Ганна Андрэеўна. Да свайго дзядзькі, каб узпрасіць багаславенства.
Гараднічы. Узпрасіць багаславенства, але заўтра-ж… (Чхае).
Паздароўі зьліваюцца ў вадзін гул.
Вельмі дзякую! але заўтра-ж і назад… (Чхае).
Паздароўны гул; больш за іншых чуваць галасы:
Прыстава. Здароўя зычым, ваша высокачэсьць!
Бобчынскага. Сто год і куль чырванцоў!
Добчынскага. Дай, Божа, на сорак саракоў!
Арцёма Піліпавіча. Каб ты спрах!
Каробкінавай жонкі. На цябе ліха!
Гараднічы. Шчыра дзякую! І вам таго самага жадаю.
Ганна Андрэеўна. Мы цяперака ў Пецярбургу манімся жыць. А тутака, прызнаюся, такое паветра… селавое ўжо занадта!.. прызнаюся, вялікая прыкрасьць… Вось і муж мой… ён там атрымае гэнэральскі чын.
Гараднічы. Але, прызнаюся, спадары, я, ліхенька, вельмі хачу быць гэнэралам.
Лукаш Лукашовіч. І дай Божа мець!
Растакоўскі. Ад чалавека немагчыма, а ад Бога ўсё магчыма.
Амос Хведаравіч. Вялікаму караблю — вялікае плаваньне.
Арцём Піліпавіч. Як заслужыцца, так і учціцца.
Амос Хведаравіч (набок). Во выкіне штуку, калі запраўды зробіцца гэнэралам! Во ўжо каму пасуе гэнэральства, як карове сядло! Не, да гэтага йшчэ далёкая песьня. Тутака й мудрэй за цябе ёсьць, а дасюль яшчэ не гэнэралы.
Арцём Піліпавіч (набок). Гэнак, ліха матары, ужо і ў гэнэралы прэцца. Чаго добрага, можа й будзе гэнэралам. То-ж у яго важнасьці, на яго-б ліхенька, ня купіць! (Зварачаючыся да яго). Тады, Антоне Антонавічу, і на нас не забудзьцеся.
Амос Хведаравіч. І калі што здарыцца, прыкладам, якая патрэба ў справах, не пакіньце апекаю!
Каробкін. Налета павязу сынка ў сталіцу на карысьць дзяржавы, дык, зрабеце ласку, прыўдзяліце яму свае пратэкцыі, месца бацькава заступеце сірацінку.
Гараднічы. Я гатовы, із свайго боку, гатовы старацца.
Ганна Андрэеўна. Ты, Антоська, заўсёды гатовы дакляраваць. Па-першае, табе ня будзе часу думаць пра гэта. І як можна, і зь якое рацыі сябе абцяжваць гэткімі дакляраваньнямі?
Гараднічы. Чаму-ж, сэрца маё? часам можна!
Ганна Андрэеўна. Можна, пэўна-ж, ды ня кожнай-жа драбязой апекавацца.
Каробкінава жонка. Самі чулі, як яна трактуе нас?
Госьця. Але-ж, яна гэткая заўсёды была; я яе ведаю: пасадзі як за стол, яна й з нагамі сваймі…
Тыя самыя й паштмайстар, хапаючыся, з расьпячатаным лістом у руцэ.
Паштмайстар. Дзіўная рэч, спадары! Чыноўнік, якога мы ўзялі за рэвізора, быў ніякі не рэвізор.
Усе. Як не рэвізор?
Паштмайстар. Зусім не рэвізор — я даведаўся пра гэта зь ліста.
Гараднічы. Што, што самі кажаце, зь якога ліста?
Паштмайстар. Ды з собскага ягонага ліста. Прыносяць да мяне на пошту ліст. Зірнуў на адрыс — бачу: «на Паштамцкую вуліцу» . Я гэтак і ўвамлеў. «Ну, — думаю сабе, — пэўна, знайшоў непарадкі ў паштовай галіне й паведамляе начальства» . Узяў дый расьпячатваў.
Гараднічы. Як-жа гэта самі?
Паштмайстар. Сам ня ведаю, ненатуральная сіла пхнула. Заклікаў быў ужо кур’ера, каб выправіць яго із штафэтай, — але цікаўнасьць гэткая апанавала, якое йшчэ ніколі не пачуваў. Не магу, не магу, чую, што не магу! цягне, так вось і цягне! У вадным вуху так вось і чую: «Гэй, не расьпячатвай, загінеш, як курыца!» , а ў другім як чарцюк які шапоча: «Расьпячатвай, расьпячатвай, расьпячатвай!» І як прыдушыў ляк — па жылах агонь, а расьпячатваў — мароз, дальбог, мароз. І рукі калоцяцца, і ўсё закаламуцілася.
Гараднічы. Ды як-жа самі адважыліся расьпячатваць ліст такое ўпаўнаважанай асобы?
Паштмайстар. То-ж бо й штука, што ён не ўпаўнаважаны й не асоба!
Гараднічы. А што-ж ён, самі думаеце, такое?
Паштмайстар. Ні сёе, ні тое; ліха ведае, што такое!
Гараднічы (запальчыва). Як ні сёе, ні тое? Як самі важыцеся назваць яго ні тым, ні сім, ды йшчэ й ліха ведае чым? Я саміх пад арышт…
Паштмайстар. Хто? самі?
Гараднічы. Але, я!
Паштмайстар. Закароткія рукі!
Гараднічы. А ці ведаеце, што ён жэніцца з маёй дачкою, што я сам буду вяльможа, што я ў самы Сібір [21] Далей адно слова неразборліва.
.
Паштмайстар. Эх, Антоне Антонавічу, што Сібір, — задалёка Сібір! Вось лепш я вам прачытаю. Спадары! Дазвольце прачытаць ліст!
Читать дальше