У спапялелую ад гора душу байца дыхнула замілаванай шчаслівай мінуўшчынай яго дзяцінства, шчымлівым болем па ўсім тым, што перажыта, пакінута і назаўжды ўжо страчана для васемнаццацігадовага юнака. Ён ледзьве ўтрымаў крыўдлівую спазму ў горле і глядзеў, глядзеў услед чародцы родных з маленства птушак, якія прынеслі ў яго пачуцці дзесяткі да болю нясцерпных адчуванняў… I калі ўжо яго зрок ледзь-ледзь нашчупваў у шэрай засмужанай высі тую рухавую рыску, з неба зляцеў на зямлю другі, роспачна-абрывісты гук, поўны трывогі, просьбы і безнадзейнага журботнага клічу:
— Курл!.. Курл!.. Курл!..
Наўздагон за зніклай чарадой, з апошніх сіл перабіраючы крыллямі, не дужа высока ляцеў, быццам шкандыбаў у паветраным абшары, адсталы падбіты журавок. Ад яго амаль чалавечай роспачы аж здрыгануўся здзіўлены Глечык, нешта суладнае сваім затоеным пакутам пачуў ён у тым жалобным голасе, і грымаса болю і жалю скрывіла яго круглявы хлапечы твар. А журавель крычаў, кідаў у ветраны прастор дарэмныя гукі трывогі, махаў і махаў аслабелымі крыламі, пяўся наперад сваёй доўгай выгінастай шыяй, але дагнаць чародку не мог.
Ад жахлівае роспачы птушкі нясцерпнай самотай захлынула хлапечае сэрца. Глечык аберуч ухапіўся за галаву, зацяў вушы, напяўся, з усяе сілы сціснуўся, каб толькі стрываць. Так ён сядзеў доўга, зусім змярцвелы і абыякавы да ўсяго, збіты з панталыку тым нестрываным жураўліным сумам. Пасля ён адняў ад вушэй рукі і, нават не зірнуўшы ў неба, у якім даўно растала бедная птушка, усё яшчэ чуў перапоўнены горам і роспаччу тужлівы крык жураўка.
А ў душы, прарваўшыся з памяці ад таго незвычайнага напамінку, ужо шырыліся, грымелі тугой пяшчотныя, дарагія ўспаміны з таго далёкага, што стала ўжо мінулым і такім нясцерпна замілаваным. Як жывая паўстала ў памяці маці — маладая і прыгожая, але не такая прыветная і пяшчотная, як была заўсёды, а з гаротай на твары па ім, яе сыну. Успомнілася настаўніца Клаўдзія Якаўлеўна, якая любіла яго ў школе, несучы яму са свае шчодрай на ласку душы сарамяжлівую і цёплую жаночую прыхільнасць. З’явіўся перад вачыма непаседлівы Алёшка Бондар і з ім — дураслівыя іх забавы, паходы ў Селіцкую пушчу і такія тады зманлівыя гульні ў вайну — самае праклятае з усіх ліхаў, заведзеных жыццём на зямлі. Зашчымела ў душы старое раскаянне за Людку, выдуманым каханнем да якой некалі дражнілі яго ў школе, за што ён зненавідзеў і аднойчы пакрыўдзіў гэтую бялявую дзяўчынку з задуменнымі сінімі вачыма.
Ахоплены ўладарнаю сілай успамінаў, не адразу заўважыў ён, як узняўся аднекуль суцэльны далёкі гул. Хлопец ачнуўся, калі на пагорак абапал дарогі выпаўз статак крыжастых страшыдлаў, загрукатала ўсё наваколле і да самага споду задрыжала зямля. Скочыўшы з бруствера, Глечык схапіў адзіную сваю гранату, прыціснуўся спіной да дрыготкай сцяны траншэі і чакаў. Ён разумеў, што гэта канец, і з усяе сілы зацяў у сабе нясцерпную журботу душы, у якой вялікаю прагай да жыцця ўсё біўся далёкі прызыўны жураўліны крык…
Погибших товарищей имена
Доселе не сходят с губ.
