Выратоўчы іх касьцярок, зь якога яны карміліся і які грэў іх уначы і ўраньні, апынуўся карай для салдата. Ён зжыраў неймаверную колькасьць дроваў, якія ўсё цяжэй было здабываць у лесе. Мабыць, усё было б лепш, калі б яны мелі сякеру ці хоць які здатны нож ці кінжал. Але нічога з таго ў іх не было — ні ў бамжа, ні ў салдата, дровы яны мусілі здабываць голымі рукамі. Гарадзкі жыхар, салдат ня думаў, што ў лесе гэта стане праблемай. Галоўнае, калі бамж ішоў на балота, хлопец ня мог на даўгі час адлучацца зь берагу, а адлучыўшыся, кожны раз баяўся, што спозьніцца, і касьцёр згасьне.
Таго дня ён асабліва далёка й не адыходзіў. Выбраў у маладым хвойніку ссохлую елку, якая была яму пад сілу, і распачаў яе гнуць-хістаць, каб выкруціць з каранямі. Елка была не таўстая, тым ня менш давялося павалэндацца, і хлопец ажно спатнеў, пакуль управіўся зь ёю. Так і павалок цераз падлесак да рэчкі, усё трывожачыся, ці не патух касьцярок. Як ішоў, падклаў зусім трохі, магло й дагарэць.
Выбраўшыся зь лесу на абрыў, перш за ўсё зірнуў на бераг і ад зьдзіўленьня ледзьве ня выпусьціў елку — каля касьцярка плячмі да яго сядзела незнаёмая жанчына. Касьцярок быццам яшчэ трохі дыміўся, і жанчына, апранутая ў джынсовую куртку і спартовыя штаны, клапатліва падкладвала ў яго тое, што не пасьпела яшчэ дагарэць. Салдат амаль што спалохаўся, што яна можа й зусім патушыць касьцёр, і саскочыў з абрыву.
— Во падкладваю, каб не патух, — сказала жанчына звычайным, амаль як у хаце, голасам.
Не адказаўшы ёй, салдат паправіў канцы недагаркі гальля — дымок пагусьцеў, неўзабаве павінны быў паявіцца агонь: касьцярок не затухне. Гэта яго супакоіла, хаця паяўленьне жанчыны амаль затрывожыла, тым больш, што ён тут апынуўся адзін, — бамж з ранку прападаў на балоце.
— Што, рыбу ловіш? — паўзіраўшыся ў яго заклапочаны твар, запытала жанчына.
Яна была куды старэйшая за салдата, мела жвавы й востры позірк з-пад цёмных, не памаляваных брывоў; на яе вуснах таксама не было прыкметна сьлядоў памады, і яны здаваліся ня надта выразнымі на худаватым твары. Вольная манера гаворкі й не беларуская мова давалі зразумець, што жанчына не тутэйшая, — хутчэй за ўсё, з гораду. Але як яна апынулася тут? Што ёй тут трэба?
— Адзін тут? — зноў запытала яна.
— Не адзін, — буркнуў ён і палез на абрыў па елку. Усё ж трэба было падкласьці ў касьцёр.
Ён звалок елку з абрыву, падцягнуў бліжэй да берагу і пачаў абломваць галіны. Некаторыя зь іх кідаў у агонь, іншыя, што былі таўсьцейшыя, складваў наводдаль. Жанчына, пільна назіраючы за ім, моўчкі сядзела ля кастра. Пасьля рэзка спытала:
— Ты дурань, ці што?
Перш, чым адказаць, ён кінуў у яе бок злы позірк, бо яна яўна бянтэжыла хлопца і, мабыць, не адразу ўцяміла тое. Але зразумеўшы, падышла да яго бліжэй.
— Давай памагу.
Удвох яны сталі ламаць зь елкі суччо, хаця, як ён зразумеў, дапамога ад яе была невялікая; яна больш замінала, тузаючы елку. Ростам яна была вышэйшая за салдата і, мабыць, ніколькі не бянтэжылася ў адносінах зь ім. Ён жа немаведама чаму пачаў прыкметна для самога сябе саромецца ад таго, што яна была да яго так блізка.
— А сякеры няма? — папыталася жанчына, і ён згледзеў, што наперадзе ў яе не хапае зуба.
— Няма.
— І пілкі няма?
— Няма й пілкі.
— Як жа ты тут абыходзісься? Рукамі?
— Рукамі.
— А як рыба? Клюе?
— Клюе, — проста адказваў ён, ламаючы таўсьцейшыя сукі зьнізу. Жанчына абломвала болей тонкія зь вершаліны.
— І шмат налавіў?
Прыпамятаўшы іхны ўлоў і страчаны кручок, ён крыва ўсьміхнуўся. Падумаў, аднак, што падрабязнасьцяў ёй тлумачыць ня будзе. Хто яна такая, каб усё ёй тлумачыць.
— А дзе ж твая вуда? Ці, можа, сетка? — не змаўкала жанчына.
— Для нашай рыбы вуды ня трэба, — сказаў ён, маючы на ўвазе жабаў.
— Во як! Значыць, ты тут не адзін?
— Не адзін, — сказаў ён і ўпершыню проста зірнуў ёй у твар, затрымаўшы позірк на вязанай шапачцы на галаве. Усё ж улетку ў зімовых шапках жанчыны ня ходзяць, нават у лесе. Чаму гэтая ў шапцы? Ягоны позірк, аднак, зараз жа прыкмеціла жанчына.
— Што, думаеш — благая шапка? Вельмі нават зручная. І камары не кусаюць. Дык з кім жа ты ловіш?
— З кім трэба, з тым і лаўлю, — стрымана сказаў ён і змоўк. Недарэчная цікаўнасьць жанчыны пачала дакучаць салдату. Добра яшчэ, думаў ён, калі тое — толькі цікаўнасьць. Хутчэй бы прыходзіў з балота бамж, ужо ўдвох бы яны знайшлі як адчапіцца ад гэтай жанчыны.
Жанчына ў сваю чаргу таксама зразумела, мабыць, што няшмат даб'ецца ад гэтага недарэкі-хлопца ў салдацкім бушлаце, і сказала пра сябе:
Читать дальше