Людзей ён убачыў нечакана блізка, як толькі абмінуў край маладога густаватага бярэзніку, праз які не стаў прадзірацца, і павярнуў убок. Спярша кінуўся ў вочы конь, што паныла стаяў у вупражы крокаў праз дваццаць ад яго, за ім на санях з падсанкамі сядзела спіной да яго жанчына ў рудым, з чорным каўняром кажушку, і побач, прыгнуўшыся, стаяў мужык у шэрай суконнай паддзёўцы, які засяроджана сачыў за нечым, што рабіла жанчына. Побач на снезе ляжала свежапаваленая сасна, ужо раскрыжаваная, з абсечаным суччам, і Антон здагадаўся, што, мабыць, гэта з вёскі прыехалі ў лес па дровы.
Не губляючы, аднак, асцярогі, ён выйшаў з-за бярэзніку на адкрытае і спакойна скіраваў да людзей. Жанчына, што сядзела да яго спіной, не магла яго бачыць, але мужчына, напэўна, учуў яго крокі і ўзняў галаву.
— Добры дзень вам, — спакойна павітаўся Антон, падыходзячы бліжэй; мужчына таропка саставіў нагу з саней, пазіраючы на яго трохі здзіўленым, спалоханым позіркам. Гэта быў малады, крутаплечы хлопец з рэдзенькім пушком на барадзе, у чорнай шапцы-аблавушцы. З-пад паддзёўкі на ім відаць былі паношаныя армейскія брыджы з нашыўкамі на каленях, і Антон непрыязна падумаў: прымачок, напэўна.
Падобна, так яно і было. Хлопец трымаў у руцэ скібу хлеба з салам, якім яго частавала жанчына, як заўважыў Антон, падышоўшы бліжэй, спрытная, вяртлявая маладзіца, якая непрыязна і бязбоязна зірнула на яго. Тут жа была і дарога з прашараваным да пяску свежым следам ад гэтых саней.
— Добры дзень, — насцярожліва адказаў прымак, усё трымаючы ў руцэ лусту хлеба з пакладзеным на яе салам. Цяпер ужо абое яны трывожна глядзелі на Антона, які сказаў як можна спакойней:
— Па дровы прыехалі?
— Ды во трэба, — няпэўна сказаў прымак і паклаў на калені жанчыны хлеб, які тая адразу прыбрала ў белую зрэбную сумку. Антон ступіў бліжэй і нагой паварушыў цяжкі хваёвы камель, які ледзьве варухнуўся на снезе.
— Ну і таўшчыня! Як вы здужалі такую?
— Во, два мужыкі ды каб не адужалі! — нечакана ахвотна азвалася маладзіца. З хвойніку, падпяразваючыся старой вяроўчынай, вылазіў яшчэ адзін мужык, чалавек не маладога ўжо веку, з кароценькай, густа пасрэбранай сівізной бародкай.
— Для будаўніцтва, напэўна? — здагадаўся Антон.
— Падруба пад хату. Згніла, ці ведаеце, тавар быў няўдалы. Вядома, пры цару яшчэ будаваліся, — з добразычлівасцю, без ценю насцярожанасці загаманіў старэйшы і пасля кароткай паўзы папытаў асцярожна: — Здалёк будзеце, пан-таварыш?
— Здалёк, — сказаў Антон, адразу адзначыўшы гэтую няўпэўненасць барадача адносна «пана-таварыша». Аднак прасвятляць гэтае пытанне Антон не збіраўся. — А вы адкуль будзеце?
— Ды вунь са Сцяблёўкі.
— Ну, са Сцяблёўкі мы, — пацвердзіла маладзіца. Прымак маўчаў, насуплена, з-пад ілба вывучаючы няпрошанага ляснога госця.
— А ён таксама са Сцяблёўкі? — запытаў Антон, кіўнуўшы ў ягоны бок.
— Таксама, ага. Мужык мой, — заўсміхалася маладзіца, і спакуслівыя ямкі азначыліся на яе ружаватых шчоках.
— I даўно мужык?
— Не-а. Вунь на спаса ажаніліся.
— Панятна, — сказаў Антон і, зірнуўшы на прыкрытую палой кажушка зрэбную сумку з харчамі, падумаў: пачастуюць ці не? Хаця, напэўна, пакуль не вызнаюць, хто ён — пан ці таварыш, — пачастунку не будзе.
Але ён не спяшаўся вызначаць сябе, ён глядзеў на маладзіцу з сімпатычнымі ямкамі на шчоках і на яе мужычка, зусім яшчэ маладога хлопца, які, калі б не вайна і некаторыя звязаныя з ёй абставіны, напэўна, яшчэ пачакаў бы жаніцца. Маладзіца ж з такой закаханаю лагодай пазірала на яго, што Антон адчуў зайздрасць. Халера на іх — ідзе вайна, людзі гінуць, пакутуюць, а гэтыя вось жэняцца і нават падумалі мяняць падрубу. Не пудлуе, аднак, гэты хлопец у паддзёўцы.
— Ну еш, еш, Пецечка. На во табе з любавінкай, — хатнім галаском прымаўляла маладзічка перад сваім Пётрам. Антон адвярнуўся.
— А Сцяблёўка гэтая ваша дзе? У якім баку? — запытаўся ён у барадатага.
— А во акурат на ўзлессі. Во тут недалёка.
— А туды што будзе? — кіўнуў ён у той бок, дзе знікала не кранутая санным следам дарога.
— А туды Замошша, Гузы… Пасля гэта, як яе… — забыўся барадаты.
— Ну, Суглінкі яшчэ, — падказала маладзіца.
— Ды не, не Суглінкі, Суглінкі вунь дзе, убаку. А туды Загладзіна, во!
— I Загладзіна, і Суглінкі, і Астравок — усё ў тэй старане, — настойвала на сваім маладзіца, не злазячы з саней. Яе прымачок пачаў моўчкі жаваць хлеб з салам, усё яшчэ кідаючы засцярожлівыя позіркі на Антона. Антон зразумеў ужо, у якім напрамку трэба было ісці, і, каб не выдаць свайго намеру, пра вёскі перастаў пытацца. Запытаўся аб іншым:
Читать дальше