Ён спаў у суткі, можа, якіх пару гадзін перад пабудкай — скорчыўшыся на трантах пад сушэйшай сьцяной, неяк забываўся, пакуль здалёку не далятаў гук гонга — сыгнал уставаць. Чакаў сьняданку, міскі чачавічнага сёрбава, якое зьядаў за хвіліну. Астатні час удзень і ўначы бавіў у куце — бы шашаль у дрэве, тачыў камень. Ражок каменя ўжо яўна вызначыўся на каменным рэльефе, мабыць, яго можна будзе паспрабаваць выдзерці першым. А там мо зьявіцца і дзірка. Ці хоць бы патанее сьцяна. Хоць бы каб маленькая дзірачка, ён бы, здаецца, пралез. Як было ў дзяцінстве, калі яны, падшыванцы, лазілі цераз агароджу ў суседзкі сад. Старэйшыя яго пасылалі першым, бо быў ён самы худзенькі-маленькі рухавы жэўжык, які пралазіў усюды, дзе толькі можна было пралезьці. I дзе не было ніякай магчымасьці — таксама. Ведаў з таго часу — калі пралазіла галава, магло пралезьці і ўсё цела. Такі быў жэўжык. Пакуль не падрос і не заняўся палітыкай. У палітыцы было інакш. Часам ня мог пралезьці ніхто. Не пралез і ён. Таму і папаўся.
Ён не лічыў дзён і ня ведаў, колькі мінула іх, як ён улёг у сваю бясконцую працу. Час для яго чаргаваўся пабудкай, ядой — двойчы на суткі, крокамі наглядчыка за дзьвярыма — туды і назад. Як зьявілася мэта, узьнікла нецярпеньне. Часам яно так жахліва ўзгаралася, што ён палохаўся. Ведаў, так нельга. Калі што і выйдзе, дык дужа няхутка, празь нялёгкае пераадоленьне каменя і часу. Для таго патрэбныя дні, месяцы, а то й гады. Трэба было запасьціся вялікім трываньнем, уменьнем скараць час. I ён запасаўся. Прывучаў сябе да павольнасьці, мэтадычнасьці, непасьпешнасьці. Трудна было да таго прызвычаіцца, засвоіць тую нетаропкасьць, д’ябальскую вытрымку, зрабіць яе другой уласнай натурай. Але ён стараўся, бо без таго ня стала б надзеі. Нецярпеньне нішчыла надзею, гэта ён ведаў пэўна. Надзея ж часам то зусім замірала, то ўзгаралася да нясьцерпнасьці. Неяк, калупаючы ўсё за ражком каменя, ён пачуў па той бок сьцяны нейкія адзнакі жыцьця: быццам піск птушаняці. Нутраным зрокам ён ужо ўбачыў там птушынае гнязьдзечка — недзе паблізу, у зарасьніку цярноўніка, маленькія жаўтаротыя птушаняты, і тое здалося яму дужа добрым знакам. Нецярпеньне ахапіла яго да роспачы. Спатрэбілася сьцюдзёная лёгіка развагі, каб астудзіць яе. Той піск мог быць зусім не птушыны, а мышыны, напрыклад. Значыць, там магла быць нара з агіднымі турэмнымі пацукамі. Але й нара, мусіць, вяла кудысьці з муру. Можа, таксама на волю.
Аднойчы на зыходзе глухой начы, якую ён перабыў амаль бяз сну, усё калупаючы ў сваім змрочным кутку, адчуў, што той вугалок-аскялёпак нібыта кратаецца пад ягонымі пальцамі. Ня надта каб дужа, але ягоныя чуйныя пальцы ўсё ж запрыкмецілі невялікі рух — уніз і ўгару. Тое надало яму незвычайнага імпэту. Ён напяўся, ірвануў, але тут жа і астудзіў сябе: сёньня ня трэба. Сёньня хай будзе ўсё, як было. Мабыць, выдзерці той аскялёпак трэба на пачатку ночы, а не ў канцы. Усё ж напачатку куды болей часу і болей магчымасьці. Зноў жа ўранку звычайна прыходзяць наглядчыкі.
Перад прыходам наглядчыкаў ён турбаваўся, каб тыя чаго не заўважылі на ягоным твары — якога ажыўленьня, сьледу надзеі. Хоць у камэры было змрочна, але ён ведаў: штосьці магло адбіцца ў выразе яго аброслага шчэцьцю твару, у які яны кожнага разу пранікліва ўзіраліся. Зь цікавасьці ці з абавязку свае турэмнае службы. I ён намагаўся зрабіць той выраз як мага спакайнейшым, засяроджаным на чымсьці ўнутраным, сонным, замкнёным ад зьнешняга позірку. Невядома, як тое яму ўдалося, але, здаецца, наглядчыкі пакуль што нічога не заўважалі. Тое ўжо было немалой удачай. Але ўдач цяпер яму трэба было шмат, ён прагнуў удач. I найперш у тым сырым куце.
I праўда, лёс да яго, мусіць, паставіўся міласэрна. Неўзабаве ён выдраў каменны аскялёпак — вузкі, з вострымі бакамі, за якім, аднак, нічога яму не адкрылася. Далей скрозь быў цьвярды, шурпаты, сьцюдзёны камень. Але тым аскялёпкам усё ж можна было дзейнічаць, нібы інструмэнтам, тачыць ім паміж камянёў. I ён пачаў тачыць, адломваць, шараваць камень аб камень. Біць ён ня мог, трэба было як мага пазьбягаць кожнага гуку, каб нічога ня ўчулі ні за дзьвярыма, ні там, за сьцяной. Ён па-ранейшаму ня ведаў, што яго там чакае — воля ці, можа, новая турма. Але надзея ўпарта малявала яму пэўныя пэрспэктывы волі: горад, спатканьне зь сябрамі і зь ёй… Яму б толькі адолець гэты каменны мур.
I ён калупаў — ціхенька, з асьцярогай, увесь час чуйна прыслухоўваючыся да шолахоў-гукаў за дзьвярыма. Раз-пораз падхопліваўся ды кідаўся на свае транты ў другім кутку. Але ўначы тое здаралася рэдка, уначы да яго празь дзьверы амаль не зазіралі, болей глядзелі зьвечара. Пад раніцу наглядчыкі таксама, мусіць, стамляліся, хадзілі радзей і павальней. Аднойчы ён сьцяміў, што варта пасунуць пасьцелю бліжэй у кут, каб рабіць сваю справу лежачы, так было б больш непрыкметна. Але як было тое зрабіць? Усё ж, калі пасунуцца з пасьцеляй на мэтр, яны адразу заўважаць. А калі памалу, па колькі дзюймаў за дзень? I ён пасунуўся. Сьпярша на тры дзюймы, пасьля на пяць. I яшчэ. Кожны раз, калі прыходзілі наглядчыкі, ён няўзнак і пільна назіраў за іхнымі позіркамі — ці не заўважылі яны? Не, пакуль быццам нічога. Ці, можа, гэтак умелі схаваць свае падазрэньні? Але тое было б жахліва, каб заўважылі і чакалі, маючы намер злавіць у самы апошні момант. Схапіць ззаду за ногі, калі ён ірванецца на волю.
Читать дальше