— Ну вядома, — сказаў салдат. — «Праступленьне і наказаньне» Дастаеўскага…
— Дастаеўскі што! Дастаеўскаму таго й ня сьнілася, што ў нас робіцца. Сын бацьку забівае. Бацька дачку малалетнюю гвалціць. А ты — Дастаеўскі…
— Дык што ж тады гэтым злыдням? Рабі, што хочаш? Яны ж усё могуць.
— Яны могуць, ага. Але іхным спосабам супраць іх нельга. Нельга, нельга. Нізашто нельга!
— А якім жа тады спосабам?
— А супраць іх спосабаў няма, — глыбакадумна зазначыў бамж.
— Няўжо?
— Яны самі сябе павінны прыкончыць. Рана ці позна. Як павукі ў банцы. Калі ў банку да іх кінуць, напрыклад, шаршня, яны ўсе наваляцца на яго і заб'юць у момант. А калі іх там не чапаць — самі сябе пажруць. Бо нікога ня жраць яны ня могуць. Гэта точна, навукай даказана, — сказаў бамж і, мабыць задаволены сваім адказам, хітравата засьмяяўся.
Салдат маўчаў, задуменна калупаючы дубчыкам у пяску.
— Забойства — падвойная бяда. Нават калі й ня зловяць, не засудзяць. Цябе ж, мабыць, лавілі?
— Ня ведаю, — паціснуў плячыма салдат. — Можа, і цяпер ловяць.
— Тады табе нельга адсюль патыкацца. Сядзі. Тут яшчэ, можа, як пераседзіш.
— Чаго ж я тут дасяджуся? — нэрвова папытаўся салдат.
— А знаеш, усё можа быць. Уласьць зьменіцца — у нас жа таксама яна мяняецца. Ну, калі там памрэ хто. Ці амністыя. Ці дзе новы рэактар выбухне, — бамж зноў засьмяяўся.
— А радыяцыя? — узьняў галаву салдат.
— Во я й кажу: калі раней радыяцыя ня скруціць. Яна — паскудная сука, падбіраецца на каціных лапках, а хапае, як тыгра.
— Скуль вы ведаеце?
— Ведаю, — няпэўна адказаў бамж. — Па сабе адчуваю.
Такі паварот размовы быў не па нутры салдату, і ён моўчкі ўстаў. Памалу пайшоў па беразе, пазіраючы на раку, нібы тая магла чым суцешыць. Было крыўдна на сваю няўдалую долю — і чаму гэткая дасталася яму? Чаму ён трапіў да гэтага гада Дробышава, а не да якога лепшага сяржанта? І мала яму было бяды ў палку, дык яшчэ ўлез у гэтую страшную зону. Усё ж, мабыць, яна сапраўды страшная — дарма некаторыя кажуць, што такія страхі перабольшаныя. Мабыць, не перабольшаныя, калі ад яе ўцякаюць людзі. Людзі ведаюць ці адчуваюць небясьпеку, адкуль бы яна ні йшла — ад Бога ці д'ябла. Людзей не ашукаеш. А ён во, здаецца, ашукаўся — ня трэба было бегчы сюды. Хаця, а куды б ён пабег — бяз грошай і бяз зброі? Са зброяй, напэўна, усё магло б быць інакш. Хаця… Вунь бамж гаворыць пра рыкашэты. Можа, хопіць яму й аднаго рыкашэта, які ўжо ці ня трапіў у яго.
Шмат што ва ўласным лёсе салдата здавалася яму няпэўным ці зусім кепскім. Людзі, якіх ён сустракаў, таксама ня надта захаплялі яго. Да бамжа ён зь першага дня прыглядаўся з асаблівай увагай — усё ж ня так часта выпадала яму сустракаць бамжоў. Спосаб ягонага існаваньня і некаторыя словы часам зьдзіўлялі салдата, які зь дзяцінства прывык, можа быць, з празьмернай увагай ставіцца да словаў і ўчынкаў старэйшых. У старэйшых хлопцу перш за ўсё хацелася бачыць пэўнасьць і грунт, — якасьці, якіх, можа, не хапала самому. Але не нашмат болей ён знаходзіў іх у старэйшых, сярод якіх таксама панавалі зьменлівасьць і выпадковасьць. Пачынаючы ад дробных, асабістых падзеяў ды ўчынкаў і канчаючы Чарнобылем. Людзі яўна не разумелі, куды йшлі і куды трэба было йсьці. Часам ён думаў, што ўся гісторыя чалавецтва надта ж падобная на мітусьлівы рух згаладнелых мухаў па пустым стале. Ні законаў у тым руху, ні пэўнасьці, адно толькі памкненьне — знайсьці і зжэрці.
Во і бамж пра радыяцыю кажа то так, то гэтак. То яна для яго — не пагроза, то ён ужо штось адчувае. Хаця што бамж — нават вучоныя ня могуць дазнацца пра ступень яе небясьпекі. Адныя ўстанаўліваюць адныя нормы, другія — другія. Але ўсе вынаходзяць тэарэтычна, а тут даводзіцца выпрабоўваць гэтую халеру на сабе, сугуба практычна. Яны тут, нібы лябараторныя мышы зь нікому непатрэбнай лябараторыі, няплянавыя ахвяры заблытанай навукі. А заадно й гэткай жа тэхнікі. А можа, і абаронкі таксама. Салдат нідзе не чытаў, але чуў у размовах, што прычыны катастрофы — усё ж у абаронцы. Для ракет патрэбны ўзбагачаны плутоній, во абароншчыкі й гналі яго, каб выканаць і перавыканаць пляны да сьвята ўсіх працоўных — першага мая. Тэхніка й ня вытрымала. А за ёй і абаронка, ды й палітыка таксама. Але ж у гэтай дзяржаве палітыка — рэч сьвяшчэнная, у ёй ніколі ніхто не сумняваецца. Толькі чаму яна патрабуе столькі ахвяраў?
Апошнія дні салдат таксама пачаў прыкмячаць у сабе штосьці нядобрае. Нейкія кепскія зьмены пачалі адбывацца і ў яго арганізьме. Стала надта круціцца галава, часам ён нават баяўся, што ўпадзе, асабліва калі доўга глядзеў на рачную плынь. Зноў жа пачала балець шыя пад вухам, увесь час карцела адкашляцца, ды было неяк. Але болей за ўсё яму дакучала адчуваньне голаду. Ад голаду ён слабеў і думаў, што ўсе прычыны яго хваравітасьці — ад недахопу харчу. Здавалася, калі б хоць аднойчы ўволю пад'еў, дык і пачуўся б лепей. Але пад'есьці ўсё не было чаго, а пра іншае ён баяўся й думаць.
Читать дальше