— І вам памагу. Пройдзе ўсё. Нават тут жа, адразу адчуеце, як палягчэе.
Гаварылася гэта ва ўтульным пакойчыку, з паліцаю кніг, пісьмовым сталом і вялікім светлым акном, за якім далёка ўнізе і яшчэ далей у тры бакі распасціралася стракатая панарама гарадской ускраіны.
Жанчына пачала лячыць. Я быў ласкава пасаджаны на крэсле, мне было сказана пра нічога не думаць. Яна стала перада мной, лёгкімі, плаўнымі жэстамі малых далоней з рухавымі пальцамі без манікюра зводдаль сілуэціла мяне ўсяго ад галавы да ног, ад ног да галавы, то адну хворую нагу, то зноў усяго, і шаптала, шаптала… Гледзячы сваімі чорнымі, вялікімі зусім упэўнена і вельмі ж неяк прастадушна ды прыязна.
Ад гэтай прыязнасці, да таго ж, як запэўніў мой малады сябар, поўнасцю шчырай, бескарыслівай, мне было… проста прыемна. І не шкада, што прыехаў сюды, згадзіўся на тэлефонную прапанову без веры, што гэта паможа, толькі з цікавасці і таму, што здалося няёмкім добраму хлопцу адмовіць.
Гэта — не ўсё, што я адчуў, успомніў за тыя хвіліны, калі я павінен быў пра нічога не думаць.
Згадаўся жнівень сорак чацвёртага, камандзіроўка ў Мінск, наогул першая ў маім жыцці службовая камандзіроўка. Прыехаў я са свайго гарадка не адзін, а з таварышам, я — часовы рэдактар, ён — сакратар раённай газеты. Час быў, пахадзілі па горадзе, зайшлі ў цырульню, што прытулілася ў нейкім бараку каля цагляных руінаў. Таварыш сеў першы і здзівіў мяне сваёю просьбай да маладой жанчыны: «Перш за ўсё, дарагая, памыем галаву». Ён быў старэйшы, гарадскі, бывалы, з акружэнцаў, а мне, вясковаму, галаву мылі толькі ў маленстве, маці, а то ўсё сам. Таварыша потым галілі, рабілі яму масаж. А я тым часам рыхтаваўся ў думках да такое ж поўнае раскошы. Гэта цяпер паняцце «камандзіроўка» звязана з другім паняццем — аўтобус, цягнік, самалёт. А тады мы доўга чапалі пешкі ў той бок, дзе сталіца, пакуль з пас не злітаваўся нейкі выпадковы: грузавік. Спачатку поту было па спёцы, потым пылу ў кузаве, і памыцца вельмі хацелася. Да таго ж яшчэ я быў малады, клопат жаночых рук, спрытных, пакуль яна мыла ды паласкала маю чупрыну, і пяшчотных, калі рабіла масаж, успрымаўся з затоеным хваляваннем.
Цяпер, у сябравым пакойчыку, рукі «дзіва-жанчыны» не дакраналіся да мяне, аднак яны і здалёк хвалявалі, наводзілі на ўспаміны. Не толькі інтымныя — больш, адпаведна ўзросту, бывала-мудрыя, ці што.
Згадалася маленькая, асобная палата ў далёкім чар паморскім санаторыі, скручаны радыкулітам… зноў жа друг, даўні, надзейны, нашмат старэйшы за мяне.
Два месяцы перад гэтым ён аўдавеў, цяжка, замкнута перажываў сваю адзіноту, і мы, бліжэйшыя сябры, угаварылі яго паехаць са мной. Бо і яму палячыцца таксама трэба было, хоць ён пра гэта спачатку і гаварыць не даваўся. Восем год панскай турмы, уся вайна ў пяхоце, разведчыкам, жонка доўга хварэла, самому ўжо зусім пад семдзесят, а ён: «Клін клінам трэба выбіваць». Пакупаўся халодным ранкам (хай сабе поўдзень, але ж канец кастрычніка), і аблажыў яго востры радыкуліт.
Санаторныя медсёстры — таксама ў белым, як і бальнічныя, аднак на курорце людзі менш лечацца, больш адпачываюць, да таго ж яшчэ не заўсёды па ўзросту молада. І сёстры гэтыя не вельмі ўмеюць і не надта любяць даглядаць таго, каму раптам заняможацца па-сапраўднаму. Мой друг быў чалавек вясёлы, любіў прыязна жартаваць, знаёміцца, пра гэта ўжо ведаў і медперсанал. А як скруціла яго, дык толькі сёй-той са знаёмых заходзіў, асабліва калі непагодлівы дзень. Сёстры мяняліся, аднак іх клопат пра хворага быў аднолькава лёгка-казённы, яны ўсё больш з паперкамі ды ледзь не з пазяханнем каля тэлефона. Разоў колькі заходзіў доктар, таксама па-дзяжурнаму канстатаваў наяўнае, пра сёе-тое пытаўся, сяк-так абнадзейваў. А чалавек ляжаў ды курчыўся ў старым спартыўным касцюме, ноччу адзін у сваёй адзіночцы, а перад усімі, хто заходзіў, паказваючы свой аптымізм, штодня ўсё з меншым падабенствам.
Неяк уранні, калі я, як звычайна, пастукаўся да яго, з палаты пачулася жаночае: «Няможна. Трохі пачакайце». Чакаць прыйшлося даўгавата. Пасля адтуль выйшлі дзве ў белым. Адна, з пасудзінай і ахапкам бялізны, шмыганула па калідоры, другая спынілася перада мною. Павіталася з цёплым святлом спакою на прыемным абліччы, усёй паставай здалася мне чысценька белай.
— Вы з трыццаць пятай? Друг ваш цяжкі, але памаленьку ўсё будзе добра.
Пасля гэтых чыстых слоў пайшлі «нячыстыя», што зусім не здаліся такімі:
— Страўнік трэба было ачысціць. Столькі дзён… — Яна з дакорам пакруціла галавой. — Памыць яго трэба было, пасцель змяніць. Заходзьце.
Читать дальше