Оробей Лидия
Памяць (на белорусском языке)
Лiдзiя Арабей
Памяць
Стары буфет
Мая мацi жыве з малодшай сястрою Валяй. Валя замужам, i скора яны чакаюць прыбаўлення сям'i. Ёсць у мяне i яшчэ адна сястра - Тася. I браты Валодзя i Мiхась. Часам усе мы збiраемся да мацi, i ў кватэры ў iх тады бывае шумна i весела.
Сярэдняя сястра прыходзiць з мужам i з сынам Андрэйкам. Андрэйку тры гады. Ён чырванашчокi, дужы, рослы хлопчык. Тася сама ўмее шыць, i таму Андрэйка апрануты заўсёды як лялька. Гэты маленькi мужчына носiць вузкiя штонiкi, стыльныя кашулькi.
Усе мы, дарослыя, наперабой хочам заслужыць Андрэйкаву ўвагу. Кожны з нас клiча Андрэйку да сябе, кожны хоча пагаварыць з iм, пагладзiць яго белую, як лён, грыўку. А малодшая сястра, Валя, тулiць да сябе хлопчыка з асаблiвай ласкай. I яна ж чакае...
Але Андрэйка не вельмi прымае нашы пяшчоты. Ён коратка адказвае на пытаннi, выкручваецца з рук i бяжыць да прыёмнiка, каб там нешта пакруцiць, да тэлефона, каб зняць трубку.
- Такi ўжо вiсус, такi непаслушнiк, - скардзiцца Тася, а вочы яе поўняцца гонарам за сына. Маладая, прыгожая жанчына, яна яшчэ прыгажэйшая ад радасцi, што ў яе такi ўдалы Андрэйка. Але яна не хоча хвалiць яго. Зноў знаходзiць зачэпку, каб паскардзiцца.
- Не есць нiчога. Накармiць яго - проста пакута. I тады схамянаецца бабка, мая мацi.
- Андрэйка, можа ты смятанкi з'ясi? - пытаецца яна.
- Не хачу, - адказвае Андрэйка i зноў бяжыць да нечага цiкавага, што ўбачыў у хаце.
- Ну, можа супчыку хочаш? З курачкай?
- Не хачу, - рашуча адмаўляецца Андрэйка.
Бабка адчыняе буфет, шукае ў iм, што б такое знайсцi, каб спадабалася Андрэйку, каб ён з'еў. Бабка адчыняе адны дзверцы, другiя. У буфеце булкi, масла, кiлбаса. Стаяць шкляныя слоiкi, зверху завязаныя белымi паркалёвымi анучкамi. У iх - варэнне. Але ў той буфет нiхто не глядзiць. Браты з сястрыным мужам павялi гаворку аб фотаапаратах. Сёстры збiраюцца кроiць квяцiсты матэрыял, з якога меншая будзе шыць сабе халацiк.
А я гляджу на стары буфет, на гэтага продка цяперашнiх модных сервантаў, i раптам горка, балюча ўсплывае перада мною адзiн успамiн.
1942 год. Мацi, сабраўшы нешта з адзежы, недзе раздабыўшы запалак i сахарыны, пайшла ў вёску. Праз некалькi дзён яна вярнулася i прывезла на саначках крыху бульбы, мукi i бохан хлеба. Палавiна таго хлеба была з'едзена адразу, а другую паклалi ў буфет - на заўтра.
Прагнаўшы першы голад, дзецi пабеглi на вулiцу, але яны не-не ды заскаквалi ў хату, кiдалi позiркi на буфет, у якiм, было вiдаць праз шкло, ляжаў той паўбохана хлеба.
I вось Тася, падцiкаваўшы момант, калi, ёй здалося, нiхто не бачыць, падкралася да буфета, адчынiла дзверцы, схапiла нож i пачала таропка кроiць лусту.
- Ты што гэта робiш! - наляцела я на яе, выскачыўшы з другога пакоя. Яшчэ не наелася!
Я была старэйшая з дзяцей i лiчыла сваiм абавязкам сачыць за парадкам.
Злоўленая на месцы злачынства, сястра сцялася. Вiнавата заморгала вачыма. Пасля кiнула нож i шуснула за дзверы.
Тады я лiчыла, што зрабiла правiльна. Але чаму ж я адчуваю сваю вiну перад сястрою нават i цяпер, больш чым праз дваццаць гадоў?
Мне хочацца зрабiць сястры нешта добрае цi хоць сказаць ёй харошае слова. Але яна занятая. Яна мерае матэрыял, прыкладае яго да сябе - цi ён ёй да твару.
Да твару... Вядома, да твару. Я гляджу на сястру, на маладую прыгожую жанчыну, i мне не верыцца, што яна была сiняя, аж празрыстая дзяўчынка з тонкiмi, як запалкi, ручкамi i ножкамi. А як вiнавата сцялася яна тады, як спужалася майго крыку.
Сястра, мусiць, не помнiць таго выпадку i ўжо, ва ўсякiм разе, не ведае, пра што я цяпер думаю. А я не ведаю, як мне выказаць ёй сваю ласку.
Артыстка
Кiнастудыя здымала фiльм пра вайну. Рыхтаваўся эпiзод - бежанцы на дарозе. Трэба было арганiзаваць масоўку - гэта значыць сабраць людзей, апрануць iх так, як маглi быць апрануты ў той час бежанцы, i каб яны з клункамi, з мяшкамi iшлi па дарозе, вялi з сабою кароў, гналi гусей, свiней.
Здымкi рабiлiся каля вёскi, праз якую прайшла вайна, людзi з якой сапраўды хадзiлi ў бежанцы, ды немцы перахапiлi iх, вярнулi.
У гэтай вёсцы i з'явiлася прыгожа напiсаная аб'ява, у якой гаварылася, што кiнастудыя запрашае жыхароў прыняць удзел у здымках фiльма. Унiзе аб'явы адзначалася, што кожнаму ўдзельнiку будзе заплачана па тры рублi.
У назначаны дзень людзей сабралося вельмi многа. Рэжысёр - нiзенькi, каржакаваты, з чорнаю барадою, у палiнялым камбiнезоне, з тоўстым кiем у руцэ - у яго балела нага - выйшаў перад людзьмi i растлумачыў, як яны павiнны апрануцца, што ўзяць з сабою.
Читать дальше