«Ну, вось і ўсё! Прайшлі! Не стрымалі!»
Машыны, аб’язджаючы падбітыя, шпарка імчаць па дарозе да вёскі, цяпер мы іх не стрымаем. Па гарматным шчыце б’юць кулямёты ці аўтаматы, кулі ляскочуць па метале і разлятаюцца ў бакі. Кінуўшы ўсё як ёсць на пляцоўцы, я саскокваю ў сховішча да аўтаматаў. Туды ж адпаўзае Люся.
Схапіўшы аўтаматы, мы высоўваемся з-за бруствера — немцы бягуць па траве з траншэі, бягуць, падаюць, узнімаюцца зноў. Іх чалавек з пятнаццаць. Побач у акопе густым грымоццем трашчыць кулямёт Крывёнка. Я пускаю першую, другую чаргу, бачу, як кулі разбіваюць зямлю ля траншэі, аўтамат калоціцца ў руках — некалькі немцаў падае. Затым я кідаюся на другі бок сховішча, да Люсі, яна таксама б’е доўгай лапаткою чаргой, і на мяне з яе аўтамата сыплюцца гарачыя гільзы. І раптам яна спыняецца, сціхае, прысядае пад сцяною і пачынае таропка рваць рукаятку. Заела! Я вырываю ў яе аўтамат, даю свой, перазараджаю двойчы. Люся прыцэльваецца, але я тузаю яе за гімнасцёрку, яна азіраецца. «Перабягай! — крычу я. — Мяняй месца!»
Я ўпершыню звяртаюся да яе на «ты», у яе ясных, поўных напружання вачах коратка ўспыхвае ўдзячная сяброўская прыхільнасць, толькі цяпер мяне гэта не радуе. Цяпер усе мае такія пакутныя адносіны да яе трацяць свой былы сэнс, я вельмі хачу толькі зберагчы яе, не даць загінуць раней, чым загіну сам. Люся прысядае, пераносіць аўтамат на два крокі далей і зноў прыцэльваецца. Дзіўна, але здаецца, быццам яна зусім і не баіцца. Твар яе спакойны, толькі вочы звужаны і шчокі страцілі былую здаровую, загарэлую чырвань. У мяне ж усё дрыжыць унутры, але знешне рухі, здаецца, спакойныя, я баюся толькі чагось празяваць, не паспець, не ўбачыць і кідаюся сюды-туды ў сховішчы.
Мы б’ёмся на два бакі. Крывёнак у акопе раптам змаўкае, я трывожна ўслухоўваюся — але спакваля ягоны кулямёт грукоча далей, у самым канцы нашай пазіцыі. Ага, гэта ён б’е туды, па дарозе. Адтуль, дзе нерухома стаяць чатыры машыны, рэдкім шырокім ланцугом бягуць сюды яшчэ дзесяткі два немцаў.
Так, час ад часу ўсё горш…
Кінуўшы на брустверы аўтамат, я бягу ў кут, дзе ляжаць нашы гранаты, хапаю іх усе тры, і, калі разгінаюся, мой позірк зноў сустракаецца з затуманеным позіркам Лук’янава. Салдат тузаецца з зямлі, каб устаць, і, выцягнуўшы руку, з адчаем патрабуе:
— Дай!
І я кідаю яму лімонку, астатнія РГД кладу сабе пад ногі і падхопліваю аўтамат. Я страляю па тых, што бягуць, што ляжаць, б’ю кароткімі чэргамі, ужо не зважаючы на сваю бяспеку, аж покуль аўтамат не змаўкае. Пасля, прысеўшы, выкідваю пусты дыск і ад хвалявання доўга не магу трапіць у пазы новым.
— Дзе яны? Дзе? — стогне Лук’янаў, і ў ягоных паблеклых вачах дагараюць адчай і рашучасць.
Я не адказваю, ускокваю, — ага, яны не стрывалі, яны зноў заляглі непадалёк ад сваёй траншэі. Некалькі іх даўганогіх постацей кідаецца назад цераз бруствер, некалькі застаюцца ляжаць у траве. Крывёнак б’е з кулямёта ўслед. Тыя, ля дарогі, таксама залягаюць, і спакваля ў полі не відаць нікога. Адно толькі рой куль над намі, пырскаюць зямлёй брустверы, разлятаюцца ўшчэнт разбітыя груды…
Стуліўшыся пад брустверам, мы трохі слухаем, не верачы, што зноў адбіліся, пасля Люся першая апускаецца на дно, і раптам плечы яе ўздрыгваюць ад плачу. Я палохаюся, здаецца мне, нешта з ёй здарылася, хапаю яе за рукі, якімі яна затуляе свой твар, але яна ўсё сутаргава, без слоў хліпае.
— Люся! Што з табой? Не трэба! Не трэба!..
І яна раптам абрывае плач, коратка пазірае на мяне сур’ёзнымі вялікімі і мокрымі ад слёз вачмі і неяк адразу супакоена кажа:
— Нічога. Усё. Прабач…
Яна выцірае рукавамі вочы, закідвае назад растрэсеныя валасы, заклапочана пытаецца:
— Дзе яны?
У мяне таксама трошкі спадае напружанне, і толькі цяпер я разумею, што Папова з намі няма і што я — нейкім чынам камандзір над гэтай жменькай жывых людзей. Ніколі мне не даводзілася быць камандзірам, заўжды камандавалі іншыя, а я толькі слухаўся, а цяпер вось, у такі трудны час, — я сам сабе і ім гаспадар. Цяпер можна кінуць усё гэта — разбітую гармату, агнявую гэтую праклятую пастку, і можна паспрабаваць як выбрацца, пакуль яшчэ канчаткова не закрылі нам адзінае выйсце ў лагчыну. Цяпер не трэба прасіць дазволу, угаворваць Папова, цяпер усё можна рашыць самому.
Эх, бедны Папоў, ненадоўга перажыў ты свайго камандзіра, аддыхваючыся, думаю я. Але што гэта ён шкадаваў, паміраючы? Ці мо ў чым каяўся? Можа, у тым, што трымаў тут усіх нас? Ці, можа, што паслаў Лёшку? Ці яшчэ што дапякло яго напаследак? Якую гэта пакутную і загадкавую рысу падвяла смерць яшчэ ў адным чалавечым жыцці?
Читать дальше