— Я сам.
Было пакутна і балюча, і ўсё ж ён, расшпіліўшы, ссунуў да каленяў таксама скрываўленыя штаны. Сярод падсохлых крывавых пацёкаў на яго целе Рыбак згледзеў урэшце ранку. Яна аказалася зусім невялічкай, падпухлай, з сіняватым абадком наўкруг — тыповай кулявой ранай, якая трохі яшчэ крывяніла. З другога боку сцягна выхаду не было, што значыла: куля засела ў назе. Гэта ўжо было горш.
— Да, сляпое, — заклапочана сказаў Рыбак. — Трэ даставаць.
— Ты ж не дастанеш, — пачаў раздражняцца Сотнікаў, — дык завязвай, і годзе.
— Нічога, нешта прыдумаем. Хазяюшка, можа, перавязаць чым знойдзецца? — гукнуў Рыбак за перагародку, а сам мокрым ручніком пачаў аціраць падсохлую кроў.
Нага ў Сотнікава нервова падрыгвала, мабыць, было балюча, той, аднак, намогся і трываў, і Рыбак падумаў, што ўвогуле рана не такая і страшная, калі толькі куля не зачапіла косці. Калі яе выняць, дык праз месяц усё загоіцца. Куды важней гэты месяц недзе перабыць, перахавацца, каб не папасціся ў лапы да немцаў.
Калі Дзёмчыха з'явілася ў дзвярах з кужэльным кавалкам у руках, Сотнікаў сарамяжліва схамянуўся, і яна заўважыла тое.
— Не бойся. На во, перавязвайце, чым знайшла.
Увесь час, пакуль Рыбак абкручваў сцягно, Сотнікаў душыў у сабе стогн і, калі ўсё было скончана, пластам упаў на лаву. Рыбак спаласнуў у чыгунку рукі.
— Ну во, аперацыя і скончана. Хазяюшка!
— Бачу, не сляпая, — сказала Дзёмчыха, з'яўляючыся ў дзвярах.
— А што далей, ось загвоздка! — Рыбак з відочным клопатам ссунуў на патыліцу шапку і запытальна паглядзеў на жанчыну.
— А я хіба ведаю, што далей.
— Ісці ён не можа — факт.
— Сюды ж прыйшоў.
Мабыць, яна нешта адчула ў яго далекаватых закідах, і яны пільна і насцярожана паглядзелі адно на аднаго. І гэтыя іх позіркі засведчылі куды болей, чым было сказана ў словах. Рыбак зноў адчуў сваю няўпэўненасць, слабасць свайго лагічнага грунту — як было давесці гэтай жанчыне, што іншага выйсця ў іх няма. Але і яна, відаць, няблага разумела, чым рызыкавала, згадзіўшыся на іх патрэбу, і мела намер стаяць на сваім.
У даволі лёгкай, амаль дробязнай дагэтуль размове настала дакучлівая замінка. Сотнікаў задышліва прыціх на лаве, а Рыбак у клапоткім роздуме зірнуў у акно.
— Немцы!!
Як уколены, ён адскочыў у парог, за якую долю секунды ўсё ж паспеўшы згледзець некалькі ўзброеных постацяў, што стаялі на могілках. Менавіта стаялі, а не ішлі, ён нават не зразумеў, куды яны былі звернуты тварамі, ён толькі ўбачыў абрысы постацяў са стваламі вінтовак над іх плячамі.
Сотнікаў падхапіўся з лавы, шырока замахаў ля сябе рукой — стараўся схапіць вінтоўку. Гаспадыня як стаяла, так і збялела да белага палатнянага колеру. Рыбак спярша хацеў быў выскачыць за дзверы, ды зноў вярнуўся зірнуць у акно, але яго апярэдзіла Дзёмчыха.
— Ідуць! Трое сюды ідуць!
Сапраўды, трое з могілак накіроўваліся ўніз да сцежкі, якраз, мусіць, па нядаўніх іхніх слядах. Як толькі Рыбак згледзеў тое, усё ў ім апала ўнутры ў шчымлівым прадчуванні бяды. Ніколі ён не палохаўся так, нават сёння ўначы, а цяпер нешта сказала яму, што будзе найгоршае. На нейкае імгненне ён сапраўды разгубіўся. Здаецца, найлепей было ўцякаць, аднак ён зірнуў на скурчанага на лаве Сотнікава, які сціскаў у адной руцэ вінтоўку, і спыніўся. Уцякаць не выпадала. Дзёмчыха, мусіць, таксама зразумела гэта і трывожлівым шэптам загаманіла:
— На гарышча! Лезьце на гарышча!!
Вядома, на гарышча, куды ж яшчэ можна было падацца ў сялянскай хаце? Яны сунуліся ў цемнаватыя сенцы, у куце якіх чарнеў квадратны лаз на гарышча, але драбіны пад ім не было, і Рыбак ускочыў на круглыя камяні жорнаў. Найперш ён перакінуў на гарышча вінтоўку і азірнуўся.
— Давай тваю!
Сотнікаў, расставіўшы рукі, гробся цераз парог, Дзёмчыха падтрымлівала яго, ён падаў вінтоўку, і Рыбак таксама сунуў яе ў цёмную дзірку гарышча. Потым, ледзь не паваліўшы жорны, узвалок на іх Сотнікава. Верхняе бервяно адсюль усё яшчэ было высока, ухапіўшыся за яго рукамі, ён зашкрэбаў па сцяне ботамі і неяк ускараскаўся. Тут жа ўхапіў працягнутыя рукі Сотнікава. Дзёмчыха ўвесь час старанна і няўлад пасабляла знізу, паўхвіліны Сотнікаў напружана высільваўся на сцяне, але ўрэшце таксама пераваліўся цераз верхняе бервяно і апынуўся на столі хаты.
— Пакулле там! За пакулле лезьце! — падказвала знізу гаспадыня.
Рыбак ступіў па мяккай засыпцы гарышча, тут, як і ў сенцах, панаваў змрок, але з-пад страхі і праз маленькае акенца ў шчытку трохі цадзілася святла, у якім ён убачыў шырокі цагляны слуп коміна, нейкія транты на вешале, зламаны калаўрот у доле. Зводдаль пад дахам грувасцілася ладная куча пакулля.
Читать дальше