— Ой!
— Сволач ты! — трацячы разважлівасць, сіпата выкрыкнуў Сотнікаў. — За што? Жанчыну за што?
У ім усё нервова затрэслася ад гневу, які, аднак, вярнуў рэшту ягонае сілы, і Сотнікаў неяк узгробся пад сцяной на адну нагу і павярнуўся да таго Стася. Ён, можа, толькі цяпер адчуў, якая яна, гэтая Дзёмчыха, і міжвольна памкнуўся абараніць яе. Падхоплены хваляй гневу, ён зусім забыўся на сябе і ніколькі не баяўся паліцая, хоць і падумаў, што той Стась, мусіць, дасць і яму. Але спрытны, ухопісты Стась толькі ўхмыльнуўся на яго крык і дакладным напрактыкаваным рухам саўгануў шомпал назад у вінтоўку.
— Будзе ведаць, за што!
Сотнікаў пакрысе саўладаў з сабой, пачаў аддыхвацца і спакойнець.
Усё было вядома, проста і надта звычайна — яны самі аддалі сябе ва ўладу вылюдкаў — чаго было іншага ад іх чакаць. Калі не застрэляць адразу, трэба рыхтавацца да допытаў, катавання, пакутнай, зняважлівай смерці. На які паратунак ён ні разлічваў, усе яго шансы-надзеі ўжо беззваротна скончыліся.
У сенцах іх абшукалі — выграблі ўсю драбязу з кішэняў, патроны, раменнымі супонямі туга звязалі рукі — Рыбаку ззаду, а Сотнікаву спераду — і пасадзілі на шурпаты гліняны дол. Потым той, старшы, са звераватым абліччам паліцай пайшоў у хату да Дзёмчыхі, а другі, якога называлі Стасем, астаўся на ганку іх пільнаваць.
Марознае паветра апякала хворыя грудзі Сотнікава, у галаве яго блажліва кружылася, пашчыпвала ад сцюжы падмёрзлыя вушы — пілотку ён недзе згубіў, мабыць, на гарышчы. Мерзла і таму яшчэ болей балела яго параненая нага. Калена распухла, ён проста не мог варухнуць ім, а босая ступня ссінела і азызла. Мусіць, трэба было б папрасіць бурак, але ён уявіў, як балюча будзе надзець яго, і перадумаў: чорт з ім! Цяпер ужо ўсё адно, хай мерзне нага, мабыць, хутка яна яму будзе ўжо без патрэбы. Седзячы ў доле і ўсё кашляючы, ён пазіраў на свайго канваіра — маладога хлопца ў чорнай фарсістай кубанцы, яго прыгожы з пародзістым носам твар, на якім часам з'яўлялася нечакана прываблівая ўсмешка. Адчувалася ў ім нешта людскае і нібы знаёмае, вайсковае, ці што; можа, таму, што той быў у вайсковым бушлаце і ботах — спраўных хромавых ботах, у якія былі запраўлены, аднак, чорныя цывільныя штаны. Стась трымаў на плячы вінтоўку, другім прысланіўся да шула і, палузгваючы гарбузныя семкі, паглядваў то на палонных, то некуды на вуліцу — мусіць, чакаў транспарт. Але транспарту пакуль не было, і ён, патаптаўшыся крыху, сеў на парозе, паставіў між ног вінтоўку. Зблізку пільна, але без злосці, хутчэй насмешліва агледзеў абодвух.
— За пакулле залезлі, ха! Як прусакі!
Яны маўчалі, толькі Рыбак, з пакутнаю спробай нешта зразумець, зірнуў на яго і патупіўся.
— Цяпер вас памыюць, папрасуюць і таго — трошкі павесяць! Пасушыцца, ха-ха! — засмяяўся паліцай так дабрадушна і натуральна, што Сотнікаў аж схамянуўся — так гэта было падобна на прыяцельскі, нахабнаваты, але добразычлівы жарт. Але смех гэты раптам абарваўся, і ўжо зусім іншым тонам, ад якога нельга было не здрыгануцца, паліцай вылаяўся.
— Такія-сякія нямазаныя! Хадаронка ўгробілі? Цяпер мы вам разматаем на плоце кішкі.
— За што матаць? Не ведаем мы ніякага Хадаронка, — паныла сказаў Рыбак.
— Ах, не ведаеце? Можа, гэта не вы ноччу стралялі?
— Мы не стралялі.
— Вы ці не, а рэбры ўсё роўна вам ламаць будзем. Паняў?
Стась пасур'ёзнеў, вочы яго пагрозліва засцюдзянелі, і ўсё тое чалавечае, што маладою добрасцю ляжала на твары, неяк дзіўна знікла з яго, саступіўшы месца злой бяздушнай рашучасці.
Яны ненадоўга змоўклі, паліцай — пазіраючы на іх са злосцю, а палонныя — непрыемна перажываючы яго жахлівую пагрозу. Пэўна, каб хутчэй пазбыцца яе, Рыбак запытаў пра іншае:
— У арміі служыў?
— У якой арміі?
— Чырвонай хаця б.
— С… я хацеў на вашу армію! — яшчэ больш вызверыўся паліцай і зрабіў страшныя вочы. Потым неяк паступова твар яго перамяніўся, на ім з'явілася ўсё тая ж паблажлівая ўсмешка. Адставіўшы ўбок нагу, ён наском бота размерана пацепаў па зямлі. — Ось так!
— А бушлат? — паказаў позіркам Рыбак.
— Ах, бушлат! У аднаго жыдка-камісара ўзяў. Таму не спатрэбіўся, — сказаў паліцай і, заўважыўшы яго запытальны позірк, спакойна дадаў: — Твой паўшубачак таксама прыбяром. Будзіла возьме, ягоная чарга. От так.
— А не падавіцеся? — раптам цвёрда, трошкі стрымліваючы хваляванне, сказаў Сотнікаў.
Стась ускінуў галаву.
— Што?
— Не падавіцеся, кажу? Паўшубачкамі, і наогул!
— Гэта чаму нам давіцца? За нас Германія — паняў ты, чмур? А вот вам точна капут! Будзьце ўпэўнены, у бога душу маць! — свірэпа закончыў Стась.
Читать дальше