Яны там крычалі, а ён ужо мала і слухаў. Усё роўна вылезці адсюль ён не мог. Ды не надта і хацеў. Ён толькі марудзіў. Дарма, аднак, марудзіў. Недзе зблізку, за лазняком, пачулася:
— Штось не відаць тут…
— Ды там. След во ў дрыгве…
«О, людзі, людзі! За што ж вы так?.. Людзі…»
Аднак яны ўжо лезуць. Хведар трохі пасунуўся ў твані, гайдануўшы раску, павярнуў за купінай галаву. Дзве постаці ў асацэ, высока ставячы ногі, памалу прабіраліся да яго прадоння. У руках аднаго матлянуўся даўгі шост-палка — ці не збіраліся яны выганяць яго з твані? Ён бачыў іхнія галовы ў кепках, іх саміх да пояса. Гэта былі незнаёмыя хлопцы, мабыць, камсамольцы з раёна. Недзе за кустамі паблізу басавіта брахаў сабака, але ў ваду, здаецца, не лез.
— Далей не сунешся.
— Давай, давай! Яшчэ можна! — пачулася трохі збоку, і ад тых слоў у Хведара разам заняло дыханне. Ён пазнаў гэты голас — ён бы пазнаў яго і на тым свеце. «Бедны Міколка! — раптам падумаў Хведар. — І яму во лезці сюды! Мусіць, аднак, не ад салодкай жызні». Тыя двое з шастамі, аднак, ці не згубілі яго сляды, трохі павярнулі ўбок за самы гушчар лазняку, можа, яны падумалі, што ён сядзіць там. А ён не сядзеў там, ён не хаваўся наогул. Ён ужо быў для іх недасяжны. Ён яшчэ не дабрыў да таго свету, але ўжо бадай што сышоў з гэтага. На гэтым засталася хіба ягоная галава і вочы. Каб астатні раз зірнуць і развітацца. Як убачыць яго, дык ён і адыдзе. Калі датрывае… Божа, ніколі ў яго не было думкі забіць сябе, заўжды ён апантана змагаўся за жыццё. А тут во мусіць…
Аднак, можа, ён хоць перад канцом згледзіць сына? Бедны Міколка: што ён перажывае цяпер? Пэўна ж, то не па сваёй волі — ён змушаны! Можа, яму загадалі? Які вышэйшы начальнік. Бо, мабыць жа, ёсць і над ім начальнік. І паслалі яго лавіць у лесе бацьку, якога ён выракся. Калі выракся, дык, мабыць, можна і лавіць. Але калі такое магчыма, тады як жа жыць? Можа, яму яшчэ загадаюць, злавіўшы, учыніць допыт над бацькам? І сын змушаны яго катаваць? Божа, нашто ты стварыў тады белы свет!
— Ляшчук, вунь туды пырані!
Гэта таксама Міколка — аднекуль здаля цвёрдым начальніцкім голасам, якога не ведаў Хведар. Той голас ён набыў ужо без бацькі. Шчаслівая яго маці, што не бачыць таго. І не чуе.
Тым часам у суседнім лазовым кусце зашархацела, і канец тонкай палкі наскрозь прапароў лісцвяны гушчар. Цяпер настала чарга ягонай купіны. Але, мабыць, яны не паспеюць. Усё ж ён іх апярэдзіць.
Хведар інстынктыўна хлябнуў болей паветра — на астатні раз — і выпусціў з рук вузлаваты корань. Цяжкія ногі ў нязносных сырамятных пасталах адразу памкнулі яго ў глыб багны, ён захліпнуўся. Знутры балюча ўдарыла ў вушы, і ўсё пагасла ў вачах.
Не дадзена было ціха жыць, дык хоць пашчасціла ціха памерці.
Шукалі яго доўга, паролі шастамі з берага і з куп’я. Ды так і не знайшлі.
Багна спрадвеку ўмела хаваць свае таямніцы.
Вайна шпарка кацілася пад адхон, днямі быў узяты Бэрлін, а мы ўперліся ў нямецкі абарончы рубеж за невялікім аўстрыйскім гарадком і трэці дзень стаялі на месцы. Немцы часам пастрэльвалі з гарматаў і мінамётаў, і тады сярод ладных, вастраверхіх дамкоў гахалі выбухі, і ўшчэнт разьлятаўся наўкола чырвоны друз чарапіцы. Каб ня той даховачны ды цагляны друз, якім быў закіданы асфальт, было б дужа здатна каціць на ровары, асабліва ад павароткі ўніз да паўразьбітай дамоўкі на рагу, за якой ля рэчкі стаялі акапаныя гарматы. Увогуле было небясьпечна, маглі і падстрэліць, хоць кулі зь недалёкага «перадку» сюды не даляталі. Але каб ня міны. Ад мін, гэтага нямецкага пачварства, схову на перадавой не было нідзе — ні ў полі, ні ў лесе, ні ў горадзе. Хіба ў зямлі. Але ў зямлі ўжо не сядзелася — наседзеліся за вайну. А тут буяла вясна, напоўніцу зелянела абсыпаная жоўтымі казяльцамі трава на пустцы, у гародчыках пры дамках зацьвітаў бэз, удзень прыгравала сонца. На душы павальнела, нават штосьці зарадавалася ўнутры ў няпэўным прадчуваньні маладой бяздумнай удачы. Асабліва, калі табе трошкі за дваццаць, і ўпершыню за вайну зьявілася спадзяванка выжыць. Ды сёньня трапіўся пад рукі спраўны ровар, на якім не катаўся зь дзяцінства.
З-за асьнежаных хрыбцінаў гор выбавілася ў неба ранішняе сонца, сьляпучымі промнямі нечакана ўдарыла з-за павароткі ля рога шырокага, паўразьбітага выбухам дому. На момант дарога пахіснулася, кола незнарок валюхнула ўбок, і я з добрага разгону грымнуўся на асфальт. Яшчэ аж праехаў колькі крокаў бокам. Перамагаючы боль у калене, падняў галаву і тады ўбачыў людзей. Блізка прыткнуты да ўцалелай сьцяны дамка, стаяў камандзірскі «віліс», зь ім побач — трафэйны «хорх», і застыла купка афіцэраў, якія зьдзіўлена ўтаропіліся ў мяне. Вядома, то было начальства. («I калі іх прынесла сюды?» — няўцямна падумаў я.) Ціха мацюкнуўшыся на іх і на сябе таксама, пачаў нязграбна ўставаць. Надта сьпяшацца ўжо ня мела сэнсу, я выразна адчуваў, што ўліп, і рыхтаваўся па магчымасьці перажыць малапрыемную сустрэчу.
Читать дальше