У мыцельнiку Валi Камоцкай давялося стаць вобак з сваiмi таварышкамi. Адна з iх, трымаючы ў роце зубную шчотку i саркастычна аглядаючы Валю, цынiчна парэкамандавала ёй:
- Памый заадно й грудзi ды павесь iх на шнурку сушыцца.
- Гэта ня я, а ты з радасьцяй павесiла-б, каб у цябе было што вешаць.
Няпрыемная сутычка памiж дзьвюма жанчынамi сьцiшыла рэшту, зьмянiла настрой. Мала гаворачы, усе вярнулiся ў пакой i пачалi зьбiрацца на заняткi. Валя Камоцкая, як i заўсёды хутказьменная, зноў увайшла ў сябе, замкнулася, няпрыступная нiкому. Яна зноў вярнулася да таго, з чым i прачнулася - да Рамана. Толькi цяпер яна думала ня проста пра Рамана - ў ёй прачыналiся здольнасьцi сьледчага, якi яшчэ ня ведаў, як пачынаць цяжкое сьледства. Дзьве супярэчлiвыя акалiчнасьцi рабiлi цяжкой Раманаву справу: з аднаго боку, Валя хацела, так-бы сказаць, намацаць Ахiлесаву пяту ў Рамана, знайсьцi тое, што мучыць, дражнiць, палохае i штурхае яго на падазроныя сувязi, з другога боку, сваiм нязвычайным сьледствам яна магла пашкодзiць самыя сувязi з Раманам. Апошняга яна баялася найбольш, але-ж i не магла застацца ў тэй няпэўнасьцi, якую яна адчувае i асаблiва адчула апошнiм разам, на кватэры ў Рамана Корзюка.
Валя выйшла з iнтэрнату разам з усiмi, але, апынуўшыся на вулiцы, адлучылася ад кампанii i стала на трамвайным спынку, што быў тут-жа, недалёка ад манастыра. Усё зьдзiўлена азiрнулiся на яе. Нават блiжэйшыя спамiж ейных сябровак, з якiмi яна, бывала, i дружыла, нiчога не папыталiся ў яе трымаючыся ўвесь час нейтральна. Неўзабаве прыйшоў трамвай, i Камоцкая лёгка ўскочыла на падножак.
З уваходам у трамвай увайшло ў свае берагi i тое пачуцьцё, якое кiравала ёю i вяло яе да пастаўленай мэты. Яна не спакмела, калi прайшоў пад Чыгуначным мастом трамвай i калi ён дайшоў да свайго канцовага спынку. Усе вылезьлi, толькi яна адна заставалася ў апусьцелым вагоне, пакуль кандуктар не нагадаў, што трамвай далей ня йдзе. Валя Камоцкая, як i ўчора, зноў прайшла паўз Берасьцейскi мост i хутка згубiлася ў садовых вулiцах. Але цяпер яна баялася тут, на гэтай ускраiне. Учора ўвечары яна пачувала сябе тут iнакш, зацiшней, бясьпечней, а цяпер удзень у яе мог яшчэ хто-небудь папытацца, хто яна i што ёй тут патрэбна. Нiколi яшчэ яна ня йшла тут адна. Заўсёды толькi з Раманам... Што яна надумалася? Яна яшчэ нiчога не хавала ад Рамана, заўсёды ўсё яму гаварыла ў вочы - прыемнае i прыкрае. Што змушае яе цяпер хаваць у сваiм сэрцы тое, што яна надумалася? Не, гэта ня тая дарога, што вядзе да Рамана. Прыйшоў-бы час, i ён сам, магчыма, адчынiў-бы сваю душу, як ён заўсёды адчыняе мне дзьверы свайго пакою. Камоцкая зiрнула на дом, дзе жыве Раман, i не знаходзiла адвагi iсьцi далей. Вярнулася, каб ня так ужо адразу... Можа лепей зайсьцi з другога канца вулiцы... На месцы iхнага ночнага прыпынку ляжала колькi расьцiснутых яблыкаў. Валя перайшла на iншую вулiцу, яшчэ меншую за гэту. З нейчага дварку злосна кiнуўся на яе сабака, тузануўшыся на ланцугу.
Валя Камоцкая пастукалася да гаспадынi Рамана Корзюка. Тая не адразу адчынiла ёй дзьверы, у хаце была чуваць гаворка. Гэта насьцярожыла Камоцкую Раманава гаспадыня жыла адна, муж у яе памёр маладым, дзяцей ня было, раднi таксама, i хто-б мог зайсьцi да яе - нi з кiм яна ня зналася i ня любiла нiякiх наведвальнiкаў. Але мала чаго ня бывае. Валi толькi не спадабалася, што нехта зайшоў да яе тады, калi i ёй трэба было пагутарыць з ёю. Собiла ж ёй ткнуцца ў гэтую часiну, няхай-бы раней цi пазьней. Ды ня было ўжо як адступаць - дзьверы адчынiлiся: Раманава гаспадыня стаяла перад ёй спалоханая, зьбянтэжаная i як-бы злосная, хоць у голасе, калi яна абазвалася да Валi, ня чулася нiчога асаблiва варожага.
- Добра, што вы зайшлiся.
Гаспадыня павяла Валю ў другую палавiну хаты. Падняўшы з нейкага матэрыялу заслону ў дзьвярох, яна ўпусьцiла Валю ў досыць вялiкi пакой. На нейкай воддалi ад Камоцкай, перад вялiкiм старым люстрам на ўсю сьцяну, стаялi тры высокiя мiлiцыянэры, i адзiн з iх трымаў у руках сакваяж, падобны да таго, якi Валя бачыла ўчора пад сталом на кватэры ў Рамана. "Вось i сьледства", - хутчэй за самую думку ўспыхнула трывога ў падсьвядомасьцi ў Камоцкай. Мiлiцыянэры перш пабачылi яе ў люстры - з галавы да ног, яна як-бы наскрозь прасьвяцiлася перад iмi. Потым яны павярнулiся да яе. Асьлепленым, iм цяжка было напачатку глядзець на яе: яны ўспрыймалi яе, быццам шклянымi вачыма - гэтак шмат трапiла сьвятла ад люстра ў iхныя зрэнкi. Выцiраючы вочы, адзiн з iх, найстарэйшы, дапытлiва глянуў на Камоцкую:
- Вы чаго прыйшлi сюды, грамадзянка?
Читать дальше