— Што ж, давай!
— Галоўнае, пісьмо пачытаць. Ведаеце, як натхняе?
— Пабачым, як ты іх натхніш заўтра.
— У найлепшым выглядзе. Толькі вось часу ў абрэз. Ну што ж, ранічкай пабачымся.
— Абавязкова.
Круглоў пайшоў, і ў зямлянцы зноў стала ціха. Прыслухоўваючыся да ягоных крокаў у траншэі, Валошын успомніў пра вышыню і падумаў, што прыйдзецца, напэўна, зноў вылазіць з зямлянкі і ісці да Самохіна — ён проста губляў надзею дачакацца на КП прапаўшых недзе разведчыкаў. Але зморанае цела марудзіла, так добра было сядзець у цяпле і спакоі, трывожна ўсведамляючы, што канчаюцца апошнія гадзіны ночы, а заўтра ўсё будзе не так.
Хаця, можа, і абыдзецца. Яны возьмуць вышыню, закапаюцца: настане якая-ніякая перадышка, можа, давядзецца адпачыць у абароне…
Але во чаго захацелася, спахапіўся камбат, злавіўшы сябе на гэтых расслабленых, амаль крамольных на фронце думках. Палова Расіі стогне пад немцам, ільецца кроў напалам са слязьмі, людзі чакаюць не дачакаюцца, калі Чырвоная Армія адужае ворага, а ён пра што марыць — стаць у абарону, адпачыць, адаспацца. Але што рабіць — менавіта так. Сэрцам і розумам адчуваеш адно, а цела, кожная часцінка тваёй цёплай плоці прагнуць іншага. У іх свае, куды больш сціплыя патрабаванні, без задавальнення якіх, аднак, — нікуды. Вельмі недасканалы, слабы чалавек, але іншага вось няма. Каб дасягнуць вялікае мэты, трэба лічыцца з маленечкімі патрэбамі гэтых недасканалых і слабых людзей, лёсамі і целамі якіх вымашчаны увесь даўгі шлях да вялікай жаданай Перамогі.
I Круглоў мае рацыю, ідучы да іх не з лекцыяй аб становішчы на франтах і не з тлумачэннем чарговага загаду Вярхоўнага, а з просценькім, сардэчным і наіўным пісьмом самотных у абезмужчынеўшым тыле дзяўчат. Мабыць, сапраўды, такое пісьмо болей і глыбей кране ачарсцвелыя душы тых, каму адрасавана, і напэўна больш дабрадзейна паўплывае на іх свядомасць, чым казённыя словы вайсковага загаду, які ставіць даўно знаёмыя задачы. Калі б гэтыя задачы было так проста выканаць, як іх паставіць… А вось пісьмо, гэты ціхі голас дзяўчачай лагоды, які за тысячы вёрст прыляцеў у прамерзлы франтавы змрок, — што можа быць святлей і бліжай для згаладнелага, намерзлага, спакутаванага ў доўгім расстанні з блізкімі чалавека на фронце?
Але камбат не хацеў чытаць гэтыя, можа, самыя лепшыя з усіх, калі-небудзь напісаных ад імя і па даручэнню радкі. Ён аддаваў перавагу радкам, якія не пакажаш другому, не прачытаеш на сходзе.
Ён іх чытаў у рэдкія хвіліны спакою, адзін на адзін з сабой.
«Дарагі мой Валошык, мой срэбны праменьчык закатнага сонейка, які так коратка і светла бліснуў у маім жыцці, дзе ты?
Дзе ты, зямная і нябесная мая радасць, мой рослы дубок, зялёная траўка палянкі, мёдам прапахлы лужок, цёплая жывая хваля, гулліва забегшая на мае далоні?
Адгукніся ж, скажы хоць слова — кажу я з пяшчотай, а сэрца маё трапеча ў разгубленасці ўсё з тым жа анямелым пытаннем — дзе ты?
Дзе ты, Валошык, у той час, калі я заміраю ў журбе і роспачы; дзе ты, калі на сэрцы ў мяне трошкі святлее; дзе, калі мне зусім не хочацца жыць і калі жыццё раптам зробіцца такім слаўным?
Дзе ты?
Ці, можа, ты назаўжды выкінуў з сэрца тую, каторая з такой самаадданай радасцю кінула сябе да тваіх моцных ног, каторая аднойчы і на ўсё жыццё пакахала цябе болей за сваю родную маці, каторая не можа жыць без цябе, — твайго непаўторнага ў свеце позірку, ціхага ласкавага слова, дотыку тваёй вялікай, цёплай і надзіва пяшчотнай далоні…
Ці, можа, ты спаткаў на вайне другую, нечакана асляпіўшую цябе зіхоткай сваёй прыгажосцю, чароўнай няўяўнасцю свайго кахання. Тую золатавалосую незямную Прынцэсу, перад якой я — няшчасная, адрынутая табой Золушка.
Ці ты не чуеш і ніколі не пачуеш мяне, бо даўно ўжо ляжыш у сырой анямелай магіле з варожаю куляй у тваіх шырокіх грудзях, да якіх так любіла прыпасці галавой і я.
Валошык мой, дзе ты?
Я хачу быць з табой, нават калі ты назаўжды выкінуў мяне з твайго вялікага і гулкага сэрца, усё роўна я буду нячутна, бы цень, хадзіць за табой. I калі ты са сваёй залатавалосай Прынцэсай, я буду чакаць цябе, і ты вернешся. А калі ты даўно супакоіўся ад усяго ў глыбокай брацкай магіле, то і я хачу ляжаць побач. Вазьмі мяне хоць у магілу да сябе, я не магу без цябе.
Толькі не маўчы, адгукніся. Мінула бясконцых пяць месяцаў нясцерпнага твайго маўчання. Я кожны дзень выходжу на наш ляшчынавы ўзлесачак і крычу, крычу — сонцу, аблокам, пахаладзеламу восеньскаму небу, крычу на ўсход і на захад:
Читать дальше