Тыя самыя й купцы.
Гараднічы. Га! Здаровы, саколікі!
Купцы (кланяючыся). Здароўя зычым, бацюхна!
Гараднічы. Што, галубочкі, як маецеся? Як тавар ідзе ваш? Што, самаварнікі, аршыньнікі, жаліцца? Арцыгіцлі, протагадзіны, абакулы морскія [19] У Гогаля — «мирские», а не «морские».
, жаліцца? Што, багата выскуралі? «Восьдзе, — думаюць, — гэтак у турму яго й запратораць!» А ці ведаеце вы, сем чартоў і адна ведзьма вам у зубы, што…
Ганна Андрэеўна. Ах, Божа мой! Якія ты, Антоська, словы вымаўляеш!
Гараднічы (зь незадаволеньнем). Га, не да словаў цяперака! Ці ведаеце вы, што той самы чыноўнік, якому вы жаліліся, цяперака жэніцца з маёй дачкою? Што? га? што цяперака вы скажаце? Цяпер я вас!.. ашукваеце народ! Зробіш кантракт ізь дзяржаваю, на сто тысячаў нагрэеш яе, пастачыўшы гнілога сукна, ды пасьля ахвяруеш дваццаць аршынаў, дый давай яшчэ табе нагароду за гэта! Ды каб ведалі, дык бы табе… І пуза пхае наперад: ён — купец, яго ня руш; «мы, — кажа, — і дваранам не паддадзёмся». Ды дваранін… ах ты, лычак! дваранін вучыцца навукаў: яго хоць і лупцуюць у школе, ды за справу, каб ён знаў карысьці. А ты што? пачынаеш ад махеркаў, цябе гаспадар б’е за тое, што ня ўмееш ашукваць. Яшчэ хлапчуком, «Войча наш» ня ведаеш, а ўжо абмерваеш; а як разапрэ табе чэрава ды напхаеш сабе кішаню, дык і заважніўся! Цьфу ты, якая небач! із таго, што ты шаснаццаць самавараў выдуньдзіш на дзень, дык із таго і важнішся! Ды я плюваць на тваю голаў і на тваю важніцу!
Купцы (кланяючыся). Вінаватыя, Антоне Антонавічу!
Гараднічы. Жаліцца! А хто табе дапамог змахляваць, калі ты будаваў мост і напісаў дрэва на дваццаць тысячаў, а тымчасам яго й на сто рублёў ня было? Я дапамог, казловая барада! Ты забыўся на гэна? Я, паказаўшы гэта на цябе, мог бы цябе таксама спраторыць у Сібір. Што скажаш, га?
Адзін із купцоў. Богу вінаватыя, Антоне Антонавічу, нячысьцік аблытаў! І заракомся наўперад жаліцца. Ужо які хоч задавол — ня гнеўся толькі!
Гараднічы. Ня гнеўся! Вось ты цяпер качаешся ля ног маіх. А чаму? — а таму, што маё ўзяло; а было-б хоць крышку на тваім баку, дык ты-б мяне, рыштанюга, утаптаў-бы ў самое балота, яшчэ-б і бервяном наверх наваліў-бы.
Купцы (кланяюцца да ног). Не загубі, Антоне Антонавічу!
Гараднічы. «Не загубі, — цяперака: — не загубі!» А раней што? Я-б вас… (Махнуўшы рукою). Ну, бы Бог даруе! годзе! Я не злапомны; адно цяперака глядзі, вайстры вуха! Я выдаю дачку не за якога простага двараніна; каб віншаваньне было… разумееш? ня тое, каб адбаярыцца якім балычком ці галавою цукру… Ну, пайшоў з Богам!
Купцы выходзяць.
Тыя самыя, Амос Хведаравіч, Арцём Піліпавіч, пасьля Растакоўскі.
Амос Хведаравіч (яшчэ ў дзьверах) . Ці даць веры чуткам, Антоне Антонавічу? да саміх прываліла нязвычайнае шчасьце?
Арцём Піліпавіч. Маю гонар віншаваць ізь нязвычайным шчасьцем! Я сардэчна ўсьцешыўся, як пачуў. (Падыходзіць да ручкі Ганны Андрэеўны). Ганна Андрэеўна! (Падыходзіць да ручкі Мар’і Антонаўны). Мар’я Антонаўна!
Растакоўскі (уваходзіць). Антона Антонавіча віншую, хай прадоўжыць Бог жыцьцё саміх і новае пары і дасьць самім нашчадзі безьліч, унучанятаў і праўнучанятаў! Ганна Андрэеўна! (Падыходзіць да ручкі Ганны Андрэеўны). Мар’я Антонаўна! (Падыходзіць да ручкі Мар’і Антонаўны).
Тыя самыя, Каробкін із жонкаю й Люлюкоў.
Каробкін. Маю гонар віншаваць Антона Антонавіча! Ганна Андрэеўна! (Падыходзіць да ручкі Ганны Андрэеўны). Мар’я Антонаўна! (Падыходзіць да ейнае ручкі).
Каробкінава жонка. Сардэчна віншую саміх, Ганна Андрэеўна, з новым шчасьцем.
Люлюкоў. Маю гонар віншаваць, Ганна Андрэеўна! (Падыходзіць да ручкі й пасьля, адвярнуўшыся да гледачоў, пляскаець языком з удалецкім выглядам). Мар’я Антонаўна! Маю гонар віншаваць… (Падыходзіць да ейнае ручкі й абарочваецца да гледачоў з тым самым удалецтвам).
Мноства гасьцей у сурдутах і фраках падыходзяць спачатку да ручкі Ганны Андрэеўны, кажучы: «Ганна Андрэеўна!» , пасьля да Мар’і Антонаўны, кажучы: «Мар’я Антонаўна!»
Бобчынскі й Добчынскі праціскваюцца.
Бобчынскі. Маю гонар віншаваць!
Читать дальше