— Адказ прыйшоў на яго імя, але на мой адрас, — расказваў ён мне пасля. — Так робіцца: каб я, абаронца, перадаў яму. Панёс я ім гэтую залатую паперку. Якраз было Восьмае сакавіка, як з падарункам пайшоў у сям'ю. І ён расплакаўся, хацеў мне руку пацалаваць. I я з ім таксама расплакаўся. З усімі імі. Так вось, мой дарагі…
Ён гаварыў гэта, зноў выціраючы слёзы. Першыя для мяне — за тры з палавінай дзесяцігоддзі нашага знаёмства.
1983
Каржакавата-тоўсценькі, сыта-загарэлы пад выцвілай ад сонца кепачкай, ён сядзіць на лаўцы каля зялёнага плоціка. На асфальце, побач з яго кірзачамі, стаіць пустое вядро, прымурзана-чырвонае ўсярэдзіне. Парэчкі толькі што прададзены недалёчка адгэтуль, на доўгім стале пад павеццю, дзе прадаецца сёе-тое з агарода, з саду, з лесу. Схіліла з паўдня, нягорача. Людзей тут, на пасялковай аўтобуснай станцыі, нямнога, і яго, і майго аўтобусаў яшчэ няма. Ёсць час пагаварыць, дый хочацца, бо бачыліся мы нячаста.
— Здароўя пытаеш. Якога ты хочаш, браце, у маіх гадах здароўя? Семдзесят шосты. Калі дзе трохі скокам, дык потым і бокам. Але ж не возьмеш, ліха яму, з капліцы старую пратэсу ды не пойдзеш, сам па сабе жывы галосячы. Трымаюся, пакуль трымаецца. Да доктара, можна сказаць, і зусім не хаджу. От, павітаемся на вуліцы. А да Чмута не пойдзеш — памёр. Які, кажаш, Чмут? Я і сам, браце, мог бы быць такім чмутам, як ён. Мой дзядзька быў у Амерыцы, у Канадзе. Яшчэ пры цару паехаў, лепшага хлеба шукаць. А пры Польшчы быў прыслаў мне кнігу пра гіпноз. Па-руску напячатана. Я яшчэ ў войску тады не служыў, толькі-толькі на кавалера браўся. Усю зіму тую кнігу чытаў. І сам пачаў практыкавацца. Тры пальцы во так настаўлю, ці так сабе, ці ў твар каму-небудзь, вочы натарапачу — гляджу, як ён міргае. А ўжо далей мне і самому смешна — засмяюся! І сарваў сеанс. Не ў кожнага яно і палучаецца.
А Чмут наш без кнігі, а нейкім таксама гіпнозам лячыў. Сам, можа, класаў са два і прайшоў, але разумных слоў нахапаецца і гаворыць, браце, так, што людзі і вераць, асобенна бабы. Часаслоў чытаў у царкве. Я кажу: «Ты ж тых цітлаў не ведаеш, як жа ты іх чытаеш?» — «Па памяці». Памяць у яго была. І ўсюды ён лез. «На ванне, — казаў,— і афіцэры мяне баяліся. Як гэта можна, — выступіў я раз у Германіі, ужо Берлін было ўзяўшы, — як гэта можна, каб нашы доблесныя воіны, не толькі радавыя славяне, але і камандны састаў, лібзалі вуста фашысцкім медхенам ды фравам? Што гэта за разурат!..» Во, браце, як.
А то прыходзіць раз да яго адна маладзіца. За дваццаць пяць, падлічыўшы, вёрст. Во куды погалас дайшоў! І гэта ж ужо не даўней, не пры папах, і не ў акупацыю, а гадоў нешта з дзесяць таму назад. Наша баба, калхозна-саўхозная. Просіць, каб даў ёй чаго такога, каб свякроў памерла. Чмут спачатку ўзяў яе на гіпноз, у вочы ёй паталопіўся, ці не правакацыя якая. А потым гэта бярэ канапель, шчопці зярнятак са свайго ўсялякага прыпасу. Расцёр тыя каноплі, вады імі ў бутэлечцы закрасіў і кажа: «Тры разы на дзень папырскай старой па пасцель — праз тры дні памрэ. Але глядзі, каб у дарозе ані разочку не азірнулася!» А дзе ж ты, браце, бачыў, каб гэта баба за дваццаць пяць вёрст ні разу не азірнулася? Ці машына якая ззаду, ці сабака, ліха яму, ці проста так, таму што няможна. Прыходзіць яна потым зноў. Лякарства — усё, а свякроў жыве. Чмут уталопіўся зноў ды як гаркне сваім гіпнозам: «Што, азіралася?!» Баба — у дрыжыкі. «Дзядзечка, толькі разочак адзін. Дайце лякарства, дзядзечка, што ні скажаце — не пашкадую». — «Маё срэдствія, — кажа ён, — за другім разам не дзействуя. Ідзі». Так яна і патэпала.
А то яшчэ раз было…
…Слухаць чужое, а думаць сваё — гэта можна. А запісаць такое адразу, падвойным цягам, нельга. А думаў я так… ці, лепш — успомнілася мне, слухаючы, такое.
Малога мяне маці наслала ў суседнюю вёску да бабы, што памагае. Нашай карове стала нядобра. А мама сама пайсці не магла. І брат старэйшы некуды паехаў. Ці, можа, і трэба было, каб пайшоў не сталы хто, а малы, так сказаць, з поўным даверам. Гэта ўжо сёння я так думаю. А помніцца яно прыемна, з пажылым цеплаватым сумам, — тое маё хлапечае адчуванне важнасці такога даручэння. Што гэта дрэнна нашай Кухарцы, і што гэта мама паслала мяне. А яшчэ ж і навіна, нечаканасць такая — не па пашу іду, як штораніцы, не па іржышчы, не па траве, а па гладкай сцежцы ўзбоччам гасцінца, у іншую вёску, у людзі!..
Была ў мяне з Кухаркаю віна… Праўда, і кара ды пакаянне адразу яе былі. Першага красавіка трэба было ашукаць каго-небудзь, з самай раніцы, а дома была адна мама. Яна паліла ў печы, а я ўбег з двара ды з парога, як найбольш спалохана: «Кухарка паша павалілася каля хлява, раве!..» Мама — на двор. Кухарка стаіць сабе, жвайку жуе, на першае сонейка жмурыцца. Мама яшчэ на хаду расперазала фартух, давай мяне ў хаце махрамі шалёстаць. Крычаў я, што гэта звычай такі і што болей пе буду, але сваё атрымаў. Махры не толькі пякліся, асабліва калі па вушах, па руках, але і няўмольна сведчылі, што ты яшчэ ўсё малы і дурны, хоць і перайшоў ужо ў пяты клас і кніжкі ўсякія дарослыя чытаеш.
Читать дальше