— Відаць, што хмарыцца. Маслакоў энергічна ўстаў на ногі.
— Ну, патопалі! Даніла, бяры каністру. Тоўкач сваё аднёс.
Яны выходзілі з Грыневіцкага лесу, ельнік радзеў — мабыць, канчаўся, шырэй раздалося неба над галавой, побач ужо праглядваў узлесак. Раптам Маслакоў коратка кінуў: «Чакайце!» — і, крута збочыўшы са сцежкі, схаваўся ў суцэльным зялёным гушчары хвойнага падлеску. Астатнія трое спыніліся з лёгкім недаўменнем на тварах. Даніла, адсопваючыся, адразу паставіў каністру і сеў, Брытвін засцярожліва глядзеў у гушчар. Сцёпка счакаў трохі, потым паклаў на траву вінтоўку і, стаўшы на калена, пачаў падкручваць завязку на боце, які ашчэрыўся так, што вылезла ануча. Але не паспеў хлопец развязаць драцяны вузел, як з гушчару данеслася:
— Сюды давай!
Не цямячы навошта, яны нездаволена падняліся і таксама палезлі ў ельнік, які густа пах маладою жывіцай і калюча чапляўся суччам за вопратку. Расхінаючы тугое калючае голле і ўгінаючы галаву, Сцёпка, аднак, неўзабаве вылез на вальнейшае месца. Тут быў край лесу. Над маладым ельнічкам на выспе ўзвышаліся дзве абымшэлыя таўшчэзныя яліны з разлапістым голлем, якое панура звісала з вышыні. Пад бліжняю з гэтых ялін нечага таптаўся, узіраючыся ў дол, Маслакоў.
— Давайце паправім хуценька.
У доле неглыбокай правалінай азначылася нясвежая, мусіць, леташняя, магілка. Нядбайна накапаная зямля асела, берагі абсыпаліся. Маслакоў пачаў ботамі гарнуць з бакоў да яе пясок. Даніла паставіў каністру.
— Што, знаёмы? — запытаў Брытвін.
— Двое нашых: Кудрашоў і Богуш. Увосень у Стараселлі на засаду наскочылі.
Сцёпка прыхінуў да елкі вінтоўку і без лішніх роспытаў падаўся да камандзіра. Каб зусім не застацца разутым, сунуць пясок ботамі яму не выпадала, і хлопец следам за Маслаковым пачаў далонямі разроўніваць зямлю па форме магілкі. Даніла з Брытвіным няпэўна глядзелі зводдаль.
— Ну, што? — падняў галаву камандзір. — Давай, Шпак, дзярна пашукай. Абкласці ж трэба.
Даніла моўчкі выцягнуў з ножнаў на дзязе нямецкі штык-цясак і стомленым крокам неахвотна паплёўся да ўзлеску. Брытвін сеў насупроць пад елкай.
«Падла! — шлёпаючы далонямі па воглай зямлі, думаў Сцёпка. — Баіцца рукі запэцкаць. Начальнік!»
Пакуль яны ўдвух завіхаліся над магілкай, Даніла ў пале кажуха прынёс тры скібы дзёрну, вываліў іх побач. Маслакоў паклаў дзярніны на край магілкі — іх было, вядома, замала. Тады з-пад елкі нецярпліва падняўся Брытвін.
— Дай штык! А то правалаводзішся тут…Даніла аддаў штых, і Брытвін рашучым крокам рушыў з выспы да ўзлеску. Трохі памарудзіўшы, Даніла пайшоў следам. Сцёпка падумаў, што і яму трэба ўключыцца ў гэтую працу, але перш чым выправіцца туды, ён сказаў Маслакову:
— Каб ведаў, не пайшоў бы. Камандзір выпрастаўся.
— А што?
— Ды гэты… Брытвін!
— Нічога, — сказаў Маслакоў, памаўчаўшы. — Не звяртай увагі. Звяглівы… Затое галавасты.
Усе па разу яны прынеслі дзесятак дзярнін, і Маслакоў якколечы аблажыў магілку.
Атрымалася зусім няблага — не горш, чым на могілках.
— Ну, во і паправілі. Харошыя ж хлопцы былі,— зморана ўздыхнуў Маслакоў.
Брытвін паморшчыўся:
— На ўсіх не напапраўляешся. Часу не хопіць.
— Колькі таго часу: паўгадзіны.
— Бывае, што і паўхвіліны важна. Асабліва на вайне, — разважліва сказаў Брытвін, выціраючы аб шынель далоні. Сцёпка незнарок зірнуў на яго рукі — не, яны былі даволі спрацаваныя: шырокія, з учэпістымі вузлаватымі пальцамі і тоўстымі кіпцямі. Ужо без нядаўняе пагарды хлопец падумаў, што, мабыць, ён перабольшыў, надта вызвяраючыся на гэтага чалавека. Але ўсё роўна прыкрасць на яго яшчэ не міналася.
Брытвін, між тым, паправіў на плячы сваю СВТ з аблезлаю ложай і, зрабіўшы крок, азірнуўся.
— На дыверсіях час — золата. Што-што, а гэта я ведаю. Дванаццаць паяздоў рота фуганула. Вунь ад Клепікаў да Замошша пад насыпам скрозь мая работа.
— Пад насыпам — гэта старо, — сказаў Маслакоў.—Што пад насып пускаць! У выемках трэба.
Брытвін, нібы перапыняючы яго, варухнуў далонню.
— Нічога. I так няблага.
Маслакоў з ім не спрачаўся, ён угрэўся і, зняўшы з ватоўкі дзягу, падперазаў ёю гімнасцёрку. Сцёпка спадылба пазіраў на Брытвіна і думаў: «Знайшоў чым выхваляцца: яго работа! У тым атрадзе яшчэ зімою было загадана дыверсіі на чыгунцы наладжваць толькі ў выемках, бо спушчаныя пад адхон паязды затрымлівалі рух не болей як на паўдня».
— А наконт магілы, — сказаў Брытвін да Маслакова, — можна было б дзядзькам наказаць. Прывялі б у парадак як найлепш. I яшчэ далажылі б.
Читать дальше