Аднак адтуль ніхто не бег. Пасля дзесятка стрэлаў там сціхлі, рэха закацілася за лес, і ўсё наогул змоўкла. Сцёпка паляжаў яшчэ грудзьмі на скосе, як раптам падумаў, што, мабыць, ён тут адзін, і гэта ажио напалохала яго. Ведама ж, Маслакоў наўрад ці ляжыць на тым баку, мусіць, адбег да лесу; значыць, і яму трэба падавацца назад. Мост, відаць па ўсім, прыйдзецца адкласці, да моста цяпер не падступішся.
Ускочыўшы на калені, Сцяпан адной рукою ўхапіў каністру, другой вінтоўку і, коўзаючыся па мокрай траве, пабег па-за насыпам. Ён чакаў стрэлаў, і яны сапраўды пачуліся, зноў часта і грымотна: бах — дзіууу… бах — дзіууу… Толькі вельмі хутка ён вызначыў, што стралялі не па ім, а міма. Тады ён упаў, загнана дыхаючы, азірнуўся — месца тут было крыху вышэйшае, а насып ніжэйшы, чым ля моста, і згледзеў здаля на дарозе цьмяны, прыгнуты сілуэт, які неяк, быццам крадком, бег, падаў і бахаў у ягоны бок стрэламі. Але кулі ён перастаў чуць, і гэта прарвалася ў ім неспадзёўкай-сполахам: ён ужо зразумеў, што паліцай страляў у Маслакова. Значыць, Маслакоў там, бліжэй да моста. Але чаму ж ён не страляе?
Сцёпка кінуў, дзе быў, каністру і, вывернуўшы ўбок ногі, амаль не цэлячыся, грымнуў стрэлам насустрач постаці, потым яшчэ і яшчэ. Ён не цэліў, ды і не было куды цэліць: ужо добра прыцьмела, і паліцай зноў знік — упаў ці можа скочыў за насып. Пасля трох стрэлаў Сцёпка даслаў у патроннік і чацвёрты патрон, але страляць не стаў, а, ускочыўшы, за тры крокі перабег дарогу.
Тут ён зноў зморана ўпаў і стаіўся. Ззаду, узбітае ботам! пасунулася воблака смярдзючага пылу, пад рукамі і грудзьмі замулялі ў мокрай траве нейкія калючкі, па шапцы і плячах далікатна і гусценька лапатаў дожджык.
Сцёпка думаў тут недзе знайсці Маслакова, але яго не было відаць ні ззаду, ні спераду. Хіба што камандзір ужо адбег да лесу, што ўвогуле было зусім верагодна. I ўсё ж нейкае падсвядомае адчуванне сведчыла, што ён не ззаду, а мабыць, ля моста. Трохі аддыхаўшыся і зацяўшы ў сабе страх, Сцяпан таксама падаўся туды.
Увага яго раздваілася: ён чакаў стрэлаў, каб тут жа ўпасці пад насып і з усяе сілы хацеў убачыць, дзе Маслакоў. У яго ўжо з’явілася і шырэла ў сваёй акрэсленасці думка, што з ім кепска, мусіць, яму папала. Тады Сцёпка проста не ведаў, чым можна дапамагчы камандзіру і як яго ратаваць тут, пад носам у аховы. Баючыся самага найгоршага, ён, аднак, спадзяваўся яшчэ, што можа Маслакоў проста стаіўся, і ён яго зараз знойдзе.
Ён і сапраўды хутка ўбачыў свайго камандзіра — у дажджлівым паўзмроку той цёмным бугром знерухомеў акрай насыпу, і яшчэ зводдаль Сцёпка зразумеў, што камандзіра падстрэлілі. Напэўна, упаў Маслакоў яшчэ на скосе і ссунуўся ўніз. Ён так і ляжаў цяпер, закінуўшы ўгору рукі, з ненатуральна падкурчанымі ў каленях нагамі. Ватоўка на ім загарнулася, кашуля таксама, і голы запалы жывот цьмяна свяціўся ў доле. З разбегу Сцёпка выцягся ля камандзіра, і па тым, як той ніводным рухам не рэагаваў на яго з’яўленне, хлопец з паныласцю зразумеў, што найгоршае сталася. Сцяпан не стаў тармасіць яго ці абмацваць: не было часу — на дарозе вось-вось маглі з’явіцца паліцаі. Ён толькі выдзер з-пад пляча аўтамат і стаіўся побач, чакаючы.
Унутры ў ім усё аж захлыналася ад стомы і страху, пачуцці, здавалася, дасяглі мяжы напружання і, бы сірэны, гулі ад роспачы. Наўкола, аднак, было ціха: дождж роўненька, але настойліва лапатаў па дарозе, траве. Паліцаі нешта марудзілі — не беглі сюды і не стралялі. Сцёпка тады азірнуўся, і сцяўшы ў сабе агорклае дыханне, пераваліў Маслакова на бок. Не адрываючы позірку ад дарогі, ён зачапіў на руку почапкі аўтамата і вінтоўкі і, напружыўшы не дужа вялікія свае сілы, узваліў на сябе страшэнна цяжкога цяпер Маслакова. Ён ажно спалохаўся, што не падніме; ад натугі ў вачах бліснулі і расплыліся жоўтыя плямы, але ўсё ж ён устаў на ногі і, сагнуўшыся ў тры пагібелі, бы п’яны, пабрыў пад насыпам.
Ён упаў, крыху не дасягшы ўзлеску. У трохі святлявым небе відаць былі верхавіны сасонак, але ў яго не хапіла сілы забрысці ў лес, ногі падламаліся, і ён мякка лёг з ношай на бок. Сцёпка чакаў, што з лесу выбегуць тыя двое і скончацца яго пакуты, утрох бы яны ўжо маглі выхапіць адсюль камандзіра і адбіцца. Хвілін пяць ён захлынаўся горкай задухай: прыціснутае да зямлі, шалёна таўклося ягонае сэрца; усё на ім было мокрае ад поту і дажджу. Ён не памятаў, колькі часу, нібы ў непрытомнасці, ляжаў на мокрай маладой траве, і ніхто да яго не бег ні насустрач, ні ззаду. Зрэшты, ззаду ён не бачыў нічога — ён толькі слухаў, але ні крокаў, ні стрэлаў адтуль не было.
Читать дальше