Вось дык метамарфоза! Ад каго другога, а ад Мароза такога я не чакаў. Каб працаваць пры немцах?! А тут і пракурор выказваецца ў тым сэнсе, што даўно трэба было гэтага Мароза рэпрэсіраваць — не наш чалавек. Я маўчу. Думаю, думаю і ніяк не магу пагадзіцца, што Мароз — нямецкі настаўнік. Сядзім ля грубкі, глядзім у агонь і маўчым. Што рабіць? Называецца, наладзілі сувязі. Адзін — паліцай, другі — нямецкі служачы, харошыя мы кадры падрыхтавалі за два гады ў раёне.
I знаеш, думаў я думаў і надумаўся схадзіць усё ж уначы да Мароза. Няўжо, думаю, ён прадасць мяне? Ды я яго, калі так, гранатай узарву. Вінтоўкі не было, а граната была. Селязнёў забараніў браць з сабой зброю, але гранату я ўсё ж прыхапіў на які прыкры выпадак.
Пракурор адгаворваў, але я не здаўся. Мусіць, такі ўжо характар з маленства. Чым болей мне што даводзяць насуперак, тым болей мне хочацца па-свойму зрабіць. Не дужа гэта спрыяе ў жыцці, але што ж. Праўда, пракурор тут ні пры чым. Проста баяўся за мяне, думаў, як бы не прыйшлося аднаму вяртацца.
Дзеўкі расказалі, як знайсці Мароза. Трэцяя хата ад калодзежа, з падворка ганак. Жыве ў старой бабулі. Цераз вуліцу ў другой хаце ягоная школа.
Сцямнела — пайшлі. Дожджык цярушыць, гразнота, вецер. Нешта пачатак лістапада, а халадэча сабачая. Дамовіліся з напарнікам, што я зайду, а ён мяне пачакае ў загуменні ля кусцікаў. Чакаць будзе гадзіну. Не прыйду — значыць, справа кепская, нешта здарылася. Ну але, думаю, за гадзіну ўпраўлюся. Ужо я разгадаю душу гэтага Мароза.
Так пракурор застаўся за пунькай, а я ўзмежкам — да хаты. Цёмна. Ціха. Адно дождж большае ды шамаціць па саломе на страхах. За плотам вобмацкам дабрыў да варотцаў на падворак, паспрабаваў расчыніць, а яны дротам завязаныя. Я так і гэтак — нічога не выходзіць. Трэба цераз плот пералазіць, а плот высакаваты, слізкі. Наступіў ботам ды як пакаўзнуўся, грудзьмі аб жардзіну, тая хрась напалам, а я носам у гразь. I тут сабака. Так заліўся брэхам, што я ляжу ў гразі, баюся крануцца і не ведаю, што лепей: уцякаць або клікаць каго.
Але, чую, нехта выходзіць на ганак, бразнуў дзвярыма, слухае. Пасля пытаецца ціха так: «Хто тут?» I да сабакі: «Гулька, прэч! Прэч, Гулька!» Ну ведама, гэта ж школьны сабачка, той трохлапы, што некалі інспектара ўкусіў. А чалавек — Мароз, знаёмы голас. Але як адазвацца? Ляжу і маўчу. А сабака зноў у брэх. Тады ён саступае з ганка, кульгаючы так (чутно па гразі: чу-чвяк) ідзе да плота.
Устаю і проста кажу: «Алесь Іванавіч, гэта я. Былы твой загадчык». Маўчыць. I я маўчу. Але што тут рабіць — назваўся дык, мусіць, трэба вылазіць. Устаю, пералажу плот. Мароз ціха так: «Тут лявей трымайся, а то карыта ляжыць». Уціхамервае сабаку і вядзе мяне ў хату.
У хаце гарыць капцюшка, акно занавешана, на табурэтцы раскрыта кніжка. Алесь Іванавіч падстаўляе табурэт бліжэй да печы. «Сядайце. Пальто зніміце, хай сохне». — «Нічога, — кажу, — паліто маё яшчэ высахне». — «Есці хочаце? Бульба ёсць». — «Не галодны, еў ужо». Адказваю быццам спакойна, а ў самога напружанне ў нервах — да каго трапіў? А ён нішто, спакойны, быццам мы толькі ўчора разышліся: ніякіх пытанняў, ніякай няёмкасці. Хіба толькі залішні клопат у голасе. I погляд не такі адкрыты, як быў раней. Бачу, няголены, мусіць, дзён пяць — русявая бародка на твары.
Сяджу мокры, не знімаючы армяка, і ён урэшце прысеў на лаўцы. Капцюшку паставіў на табурэт. «Як жывем?» — пытаюся. — «Ведама як. Кепска». — «А што такое?» — «Усё тое ж. Вайна». — «Аднак, чуў, на табе гэта мала адбілася. Усё вучыш?» Ён кісла, адным бокам твару, усміхнуўся, паўзіраўся ўніз на капцюшку. — «Трэба вучыць». — «А па якіх праграмах, цікава? Па савецкіх ці па нямецкіх?» — «Ах, во вы пра што!» — кажа ён і ўстае. Пачынае хадзіць па хаце, а я незнарок, пільна так сачу за ім. Маўчым абодва. Пасля ён спыняецца, нядобра зырае на мяне і кажа: «Мне некалі здавалася, што вы — разумны чалавек». — «Магчыма, і быў разумны». — «Дык не задавайце тады неразумных пытанняў».
Сказаў, як адрэзаў, і змоўк. I, ведаеш, мне стала трохі не па сабе. Адчуў, што, мабыць, даў маху, змарозіў глупства. Сапраўды, як я мог сумнявацца ў ім! Ведаючы, як ён тут жыў і чым быў раней, як можна было падумаць, што ён у тры месяцы перарадзіўся. I, знаеш, я адчуў без слоў, без запэўнення і бажбы, што ён наш — чэсны, харошы талавек.
Але ж гэтая школа! I з дазволу нямецкіх улад…
«Калі вы маеце на ўвазе маё цяперашняе настаўніцтва, дык адкіньце вашы сумненні. Благому я не вучу. А школа патрэбна. Не будзем вучыць мы — будуць абалваньваць яны. А я не затым тут два гады ачалавечваў гэтых рабят, каб цяпер іх расчалавечылі. Я за іх яшчэ пазмагаюся. Наколькі змагу, вядома».
Читать дальше