Праўда, у ЧК яго ня білі і нават не дапытвалі, толькі запісалі ў тоўстую рэгістрацыйную кнігу і, пасьля вобыску, павялі ў склеп. Змрочны сьмярдзючы калідор у тым склепе паварочваў кудысьці ўбок, дзе іх сустрэў новы канваір зь вінтоўкай, які ціха буркнуў: «Куды гэтага?», і той, што ішоў ззаду, адказаў: «У сёмую, сказалі». «У сёмую, дык у сёмую», — адказаў сустрэчны, і яны ўтрох пайшлі ў самы канец калідора. Аднекуль чулася прыцішаная гамана людзей, паасобныя словы. Відаць па ўсім, людзей тут сядзела нямала, і ў гэты час, мусіць, яшчэ ня спалі. Ці, можа, яшчэ не дазвалялася спаць.
Як толькі расчыніліся дзьверы тае сёмае камэры, паручніка дужа штурханулі ззаду, і, спатыкнуўшыся, ён паваліўся на нечыя целы. Той, каго ён найбольш патрывожыў, злосна, па-блатняцку, вылаяўся, паручнік выціснуў «прабачце», якое, аднак, засталося без адказу. Ён неяк узгрэбся на босыя ногі, ня ведаючы, куды ступіць ад дзьвярэй, пастаяў у маўклівым зьняменьні. Ля яго ног варушыўся патрывожаны ім чалавек, нешта бурчэў, іншыя маўчалі. Здаецца, народу тут было поўна, у застаялым паветры сьмярдзела потам чалавечых целаў, прэлай вопраткай і мачой, — то быў знаёмы для кожнага акопніка салдацкі смурод. Счакаўшы хвіліну, ня ў стане асвойтацца ў цемрадзі, ён сказаў, каб не маўчаць:
— Нічарта ня бачу…
— I ня ўбачыш да заўтра. Мы тут, бы краты, — адказаў яму нехта, дужа шапялявячы.
— Во як! Вайскоўцы ёсьць?
— Наўрад. Будзеш першы.
— I, можа, апошні, — буркнуў той, з-пад ягоных ног.
— Хай так, — больш бадзёра сказаў паручнік і апусьціўся там, дзе стаяў — плячамі да самых дзьвярэй. Здаецца, першае знаёмства адбылося. Хаця наўрад ці яго цікавіла цяпер якое знаёмства, у ягоным становішчы дапякаў адзін клопат — што далей? Але адказ на яго, мабыць, не залежаў ад гэтых людзей. Ягонае ж тут зьяўленьне, відаць, кагось зацікавіла.
— Адкуль будзеце? — зважліва папытаўся, мяркуючы па ціхім голасе, немалады чалавек, што мясьціўся недзе ў куце.
— З вакзала, — проста адказаў паручнік.
— Го, з вакзала! — нядобразычліва азваўся бойкі сусед ля ног. — На вакзале яны й бяруць.
— Чакаў цягніка…
— Ну й дурань! Чакаць на вакзале… Ля сэмафору трэба чакаць і на хаду садзіцца. Цяпер так робяць.
— Наўрад ці ў іх ёсьць якая заканамернасьць — яны ўсюды бяруць. Мяне вось, напрыклад, узялі дома. З пасьцелі паднялі, — расказваў старэйшы з кутка.
— Яны і з магілы паднімуць, — прашапялявіў той, зь сярэдзіны камэры. — Чэка!
— ЧК, ага. Гэта табе ня царская паліцыя. Што спала на хаду, — сказаў самы блізкі ў доле, і ў ягоным тоне разам з боязьзю чулася і затоеная павага менавіта да ЧК.
— Не заўжды спала. Бывала, давала і яна дыхту. Асабліва турэмшчыкі.
— Ну, хіба турэмшчыкі. Але пры цары не сядзеў, ня ведаю.
— Такога яшчэ не было ў гісторыі Расеі, — пакутна загаварыў у куце стары. — Былі смутныя часы, разладзьдзе. Але такога павальнага ачмурэньня не было. Бедная, няшчасная Расея…
— Рэвалюцыя, што ж вы хочаце, — даволі бадзёра, аднак, шапялявіў іншы. — Рэвалюцыя без ахвяраў не бывае.
— Ат, пайшла яна на хер, твая рэвалюцыя! — рэзка кінуў у адказ сусед. — Ад яе адзін сіфіліс, ад твае рэвалюцыі.
— Не скажы. Калі ёю правільна кіраваць…
— А хто, хто кіруе? Троцкі? Ленін? Ды яны Расею разам з рэвалюцыяй Нямеччыне прадалі.
У іх ішла нейкая свая спрэчка, мабыць, не цяпер пачатая. Паручнік ня ўмешваўся — моўчкі слухаў, спрабуючы вызначыць, хто гэтыя людзі. Ягоны сусед надта выяўляў у рэпліках і асабліва ў зласьлівым тоне блатняцкі, люмпэнскі характар, і паручнік пайменаваў яго ў думках Блатняком. Той стары з кутка, падобна, належаў да якой правінцыйнай інтэлігенцыі; клясавую ці якую прыналежнасьць шапялявага ён вызначыць ня мог. Іншыя, што патроху вырушыліся ў цемры, пакуль што маўчалі, але наўрад ці хто спаў, і паручнік папытаўся:
— Даўно вы тут?
— Як хто, — адказаў Стары. — Я чацьверты дзень. Ён во два, іншыя — хто колькі.
— Тут доўга ня дзержаць, — са значэньнем сказаў сусед — Блатняк. — Дзён пару і — на выхад!
— А куды?
— Гэ, куды! Ведама куды. У Гунькін роў.
Які гэта быў роў, паручнік ня ведаў, але ня цяжка было здагадацца. Значыць, сапраўды ён папаўся. Толькі ж, мабыць, павінны хоць дапытаць, вынесьці нейкі, хай сабе фармальны прысуд. Хаця цяпер маглі і без прысуду. Застрэлілі ж у іхным палку штабс-капітана Магілянцава — адразу пасьля мітынгу, ля канавязі, бяз допыту і прысуду. А калі за яго заступіўся прапаршчык з узвода пешай разьведкі, застрэлілі і прапаршчыка. У імя рэвалюцыі. Менавіта тады паручнік Глушкевіч зразумеў: вайсковая служба для яго скончаная. У такім войску служыць немагчыма. Не зважаючы на прысягу, на абавязак перад імпэрыяй, на загады новай, рэвалюцыйнай улады, трэба скідваць пагоны і дабірацца дадому, у родны край, дзе яшчэ жыла маці, апошні ліст ад якой ён меў паўгода таму. I вось прыехаў. Да ягонай станцыі заставалася шэсьцьдзесят вёрст.
Читать дальше