Бяда яшчэ ў тым, што людзям занадта шмат трэба, мабыць, прыродай ім ня дадзена абмяжоўваць сябе, як дадзена жывёле. Яны Богам надзеленыя свабодай думкі, а ім яшчэ трэба і свабода слова, як некалі зьедліва заўважыў К’еркегор. Сапраўды, ці не занадта вялікая гэта раскоша ў таталітарным грамадзтве — свабода слова. Ва ўмовах дэмакратыі іншая справа. Там пра свабоду ня мараць, там ёю карыстаюцца гэтак натуральна, як дыхаюць паветрам. Тут жа нават памкненьне да яе — крамола, за якую непазьбежная расплата. Расплата ўсё тым жа — свабодай і лёсам. Д’ябальскае грамадзтва, д’ябальскі час! I калі ўсталявалася тое? Ці, можа, і не выводзілася? Можа, і праўда, што пагібель сучаснай культуры пачалася даўно. Ці ня ў ноч на 25 чэрвеня 1820 году, калі разумнік Гегель, гэты філёзаф таталітарызму, вырадзіў сваё знакамітае: усё рэальнае — разумнае. Унівэрсальнае апраўданьне тыраніі. Ня дзіва, што ягоны дэтэрмінізм аднолькава прыйшоўся даспадобы як ягоным землякам-фашыстам, так і расейскім камуністам. Зручная філязофія дваццатага стагодзьдзя… У санлявай сьвядомасьці Скварыша думкі ішлі чарадой, ня дужа лягічна чапляючыся адна за адну. Але з часоў Дэкарта вядома, што ў духоўным жыцьці разумныя думкі займаюць надта малое месца. Куды болей тых самых блытаных, санлявых і нелягічных, ад якіх мала сэнсу. Так, пустазельле, духоўная палова, асьцё, празь якое калі-нікалі, аднак, прарастае штосьці значнае і нават геніяльнае. Але калі няма страху. А можа, менавіта ў атмасфэры страху найболей напружана і працуе розум? Хаця б у пошуках выйсьця… Рэшту тае начы ён не хадзіў па кватэры, сядзеў у вяртлявым крэсьле за пісьмовым сталом, утаропіўшыся невідушчым позіркам у свае праклятыя радкі. Настольная лямпа ярка і звыкла асьвятляла кавалак заваленага паперамі стала, галава і твар Скварыша туліліся ў ценю. Так было зручна. Стома ад перажываньняў усё ж дапякла яго, ён стаміўся, але сон ня йшоў, і ён ня клаўся. Вялікія турботы прыгняталі яго — як зрабіць лепш? Каб без памылкі, ад якой не давялося б пасьля кусаць локці. Калі будзе позна. Але тая праклятая задачка, здаецца, увогуле ня мела рашэньня. Колькі над ёй ні біцца. Былі два варыянты, і абодва жахлівыя. Значыць… Значыць, марна было столькі ламаць галаву, думаць. Тым ня менш, думаў і ламаў галаву, — шукаў, перабіраў у паўсоннай сьвядомасьці магчымыя і немагчымыя, па сутнасьці, фантастычныя варыянты. I вельмі выразныя наступствы. Наступствы ўсе былі бязрадасна горкія і пачварныя. Ярка асьветленыя на стале старонкі ўсё болей рабіліся чымсь фантасмагарычным, прывідным, набывалі жахлівы зьмест, ён ужо баяўся да іх дакрануцца, каб не наклікаць новай бяды. Яны займалі ўсё большую ўладу над ім, ён апынуўся ў поўнай ад іх залежнасьці. Як было ад іх пазбавіцца? Мусіць, толькі адным спосабам — здаць туды, дзе была ў іх патрэба. I вызваліцца. Але тое ці не канчаткова заняволіць яго?.. Тое, што настаў ранак, ён адчуў па няпэўных гуках у суседняй кватэры, недзе ціхенька запяяў водаправод. Тады ён устаў, рассунуў шторы на шырокім вакне. Неба над дахамі ўжо на ўсю моц залівала сінеча сьвітанку, стала відней у кабінэце, і ён выключыў лямпу. Ісьці ў КГБ трэба было да дзевяці гадзін, каб не спаткацца з кім па дарозе, не тлумачыць нічога. Здаць, і — назад. Мабыць, там разьбяруцца, куды, каму. У які аддзел, якому маёру ці падпалкоўніку. Трэба думаць, гэта ў іх наладжана. Даносы не прападаюць. Ня тое што заявы ў гарвыканкаме.
Ён выйшаў у вітальню з рашучым намерам пайсьці, не адкладваючы, тым болей, што будынак КГБ быў няблізка. Пакуль дойдзе, настане ранак. Але калі паперы перадаваць празь дзяжурнага, мабыць, трэба канвэрт. Давялося вяртацца па канвэрт, на якім ён вывеў выразнымі літарамі: «КГБ БССР». Заклейваць ня стаў, мусіць, так было лепей. А то падумаюць, што ў канвэрце плястыкавая бомба, і затрымаюць самога. Затрымлівацца там ён не хацеў нават на хвіліну. Ліфт незвычайна гулка грукацеў у ранішняй цішы пад’езда, пакуль ён спускаўся з паверху. Унізе ля доўгага шэрагу паштовых скрынак сутыкнуўся з суседам, адстаўніком-вайскоўцам. Той, у спартовых штанах і красоўках, мабыць, вяртаўся з ранішняй прабежкі і толькі зьдзіўлена акругліў вочы, пабачыўшы Скварыша. Скварыш нічога тлумачыць ня стаў, хутчэй сігануў ад парога да прыступак. Цяпер ён не хацеў бачыць нікога.
Спакваля прачынаўся горад, на пустых з ночы вуліцах усё большала таропкіх мінакоў. Бліжай да цэнтру, якраз на прыпынку, яго дагнаў першы тралейбус, і ён рухава ўскочыў у пусты прыбраны салён. Сядаць там ня стаў — як калісь у далёкім студэнцтве, прыткнуўся на задняй пляцоўцы і стаў пазіраць праз шкло. Нязвыкла было адчуваць сябе так, павернутым тварам назад. Але цяпер так было лепей.
Читать дальше