Э. Багрыцкі
На быльняговы ўзмежак, няроўны бруствер акопа і адзінокую гармату з затуманенай вечарам высі сыпаў снег. Сцюдзёны сіверны вецер самаўладна гаспадарыў у непрыбраным кукурузным прасцягу, гойдаў, ірваў і матляў змёрзлыя паламаныя сцяблы, поўніў прастор беспрытульным шорхатам першай завеі.
Снег пайшоў надвячоркам, калі на вялізным раўнінным абшары не засталося нічога, апроч пакарэжаных гарэлых танкаў, пабітых коней, старых і свежых варонак і трупаў. Нямецкія танкі, учыніўшы гэты нечаканы разгром, глуха раўлі недзе на ўсходзе, хутка адносячы ў звечарэлую далеч шматгалосае грымоцце бою. Цяпер тое грымоцце ўжо выдыхалася, страляніна глухла, толькі калі-нікалі самы моцны або самы блізкі з выбухаў скаланаў зямлю. Дробныя камякі з бруствера каціліся тады ў акоп і глуха лапацелі там па лубяной плашч-палатцы, пад якой ляжаў камандзір гэтай гарматы сяржант Скварышаў. Ён быў забіты раніцай, у час першай атакі танкаў. Як трохі пацішэла, яфрэйтар Кеклідзе зняў з сябе тую палатку і накрыў камандзіра. Праз якую гадзіну стала патрэбна накрыць і самога Кеклідзе, але зрабіць гэта ўжо не было чым і не было калі: усе адбівалі новую атаку, пасля наступную. Так, абсыпаны снегам, яфрэйтар і застаўся да вечара на ўскрайку стаптанай кукурузы, сярод параскіданых гільзаў і парожніх снарадных скрынак.
Яго трэба было б прыбраць, закапаць, каб ворагі не ганьбілі мёртвага чалавека, але замковы Цімошкін ужо не мог устаць з бруствера і дайсці да забітага. Гэты страшэнны дзень дарэшты адабраў усе яго сілы. Вельмі балела параненая рука, увесь час хацелася пакласці яе лепей, паправіць, знайсці дзе зручнае месца. Апоўдні, калі асколак нямецкае міны секануў па далоні, хлопец бадай не адчуў вялікага болю; не дужа дакучаў ён і пасля, калі наводчык Шчарбак двума індпакетамі перавязаў рану. У той час нямецкія танкі падышлі да самых прысадаў — за дзвесце метраў ад агнявой пазіцыі, і саракапятчыкі стралялі па іх падкалібернымі, пакуль тыя яшчэ былі ў іх. Пасля танкі ўсё ж прарваліся і шыбанулі на фальварак, у тылы палка. Яшчэ праз якую гадзіну пяхота адступіла, а яны засталіся. Пакінуць гармату хлопцы не мелі права, а вывезці яе не было як — абодва іх трафейныя біцюгі ўжо ляжалі ў кукурузе забітыя. Так яны і асталіся тут, двое жывых — Шчарбак і Цімошкін; пазней да іх з кукурузы прыйшоў ездавы Здабудзька. Апусціўшы голаў, ён вінавата стаяў цяпер на агнявой пазіцыі ў сваім кароткім, падпаленым знізу шынялі, туліўся ад ветру і маўчаў. Шчарбак, прысланіўшыся да шчыта гарматы, заклапочана глядзеў у заснежаную далеч, дзе ішоў бой. Гукі бою тым часам слабелі, выбухі цішэлі, ужо трэба было прыслухоўвацца, каб учуць праз вецер кулямётныя чэргі, якія паўгадзіны назад люта лупцавалі прастор. Пяхоты ў немцаў, пэўна, было нямнога, яна імкліва рванулася ля дарогі за танкамі, і цяпер тут, на полі бою, не чутна было нікога. Меўшы якое цягло, яны, пэўна, здолелі б уратаваць гармату і сябе. Але коней у іх не было, і віноўнікам тае бяды яны лічылі Здабудзьку.
Читать дальше