Пісталет страляў безадмоўна, за дваццаць крокаў Валошын лёгка адбіваў рыльца пастаўленай на пянёк бутэлькі, збіваў па заказу любую галінку з дрэва. Кожны раз, разбіраючы яго перад чысткай, ён са шкадаваннем думаў, што некалі ім прыйдзецца расстацца, і хацеў, каб пасля той дастаўся харошаму чалавеку. Шкадаваць не будзе.
Асцярожна ссунуўшы з рукаяткі затвор, Валошын не надта чыстай насоўкай старанна выцер яго пазы, выняў спружыну. Трэба было б прачысціць і ствол, у якім за некалькі дзён пасля апошняй стральбы, мабыць, нарасло каросты, але ў яго не было шчолачы. Ён нерашуча паўзіраўся ў соннага Гутмана, пазгадваў, куды той мог запіхнуць рэчмяшок з іх салдацкай маёмасцю, як раптам пачуў чыесь крокі. Яны гулка аддаваліся ў падмерзлай зямлі і яўна набліжаліся да іх зямлянкі. «Разведчыкі!» — з раптоўным ажыўленнем падумаў камбат, але ў траншэі крокі прыціхлі, ад няўмелых рук незнаёма зашамацела палатка, і ў зямлянку прасунуўся расчырванелы на ветры маладжавы твар.
— Дазвольце, таварыш капітан?
— Калі ласка, — сказаў Валошын, адчуўшы лёгкае расчараванне ад таго, што замест доўгачаканых разведчыкаў прыйшоў камсорг палка лейтэнант Круглоў. Зрэшты, камсорг быў неблагі афіцэр і таварыскі хлопец, і расчараванне камбата неўзабаве знікла.
— Што, маёр Міненка паслаў? — збіраючы пісталет, запытаў Валошын.
— Ну. У вас жа намячаецца заўтра, — проста сказаў Круглоў, знімаючы з рук рукавіцы. — А што гэта печка затухла? Дроў няма? Ну тожа, гаспадары мне — у лесе жывуць, а дроў не маюць.
Перш чым камбат з Чарнаручанкам паспелі што-небудзь сказаць, камсорг прыўзняў край палаткі і знік у траншэі. Пачуўся яго прыглушаны голас на НП да вартавога, крокі, пасля зноў усё змоўкла.
— Шабутны камсорг, — сонным голасам прамовіў Чар-наручанка, не то з пахвалой, не то з асуджэннем маладога лейтэнанта, якому па сваім узросце гадзіўся ў бацькі.
«Жвавы, ага», — падумаў Валошын. Круглова ён ведаў даўно, яшчэ з таго часу, як сам камандаваў ротай, а гэты лейтэнант быў камандзірам узвода ў палкавой роце аўтаматчыкаў. Спрытны быў аўтаматчык, нічога не скажаш. Зрэшты, стаўшы камсоргам палка, лейтэнант, здаецца, не перамяніўся.
Не мінула і чвэрці гадзіны, як зноў пачуліся крокі, моцны шоргат у траншэі, Чарнаручанка расхінуў палатку, і Круглоў кінуў ля печкі настылае бярэма галля.
— Во, хоць пагрэю вас. А то памерзнеце.
Ён пачаў з хрустам ламаць, мабыць, не надта сухое галлё, запіхваць яго ў вузкія дзверцы печкі. Чарнаручанка памагаў, неўзабаве ў зямлянку дзьмухнула дымам, але ў печцы памалу пачало разгарацца. Камсорг спіхнуў на патыліцу шапку і, стаўшы на калені, адкінуўся ад печкі.
— Люблю агонь!
— Хто не любіць, — скупа сказаў Валошын з ранейшай заклапочанасцю ў настроі.— Што там у палку чутно?
— А што ў палку? Я ж у другім батальёне, у Паршына, быў. Раптам званок, Міненка: «Шагам марш к Валошыну, заўтра „сабантуй“».
— «Сабантуй», ага. Загадана ўзяць вышыню.
— Возьмем, калі загадана, — лёгка пагадзіўся камсорг.
— Гляджу, ты аптыміст.
— А што ж! Што яшчэ камсоргу застаецца? Задор, упэўненасць і аптымізм.
— Няблага. А Паршын што? Адседжвацца будзе?
— Дзе там! На саўгас наступае. Папаўненне атрымаў.
— Папаўненне і я атрымаў. Паўсотню чалавек.
— Ого! Так многа!
— Усе новенькія. Неабстрэляныя. Ім бы з тыдзень у абароне пасядзець. Звыкнуцца з фронтам.
— Не выходзіць у абароне.
— Да таго ж па-руску амаль ніхто не разумее.
— Гэта горш. Добра, я трохі разумею. Перакладчыкам буду.
— А ты адкуль разумееш?
— У Сярэдняй Азіі жыў. Самарканд, Бухара, Чарджоў.
— Ясна. Тады дзякуй маёру Міненку. Сапраўды, можа, паможаш дамовіцца.
Валошын сабраў пісталет, упіхнуў яго ў скураную кабуру, выцер насоўкай рукі. Круглоў сядзеў перад топкай і ўсё з хрустам ламаў галлё, піхаў яго ў дымную печку. Камбат чакаў, што камсорг, напэўна, праінструктаваны нампалітам, загаворыць аб палітмасавай рабоце, але той, быццам ухіляючыся ад гзтай тэмы, гаварыў аб іншым.
— А як жа з палітзабеспячэннем? — асцярожна запы-таў Валошын. — Мітынгу праводзіць не будзем?
— А нашто? Я і так пагутару. Я ім пісьмо пачытаю. Пісьмо класнае атрымаў. Ад дзяўчат са Свярдлоўска.
— Ад знаёмых?
— Дзе там! Пішуць на імя камсамольскага сакратара часці. Не пісьмо — цэлая паэма. Хочаце пачытаць?
Ён ухапіўся за сваю набітую паперамі кірзавую сумку, але Валошын сказаў:
— Нашто? Не мне ж адрасавана.
— Дык з маёй жа згоды. Я во байцам усё чытаю — слухаюць, не адарваць. I сардэчна, і патрыятычна. Хоць у газеце друкуй.
Читать дальше