На НП у траншэі дзяжурыў ужо не Прыгуноў, а Ціток, ён таксама пазнаў камбата і не аклікнуў яго, а толькі паціху затупацеў ботамі, даючы тым знак, што не спіць, назірае і грэецца.
— Ну як — усё ціха? — запытаў Валошын.
— Ціха, таварыш камбат. Толькі машыны гурчаць.
— Дзе гурчаць?
— Ды там, на гарбу гэтым.
— На гарбу і будуць гурчаць. Умацоўваюцца.
Ён прайшоў па траншэі і падняў край палаткі на ўваходзе ў сваё жытла. Цяпер тут было не шмат цяплей, чым знадворку, печка-бітон, мусіць, ужо не гарэла. На яго ўваход у куце ля тэлефоннага апарата заварушыўся, пачаў дзьмухаць у трубку заспаны, з паднятым каўняром Чарнаручанка, побач пад паўшубкам спаў, выцягнуўшы ногі, Гутман, а ля ягонага боку сцяўся намерзлы за сваё дзяжурства Прыгуноў. Ад скрынак падняў санлявы твар Маркін.
— Ну што там, вярнуліся разведчыкі?
Валошын зморана ўладкаваўся на сваім месцы па другі бок скрынак, расшпіліў кручкі каўняра і аслабіў дзягу. Зморанае яго цела, нацёртае вопраткай і рамянямі, прагнула расслабнуцца, выпрастаць ногі, толькі выпрастаць тут не было дзе.
— З палка званілі? — замест адказу запытаў Валошын у Маркіна.
— Гунько абзываўся два разы. Загадаў адразу ж пазваніць, як прыйдзеце.
— Сну на яго няма, — прабурчаў камбат і пацягнуўся да Чарнаручанкі за трубкай.
Тэлефаніст на тым канцы провада, мусіць, драмаў і хоць адразу адказаў на пазыўны, але нешта няўцямна змоўчаў затым; Валошын пачакаў і паўтарыў выклік. Гунько таксама спаў і не адразу ўзяў трубку. Нарэшце прыглушаны адлегласцю пачуўся яго незадаволены голас.
— Да, слухаю.
— Дваццаць першы «Арла» слухае, — сказаў Валошын і змоўк.
— А, Валошын! Ну як абстаноўка? Як падрыхтаваўся? Усё гатова?
— Што гатова? — сказаў Валошын, не тоячы свае прыкрасці ад гэтага звычайнага ў такіх выпадках пытання. — Быў у Іванова — «агурчыкаў» кот наплакаў. Якая ж падтрымка будзе?
— Будзе, будзе падтрымка. Гэта не ваш клопат. Аб гэтым паклапоцяцца каму трэба.
— Гэта мне трэба, — стрымана запярэчыў камбат. — Я атакую, а не хто іншы. Таму і клапачуся.
— Во, вы атакуеце, вы сябе і рыхтуйце. Сваю гаспадарку рыхтуйце. У вас усё гатова?
— Яшчэ не вярнуліся разведчыкі. А на вышыні «Малой» яшчэ невядома хто — нашы ці немцы.
— Гэта на якой? За балотам? А там нікога няма. Тая вышыня незанятая.
— А калі ўсё ж занятая?
— Ды ну глупства, Валошын! Вам усё чэрці здаюцца. Учора мае разведчыкі вярнуліся — там пуста.
Валошын гаротна ўздыхнуў — учора! За ноч той пагорак можна тры разы заняць і тры здаць, а маёр усё будзе спасылацца на ўчарашнія звесткі «яго» разведчыкаў.
— Таварыш дзесяты, я прашу дазвол перанесці тэрмін «сабантуя» на гадзіну раней, — ухіляючыся ад бескарыснай спрэчкі, сказаў ён. Камандзір палка, мяркуючы па яго паўзе, не зразумеў ці нават здзівіўся.
— Гэта чаму?
— Ну раней, разумееце? Пакуль не развіднела. У пры-цемку.
Маёр зноў памаўчаў, пэўна падумаў і адмовіў.
— Не, нельга. Дзейнічайце па плану. План, разумееш, зацверджан… Наверсе. Так што… па плану.
Валошын скрыгануў сківіцамі, але змоўчаў, і паколькі Гунько таксама няпэўна маўчаў, адпусціў клапан трубкі, якую і паклаў упоперак на тэлефон. Маркін, відаць, прагнаўшы свой сон, запытальна паглядзеў на камбата.
— План! Гляджу, заўтра будзе цяганіны праз гэты ідыёцкі план, — не стрымаўся Валошын і вылаяўся.
— Калі ўжо план, дык кропка, — усё зразумеўшы, уздыхнуў Маркін. — Цяпер Гунько ад яго ні на крок, ведаю.
— Калі б хоць план, а то… У шэсць трыццаць атака.
Чаму ў шэсць трыццаць? Толькі развідняе. — Што не зроблена за ноч-, ужо не даробіш — некалі. I людзі не адпачнуць як след. У шэсць трэба ўжо сняданкам накарміць. Ні даразведаць, ні агледзецца… Але ж ім трэба да паўдня аб выкананні далажыць. Каб іх поспехі ў сутачную зводку ўключыць. Таму і гэтая спешка.
Валошын не мог стрымаць абурэння, хоць праз хвіліну і пашкадаваў аб тым. Наракаць на паводзіны камандзіра палка ды яшчэ ў прысутнасці падначаленых было не ў яго правілах, хутчэй наадварот. Але і стрымацца ў гэты раз было цяжкавата — столькі ўжо назбіралася на ягонай душы за гэтую ноч труднага і нервовага.
— Ладна, — сказаў ён больш сам сабе, чым іншым. — Вы адпачывайце, Маркін. Да чатырох ноль-ноль. У чатыры я вас падніму, сам пару гадзін драману.
— Ага, я засну, — пагадзіўся Маркін, але ўсё сядзеў, пазіраючы ў адну кропку на светлай дошцы скрынкі.
— I, гэта, дайце мне вашай брытвы, — папрасіў кам-бат. — Пагаліцца хачу.
Читать дальше