Што ж, і гэта было зразумела і натуральна. Рыбак задумліва апусціў галаву, Сотнікаў асцярожна паспрабаваў варухнуцца — дранцвела сцягно, вузкая сырамятная супонь рэзала яго тонкія рукі.
Урэшце паліцай прыгнаў двое саней. Адны асталіся на вуліцы, а другія са скрыпам і конскім тупатам пад'ехалі пад самы ганак, і Стась усхапіўся з парога. Першага ён упіхнуў у развальні Рыбака, потым дужым рыўком за каршэнь падняў з долу Сотнікава. Калі той, дастыргікаўшы, неяк уладкаваўся поруч з таварышам, паліцай уваліўся ў сані ззаду. Возчык — стараваты напалоханы дзядзька ў драным кажуху — боязна прыткнуўся ў перадку. Змёрзлую босую нагу Сотнікаў патроху падапхнуў пад сена, зверху прыкрыў палой шыняля. Яму зноў рабілася надта дрэнна, але неяк трэба было трываць. Цяпер трэба было толькі адно: трываць. І ён трываў, ашчадна выдаткоўваючы не надта багаты запас гэтага свайго трывання.
Ён думаў, што яны адразу паедуць, але з хаты нешта не выходзіў старшы паліцай, па яго пайшоў той, што хадзіў па сані. Неўзабаве адтуль пачуліся галасы і плач Дзёмчыхі, Сотнікаў нявесела ўслухаўся: пакінуць яе ці не? Хвіліну яшчэ, падобна было, там нешта шукалі, стукала аб папярочыну драбіна ўгары, плакалі дзеці, а потым гучней загаласіла Дзёмчыха.
— Праклятыя вы! Каб вам да нядзелі не дажыць! Каб вы маці сваіх не ўбачылі!
— Ну-ну! Жыва, сказана! Жыва!!
— На каго я дзяцей пакіну, гадаўё вы неміласэрнае!..
— Жыва!
Так, не выйшла, забіралі і яе — значыць, іхняе становішча і яшчэ ўскладнялася. Мабыць, будзе і горш. Сотнікаў зірнуў на Рыбака. Той сядзеў да яго бокам, і здалося, на яго аброслым шчаціннем твары слізгануў пакутлівы цень. Было ад чаго.
Па той самай сцяжынцы ўздоўж плота яны выехалі на дарогу і павярнулі паўз могілкі. Сотнікаў уцягнуў галаву ў каўнер, трохі прыхінуўся плячом да аўчыннае спіны Рыбака і заплюшчыў вочы. Развальні тузаліся пад імі, палазы часам заносіла ўбок. Стась ззаду, чуваць было, лузгаў і пляваўся сваімі семкамі… Мусіць, іх везлі ў паліцыю або СД — значыць, спакойнага часу асталося надта мала — трэба сабрацца з душэўнымі сіламі, падрыхтавацца да яшчэ большых пакут. Вядома, яны не скажуць ім праўды, хоць таго, што яны з лесу, відаць, утаіць не ўдасца, але каб хоць выгарадзіць Дзёмчыху. Бедная цётка! Бегла дадому і не сніла, не ведала, што яе чакае там. Цяпер яна нешта ўсё крычала ззаду, сварылася і плакала, звераваты паліцай лаяўся на яе — брыдка, са смакам і з намерам як найбольш дапячы жанчыну. Але Дзёмчыха таксама не аставалася ў даўгу.
— Звяры! Фашысты! Куды вы мяне везяцё? Там дзеці! Дзетачкі мае родненькія, залаценькія мае! Гэлечка мая, як жа ты будзеш…
— Трэ было раней думаць!
— Ах ты, погань нячыстая! Ты мяне папракаеш яшчэ, запраданец нямецкі! Што я зрабіла вам?
— Бандытаў хавала.
— Гэта вы бандыты, а тыя як людзі: зайшлі і выйшлі. Што я знала, што яны на гарышча ўзлезлі? Што я — сваім дзіцям на загубу? Гадаўё вы паганае! Гітляроўскае!
— Маўчаць! Бо кляп усаджу!
— Каб табе кол усадзілі, нячысцік!
— Так! Стась, стой! — гукнулі з задніх саней, і абое сані спыніліся, не даязджаючы дзвюх тоненькіх бярозак, што пагойдваліся на ветры ў кусце лазняку за канавай. Рыбак і возчык цікаўна азірнуліся, а Сотнікаў толькі сцяўся нутром, чакаючы чагось абразлівага і страшнага. І сапраўды Дзёмчыха неўзабаве закрычала, затузалася, сані ззаду скрануліся на дарозе, рыпнуў хамут, і нават конь неспакойна пераступіў на снезе. Потым усё сціхла. Стась саскочыў быў з развальнёў, ды хутка зноў задаволена паваліўся на сваё месца.
— Хе! Рукавіцу ў зяпу — не крычы, шалёная баба!
Сотнікаў з натугай павярнуў галаву і апынуўся твар у твар з канваірам.
— Падлюгі!
— Ты, заступнік! Адвярні нюхаўку, а то красную юшку спушчу!
Паліцай зрабіў страшны выраз твару, вочы яго нядобра схаладнелі, зрэнкі патанулі ў іх некуды ўглыб. Але Сотнікаў ужо ведаў, з кім мае справу, і з выклікам і непрыкрытай варожасцю вытрымаў гэты позірк.
— Спрабуй, гад!
— Ха, пагражае! Ды знаеш — я цябе зараз шпокну і атвячаць не буду! Гэта табе не Саветы!
— Шпокні! Зрабі ласку.
— А то слабо? — Паліцай узяўся за затвор вінтоўкі, але толькі пырануў ствалом у грудзі і вылаяўся.
Сотнікаў нават не міргнуў — ён ужо не баяўся гэтага вылюдка. Ён ведаў, што на яго нахабства трэба адказваць такім жа нахабствам — гэтыя людзі разумелі абыходжанне толькі ў іх тоне. Самая малая прыкмета страху, залежнасці адзывалася ў іх звыклай рэакцыяй драпежніка перад безабароннай ахвярай.
Читать дальше