- Добрай ранiцы, Лёдзя... - раптам пачулася здалёк.
- Ой, напалохаў! Ледзь у раку не звалiлася...
- А ты не садзiся на самым краi.
- Калi ж тут так прыгожа! Глядзi - i лес, i луг - усё вiдаць...
- Неблагi камандны пункт выбрала, але ведаеш што...
- Ну, што?
- У лагчыне вунь там было б лепш. Кусты, зацiшак... Цалуйся колькi хочаш, нiхто не ўбачыць!
- Зноў налiзаўся i вярзеш абы-што... Ты абяцаў не пiць.
- Я ж адну слязiнку!
Чый гэта голас? Я ведаў усiх хлопцаў з нашага сяла, кожнага мог пазнаць па голасе, а гэта, быў зусiм незнаёмы...
На левай вудзе кратаўся паплавок. Раз, другi, трэцi... Потым паплавок нырнуў на дно, а я, стары рыбак, нават не зварухнуўся. Грэх прызнацца, але ў маёй душы ажыло нешта падобнае на рэўнасць. Так некалi, гадоў дваццаць пяць назад, я раўнаваў Стэфу да другога. Цяпер жа, сустрэўшы Лiду, я жыў светлымi ўспамiнамi мiнулага i быў шчаслiвы. Яна, так падобная да маткi, нагадала мне лепшыя днi нашага кахання. Я любаваўся жвавасцю, захапляўся прыгажосцю гэтай дзяўчыны i не жадаў, каб нехта трэцi станавiўся мiж намi, як i тады, калi быў сапраўды малады.
Хто ён, шчаслiвец, якога пакахала такая дзяўчына? Мне хацелася кiнуць вуды i, падкраўшыся, зiрнуць на яго з-за куста.
- Досыць табе, смоўж! - данесла вада прыглушаны голас Лiды. - Сядзь пагавары, як чалавек...
- Баiшся, каб не злiнялi вусны?
- Людзi ўбачаць...
- Не дзяўчынка ж ты... Дваццаць пяты стукнула! Чуеш, гусятнiца... Дваццаць тры - замуж пры! А табе дваццаць пяты...
- Я не гусятнiца.
- А хто ж?
- Твая мацi кароў даглядае. Дык яна, па-твойму, кароўнiца? Ды адчапiся ты, стыднiк!..
Два днi я хадзiў злосны, на прывiтаннi Лiды адказваў ледзь прыкметным кiўком галавы. А раз нават зусiм не адказаў. I мне здалося, што дзяўчына зразумела прычыну маёй раптоўнай непрыязнi, бо ўжо на трэцi дзень да Сомавай завадзi даляцела яе гучнае слова "адчапiся". Але цiшэй Лiда сказала:
- Дай табе волю, дык...
- Баiшся?
- Баiшся... Нiчога я не баюся, але... Хiба ў гэтым каханне? Эх, Стась, п'яная ты галава! За што я цябе люблю?..
Дык вось каго пакахала Лiда! Стась... Станiслаў Лiс, "хлопец з апошняга хутара..."
Памятаю яго бацьку. Гэта быў высокi рудабароды дзяцюк з прыплюснутым носам, высокiм аголеным iлбом i пранiклiвымi, хцiвымi вачамi. Непрыгожы i ваўкаваты чалавек, ён праз два месяцы пасля смерцi жонкi ўзяў сабе ў хату даглядаць дзяцей маладзенькую, цiхую сiрацiну Гэльку, дачку леснiка Iгната. Той да таго спiўся, што аднойчы знайшлi яго ў лесе мёртвым...
Беднае дзяўчо! Двое чужых дзяцей яна гадавала сабе на гора. Колькi здзекаў сцярпела яна ад iх пасля - нi адна душа б не вытрымала.
А праз год Гэлька нарадзiла першую дачку i, такiм чынам, стала прызнанай жонкай Лiса.
Не быў той чалавек у калгасе нi дня. Жыў выключна з лесу. А ў вайну пабудаваў сабе на леснiковай сялiбе новую хату i перабраўся туды, на хутар, далей ад людскога вока. Ноччу краў на полi, днём - у лесе. Але жыў усё роўна бедна...
Памятаю, зарослы, як мядзведзь, Лiс плаксiвым голасам гаварыў нам:
- А браточкi вы мае! Ды куды мне ў партызаны? Сямёра дзетак ды вунь восьмае, бог дасць...
Гэлька - худая, замучаная працай жанчына з вялiзным жыватом - упраўлялася каля печы, а вакол яе, басаногiя i брудныя, нiбы тыя птушаняты, наперабой пiсклявiлi малыя:
- Мне-е, персы блiн!
- А вот - мне...
- Мне-е...
Не жыў Лiс, як людзi, i памёр па-воўчаму...
У нябожчыка леснiка было ў лесе многа пчалiных калод на дрэвах. Аднойчы восенню задумаў Лiс паласавацца мёдам, але не так, як гэта робяць людзi, а па-звярынаму. Скiне калоду на зямлю, загубiць пчол i абрабуе вулей да апошняга. Ды на трэцiм дрэве завяз так, што ледзь знялi яго. Гэта было страшнае вiдовiшча...
Метраў на пяць ад зямлi хвоя раздвойвалася. Гонкiя два ствалы былi нацэлены ў самае неба, i там, мiж верхавiн, чарнелi аж дзве калоды. Як здарылася, што здаравенны дзяцюк трапiў галавой мiж ствалоў, нiхто не бачыў i не ведае.
Лiс вiсеў, абхапiўшы рукамi i нагамi шурпаты камель сасны, а галава яго звiсала з другога боку. Здавалася, ён задушыўся ў той момант, калi рабiў апошняе намаганне, каб вызвалiць галаву з пасткi, якую ўгатавала яму сама прырода. Ды так i не вызвалiў. Трое мужчын ледзь здолелi разняць яго здубянелыя рукi i ногi...
А мо былi суддзямi над тым жорсткiм чалавекам самi пчолы, як гаварылi пасля ў сяле? Твар Лiса распух, але цяжка было сказаць, што прычынай гэтага было маленькае чорнае джала, якое паказвалi тады адзiн аднаму людзi...
Я не любiў Станiслава. Ён нагадваў бацьку i выклiкаў у мяне непрыемную асацыяцыю. Ад адной думкi, што гэты хлопец сядзiць на беразе побач з прыгажуняй Лiдай, бура пратэсту паднялася ў маiх грудзях. Я ўспомнiў Стэфу. Яе дачка такая ж бязвольная, як i яна. Дык няўжо i яе напаткае лёс мацi?..
Читать дальше