Затое ён няблага навучыўся бачыць і разумець асобнага чалавека, хоць бы й гэтых розных, выпадкова сабраных у купецкім сутарэньні людзей. I ён мог прыкладна вызначыць, што ў кожнага за душой, і на што кожны зь іх здольны. Ён думаў, што перад пагрозай пагібелі кожны зь іх пашчыруе ў змаганьні за жыцьцё; усё ж яны разумелі, што літасьці ад ЧК ня будзе. Некаторае падазрэньне ў яго выклікаў хіба што Маўчун, які аддаў яму боты, — надта лёгка аддаў, без шкадаваньня. Яго зацятая маўклівасьць таксама магла значыць рознае. Блатняк хоць і не выклікаў асаблівых сымпатыяў, але да справы, якую яны задумалі, здаецца, мог прычыніцца няблага. Эсэр, мабыць, быў хітрэйшы, чым выяўляў сябе ў гэтай камэры. Ну, але што рабіць, выбар у паручніка быў невялікі.
— А вы, афіцэр, адкуль родам? — запытаўся Эсэр. — Са сталіц, мабыць?
— Не, не са сталіц. З-пад Полацка.
— А, мабыць, з фальваркоўцаў?
— Вы ўгадалі, — згодна адказаў паручнік і болей пра сябе не сказаў нічога. I ад таго, што паведаміў, стала няёмка, нібы чымсь пахваліўся. Мусіць, было б лепш, калі б ён назваўся сацыялістам ці простым рабочым, блатняком нават. Але іграць чужыя ролі паручнік ня ўмеў, адчуваў да таго ледзьве не фізычную гідоту, хоць і праўду пра сябе казаў каму-небудзь рэдка, у скрайнім выпадку. Як тут вось. Сказаў, бы распрануўся перад людзьмі ў гэтай сьмярдзючай цемры. Усё ж вялікая справа ананімнасьць, якая цяпер рэдка здараецца на людзях (хіба што ў дарозе), калі ні да цябе, ні ў цябе няма ніякае справы да іншых. Тут вось такая справа знайшлася.
— Ну, фальваркоўцы, як і дваране, розныя бываюць, — памяркоўна сказаў Блатняк. — Каторыя і нішто.
— Яны, можа, і нішто, — шапялявячы, запярэчыў Эсэр. — Але як кляса — ворагі рэвалюцыі. Контра!
У куце, чуваць было, заварушыўся стары настаўнік.
— Вось, пан эсэр, вы ўсё вялікімі катэгорыямі: кляса, народ. Але хто калі з вас меў справу цалкам з клясай або народам? Усё, ведаеце, болей з суседам, гандляром ці прыказчыкам. З кожным упаасобку. А прывыклі абагульняць.
Мабыць, так, схаластыка, — падумаў паручнік. Але кепска нават ня тое, што ў некаторых галовах укаранілася тая схаластыка, горай, што схаластыка стала дзяржаўнай дактрынай, ад якой так ці інакш залежаць лёсы тысячаў, калі не мільёнаў людзей.
— Ня клясавы ў вас падыход, — бяз злосьці, аднак, мовіў Эсэр.
— Ня клясавы, праўда. Боскі. Усё ж Бог стварыў чалавека, а ня клясы, партыі. Клясы і партыі — гэта, мабыць, справа нячысьціка. На пакуту людзям.
— Каб адно адным паганялі, — як заўжды зьедліва ўставіў Блатняк і запытаўся з выклікам: — Праўда, Маўчун?
— Можа, і праўда, — не адразу, спаважна адазвалася зь цемры. Блатняк пачакаў, мабыць, думаў учуць і яшчэ што, але далей было маўчаньне.
— А цябе завошта сюды, калі не сакрэт?
— За цара, — не адразу, з натугай адказаў Маўчун.
— Ты што — радня яму?
— Не, не радня.
— Дык пры чым тут цар?
— Вартаўнік я. Ва ўправе служыў. А яны прыйшлі партрэт скідваць…
— Хто яны?
— Ды гэтыя… Чэкісты. Дык я… Узяў тапор і…
— I пасек іх? — зь цікавасьцю дапытваўся Блатняк.
— Не-а. Аднаго толькі. Галоўнага.
— Да-а, — сказаў эсэр. — Кепскія твае справы.
— Ну, — проста пагадзіўся Маўчун.
Няпэўная начная ціша ў сутарэньні зноў парушылася нейкімі невыразнымі галасамі ў тым канцы калідора, прагучала лаянка, падобна, там некага білі, — прывялі ці, можа, зноў выводзілі на расстрэл ці на допыт. У камэры прыціхлі, услухоўваючыся, са страхам чакаючы кепскага. Паручнік пасунуўся ад дзьвярэй у кут, так было зручней, калі што, кінуцца ў дзьверы. Кепска, думаў ён, што скрозь было цёмна, у цемры можна было памыліцца. Затое, можа, лепш будзе ўцякаць. Хоць як там ужо выйдзе. Цяпер ня шмат прадугледзіш.
— Значыць, так, — ціха сказаў ён. — Расчыняць, і я кідаюся. За мной — вы, — ён дакрануўся да выцягненай нагі Блатняка. — Зараз жа астатнія.
— Тады трэба перасесьці, — сказаў Блатняк. — Маўчун ня пойдзе, дык ён каб у канцы. Хай перасядзе з вучыцелем.
— Хай перасядуць, — пагадзіўся паручнік.
Трошкі стогнучы, Маўчун падняўся са свайго наляжанага месца і палез у кут да Старога. Той таксама нешта мармытаў сабе, незадаволены чымсь. Аднак паручнік ня надта іх слухаў — ён стараўся не прамінуць які рух у калідоры, каб ня даць застаць іх зьнянацку. Рух там, аднак, заглух, мабыць, каго было трэба, вывелі, і ў сутарэньні зрабілася па-начному ціха.
— Аднак аташчалі мы, чорт пабяры, — сказаў Блатняк. — У мяне ўжо кішкі да хрыбта прысохлі ад голаду.
Читать дальше