— Давай стараной. Ну яе, гэтую дарогу…
Яны сышлі ў лес, прабраліся праз калючы гушчар маладога хвойніку і пайшлі лесам зводдаль ад бальшака, аднак не губляючы таго з поля зроку. На бальшаку было пуста, прадзірацца ж праз хваёвы зараснік і падрост каштавала немалых сіл, куп’істая лесавая зямля з пнямі, жорсткай папараццю і галлём не давалі як разысціся, і Зоська падумала: можа, варта было б рызыкнуць і пайсці бальшаком. На самай справе, яна ўжо здарова прытамілася на гэтым шляху і ледзьве спраўлялася за Антонам, шырокія плечы якога мільгалі ў зарасніках. Зоська хацела была паклікаць яго, але перадумала: добра ёй з дакументам і пропускам, а як будзе яму ў выпадку сустрэчы з паліцыяй або немцамі? Адзін ягоны наган можа загубіць абаіх… I яна моўчкі цярпліва прабіралася па ягоным следзе ў неверагодна калючай хвойнай гушчэчы, з якой яны вылезлі на імшарыстую нізінку, зарослую старым змрочным ельнікам. Тут было ціха, цёмна і дзікавата, нібы ў склепе. Шумна дыхаючы, Зоська раптам заўважыла, як Антон знерухомеў наперадзе між дзвюх абымшэлых елак, і яна затаіла дыханне: з боку дарогі чуўся прыглушаны маторны гул, ён набліжаўся, з ім разам данесліся галасы, мужчынскі смех. Антон засцярожліва падняў руку.
— Чуеш, немцы…
У Зоські абмерла сэрца, яна прыслухалася — гул нядоўга патрымаўся на ранейшай ноце за ельнікам і памалу стаў слабець, аддаляцца. Падобна было на тое, што там сапраўды праехалі немцы, і яна падумала: добра, што Антон збочыў з дарогі. Так лепш, хаця і цяжэй. Мабыць, дарогі цяпер не для іх.
Пасля яны быццам усё ж згубілі бальшак, таму што за гадзіну лесавога шляху з таго боку не данеслася ніводнага гуку, зніклі і ўсе іншыя адзнакі дарогі. Антон пакрочыў трошкі марудней, і Зоська пачала выроўніваць сваё дыханне. Яна ўжо страціла ўсякае ўяўленне аб гэтай мясцовасці, ніяк не арыентуючыся ў дзікім незнаёмым лесе і спадзеючыся толькі на Антона, які, мабыць, ведаў, куды вёў яе. Яны перайшлі дзялянку са штабелем нарыхтаваных хваёвых дроў, пералезлі шырокі круты роў, з надта слізкага схілу якога Зоська з’ехала на спіне, а пасля ледзьве ўзлезла на другі, не меней абрывісты бераг. Рукавы сачка, калені і спаднічка зноў прамоклі наскрозь, выкачаныя ў снезе. За ровам вялікі лес кончыўся, пачалося драбналессе, падзьмуў вецер, у якім па-ранейшаму гойсалі рэдкія сняжынкі. Неба нядобра хмурылася, стала сцюдзёна, але нейкія няўлоўныя адзнакі ўжо сведчылі пра набліжэнне ракі, рэльеф прыкметна памкнуў уніз. I вось наперадзе, між прывольна разбегшыхся па схіле сосен, зашарэў пусты, прытуманены снегападам абшар. Вады яшчэ не было відаць, а лес скончыўся, і Зоська зразумела: яны падышлі да ракі.
«Малайчына, правільна. Не заблудзіўся», — з задавальненнем падумала яна пра Антона і бягом дагнала яго.
— Ну, во, пажалста. Выйшлі! — кіўнуў ён рукой на разлеглае ўнізе рэчышча.
Яны нетаропка абышлі маладыя хвойкі і спыніліся на абрыве. Унізе, каля іх ног, магутна гнаў сцюдзёныя хвалі Нёман.
Некалькі разоў у дзяцінстве Зоська бачыла гэтую раку, але ўсё ў летні час, і тая не рабіла на яе вялікага ўражання — абмялелая, з пясчанымі залысінамі берагоў, яна здавалася тады нешырокай, спакойнай, раённага маштабу рачулкай. Цяпер жа выгляд яе змяніўся так, што было не пазнаць, быццам гэта была другая рака, так яна раздалася ўшыркі і з імклівай магутнаю плынню несла ў сабе нейкую таямнічую, нават пагрозлівую сілу. Ва ўсю яе бачную з гары даўжыню ішло «сала» — густая мешаніна крыг з абцёртымі, нібы ў стылым тлушчы краямі, якія няспынна плылі і плылі, штурхаючыся і кружачыся, і ціхі, таемна-магутны шоргат стаяў над ракой. Абрывістыя лясныя берагі шырока расступіліся перад напорыстай сілай стыхіі, абыякавай да іх спакойнага расліннага жыцця, занятай сабой і сваім спрадвечным рухам да мора.
— Астравок, здаецца, вышэй будзе. Мы трохі ніжэй выйшлі, — сказаў побач Антон.
Зачараваная суровай прыгажосцю ракі, Зоська хвіліну не магла адвесці ад яе вачэй, думаючы, як жа ім пераправіцца цераз гэтую ледзяную плынь? Дзе знаходзіцца Астравок, яна не задумвалася, яна ўжо прывыкла, што ў такіх справах Антон разумеў болын, зноў жа, увосень ён тут усё скалясіў са сваёй групай. Не спускаючыся да вады, яны пайшлі па-над абрывістым берагам у пошуках гэтага самага Астраўка.
— Значыць, так, — павярнуўся да яе Антон. — На заставе там Петракоў. Або, можа, сяржант з дэсантнікаў. Той, каторага летам пад Зельвай падабралі. Дык ты назавеш пароль і скажы, што ўдваіх ідзем. Паняла?
Читать дальше