз паперыну. Прадстаўніком ад дэлегацыі я падняўся на другі паверх, у палату, i мы з нашым абвялым таўсцюхом з акна прывітальна памахвалі рукамі, як магнаты, i смяяліся, цяпер мне хочацца думаць, што ён — расчулена.
Читать дальше