Калі з лесу на ўскраек падцягнуліся апошнія з вайскоўцаў, Камандуючы загадаў падпалкоўніку Старкевічу пастроіць усіх у шарэнгу. Набралася няшмат, — змораных, кульгавых, абдзёртых, параненых з акрываўленымі бінтамі на руках і галовах. Як «вечны падпалкоўнік» Старкевіч далажыў, Камандуючы выйшаў з шыкоўнага, ушчэнт запэцканага гразёй «Джыпу-Чырокі» і сказаў прастуджаным ці прапітым голасам:
— Ну што? Прасралі Беларусь? Я ж казаў… Цяпер будзем страляцца. Бо когда вазьмуць расейцы, горш будзет. Як вучоны-гісторык я ведаю… Так што — хто першы?
Усё ж гэта былі сьвядомыя людзі, выхаваныя на гераічным досьведзе вялікай вайны ды партызанскай літаратуры, і цяпер увесь шэраг зрабіў крок наперад.
— Ну зачэм жа так многа? — сказаў Камандуючы. — Уначале — аднаму, для прымеру. Дык хто? Ты — Спазьняк?
— За Беларусь заўсёды гатоў! Сьмерць маскалям! — мовіў схуднелы, у абвіслым шынялі былы старшыня БНФ-ХДС і дастаў з-за дзягі крамнёвы пісталет узору 16 стагоддзя. Сучасны АК ён прынцыпова не хацеў браць у рукі і, стрэліўшы сабе ў грудзі, бы жытні сноп, упаў пад ногі сябрам.
— Стойкі быў барэц за незалежнасьць, — пасьля паузы сумна сказаў Камандуючы. — Я ўважаў яго. Ну хто далей? На мяне не глядзіце, я буду апошні. Як капітан з тонучага судна. Ты — Парэцкі?
— Але я — легітымны старшыня…
— Мне напляваць і расьцерці, што ты легітымны. Калі трусіш — паможам. Мэйман!
Мэйман, які з прычыны недахопу кадраў даўно быў пракурорам, судзьдзём і «спалніцелем прыгавораў» у адной асобе, спрытна падскочыў да разгубленага Парэцкага і стрэліў у патыліцу.
— Хто яшчэ надта легітымны? — строга папытаўся Камандуючы. Мабыць, болей такіх не знайшлося, і Камандуючы холадна патлумачыў: —Наш прынцып ізьвесны: дабравольна, но абязацільна. Усе, хто любіць Беларусь, далжны ахвяраваць для яе. Правільна, беларусы?
— Правільна! — згодна, хоць і ня дужа гучна пранеслася над шэрагам.
— Я бароўся, усе бачылі. Бароўся, як зьвер. Сначала за інтэграцыю, патом за суверэннасьць. Так вынуждалі абстаяцільствы. Але я ня Бог, враг пабядзіў. Так што майце чэсьць, беларусы.
З шэрагу выйшлі два невялічкія вайскоўцы ў запэцканым камуфляжы, з аўтаматамі Калашнікава на грудзях.
— Мы гатовы, — ціха сказаў адзін, і Камандуючы бліснуў хцівым позіркам.
— Даўно ты далжон быць гатовы, грамадзянін Залябедзька. — Я табе гаварыл: плоха кончыш. А ты столька цянул. На дружка раўнялся?
— Мы не раўняліся. Мы са спадаром Ранчоркам належалі да розных партыяў і рухаў.
— Рухаў! — перадражніў Камандуючы. — Во дарухаліся. Удвох асталіся.
Амаль разам бухнулі два стрэлы. Пасьля строй зусім разбурыўся, некаторыя саступілі ўбок, пачулася яшчэ некалькі стрэлаў. На роснай траве паболела нерухомых целаў. Іх ня краталі, нікуды не прыбіралі. Нерашучыя стаялі з разгубленым выглядам. Перад невялічкаю купкай сваіх падначаленых Камандуючы аддаваў апошнія распараджэньні.
— I эта… Пагінем, дык нада, чтоб напісалі рэквіем. Перадайце мой указ Гучанку.
— Гучанок даўно ў Маскве. Другую зорку на тратуары абмывае.
— Прадацель! А так на задніх лапках плясаў…
Вусаты твар Камандуючага зрабіўся зусім суровы і змрочны.
— Ня трэба было яго пушчаць на Віцебскі базар. Хай бы сядзеў у Камаях, маліўся ды згарэў з уніятамі. Як Хадырка з Барадулям.
— А што — згарэлі? — з цікавасьцю папытаўся Камандуючы.
— Да тла.
— Тым лепш. А то — месца на Усходніх могілках, похараны… Гэтыя похараны разарылі мне гасударства.
— Рынкавая эканоміка, — змрочна канстатаваў Мэйман. — Ні ў якое сравненіе з сацыялістычнай.
— Сацыялістычная таксама не аптымальная. Я ведаю, — асьцярожна мовіў Старкевіч, апрануты ў шынель з пагонамі падпалкоўніка. — Як я камандваў ротай…
— Ты плоха камандваў, — адрэзаў Камандуючы. — І тады, і цяпер.
— А хто лепш? Я стараўся…
— Пастарайся ў пасьледні раз. Ну! Ці памагчы?
— Сам умею, — сказаў Старкевіч і адвярнуўся. Хутка бабахнуў пісталетны стрэл, і падпалкоўнік, сагнуўшыся, тыцнуўся галавой у траву.
— Во гэта іспалніцельнасьць! I ні слова вапракі. Дажа на беларускай мове. На мове! — грэбліва мовіў Камандуючы. — Кстаці, а гдзе Білевіч? Наўрад ці застрэліўся. Гэты балабон-няўмека за што ні возьмецца, усё праваліць. Столькі змагаўся за мову, і што? Нават трасянкі не дамогся. Гімна ня склаў. Я яму даручыў гімн Камандуючага, чтобы он ваадушаўляў масы. Далжон он был пастарацца. Так нет. Сабатажнік, он, ваш Білевіч!
— Бычкову трэба было, — падказаў хтось.
Читать дальше