- Стая-аць! - галёкнуў Лёшка Мандрык, калi лодка шарханула дном аб прыбярэжны пясок: Лёшка два разы цягнуў лямку на аршанскай зоне i, пры сустрэчы, заўсёды гукаў альбо гэтае слова, альбо яшчэ больш кароткае: "Сюд-да-а!"
Прыяжджаючы ў Бычкi, Макар часьцяком спансiраваў мясцовых хлопцаў, таму тыя i ўзрадавалiся, убачыўшы спансэра, i не пасьпеў той выйсьцi з лодкi, як яны рынулi ў ваду i зь вясёлымi мацюкамi ўсьцягнулi пласкадонку на бераг.
Пад'ехалi бычкоўцы не з пустымi рукамi. Малодшы з братоў, трыццацiгадовы Юрка, залез у кабiну, перадаў брату шэсьць "фугасаў", а потым, папоркаўшыся ў "бардачку", шпурнуў у ваду - каб спаласнуць - алюмiневую конаўку.
Убiўшыся ў цянёк, Лёха Мандрык адкаркаваў сьцiзорыкам "фугасiну", скоса глянуў на iнтэлiгента i Макар, перахапiўшы пагляд, растлумачыў:
- Тамарчын муж. У газэце працуе.
Лёха напоўнiў конаўку, перадаў Тамарчынаму мужу, але той страсянуў галавой.
- Пакрыўдзiць хочаш? - вусьцiшна прасiпеў Мандрык i гарадзкi госьць, намацаўшы пасудзiну, стаў глытаць трунак, дробна стукаючы па конаўцы зубамi.
Вiно - хахляцкае "Яблучне" - пiлi нетаропка, з бадзёрым крэканьнем, са штохвiлiнным прыпальваньнем цыгарэтаў i з гэткiм жа штохвiлiнным ляпаньнем па карках: тут, у цяньку, лютавала камарэча. Кожнага разу, глынуўшы "чарвiўкi", Лёха пачынаў апавядаць пра калгаснага старшыню, але, ляпнуўшы па карку i мацюкнуўшыся, зьбiваўся на iншыя тэмы. I вось, вылiўшы ў конаўку рэшты вiна з апошняй пляшкi, Лёха абвесьцiў, што заўтра ж спалiць катэдж, якi старшыня пабудаваў на ўскраiне Азярышча i, працягнуўшы конаўку гарадзкому госьцю, наставiў на таго ашклянела-патрабавальныя вочы. За ўсю бяседу Тамарчын муж не прамовiў нi слова, але цяпер, адчуўшы, што трэба нешта сказаць, з урачыстай павольнасьцю ўзяў конаўку, iкнуў, пралiўшы трунак, i малiцьвенна прастагнаў:
- Цудоўныя хлопцы!
Улiўшы ў глотку рэшткi пiтва, ён квола пасьмiхнуўся, кульнуўся на траву i, заплюшчыўшы вочы, ледзь чутна паўтарыў:
- Цудоўныя!
Дахаты ехалi на рамонтнай лятучцы, соўгаючы азадкамi па жалезнай скрынi, у якой увесь час штосьцi бразгала. Галава шваграва матлялася, што ў хворага гусака (на адным з паваротаў швагра зьехаў са скрынi, стукнуўся скроньню аб бляшаную буду), таму Макар абдымаў сваяка за шыю i калi той зьяжджаў убок, мацнiў абдоймы i, па прыкладу Лёхi Мандрыка, гукаў:
- Сядзе-эць!
I чым ямчэй абдымаў Макар сваяка, тым большай павагай да яго прасякаўся.
- Ну скажы, на што ты паклаў сваё жыцьцё? - выгукнуў Макар на чарговым павароце i сваяк, блiснуўшы бельмамi вачэй, здушана вякнуў i выбухнуў ванiтамi.
Макар пякельна скрывiўся, падхапiў з-пад ног рызьзё, каб выцерцi падлогу, ды тут чарговая порцыя ванiтаў агiднай цеплынёй кранулася карку. Хвiлiну Макар стаяў вокраччу, утаймоўваючы балесныя спазмы, а потым, тузануўшыся ўсiм целам, падцягнуў да сябе пакарабачанае вядро, якое матлялася ад сьценкi да сьценкi.
Ён выкулiўся з сестрынага пад'езду ў той мiг, калi на небасхiле запалялiся самыя дробныя зоркi i таропка пайшоў да воданапорнай калёнкi. Сьцягнуўшы праз голаў кашулю, ён падставiў карак пад бойкi струмень i гракнуў, ды так гучна, што на другiм канцы Азярышча абудзiлiся сабакi. Сабакi забрахалi ў Зарэччы, потым недзе ля аўтастанцыi, нарэшце сонна рыкнулi зусiм побач - за плотам "Сельгастэхнiкi".
- Я табе рыкну, - жартам выдыхнуў Макар i, выцiраючы кашуляй расчырванелы твар, падзiвiўся таму - як хутка насунулася ноч.
1994