Апрача Пятрашкіна і начальніка сувязі, у гэтым адбітым у немцаў бліндажы з перацёртай саламянай трухой у доле быў яшчэ яфрэйтар Бутэнка — камлюкаваты маўклівы дзяцюк у вайсковым бушлаце з павырыванымі гузікамі. Ён выглядаў зайздросна спакойна ў гэты крытычны час і, падпёршы спіною сцяну, усё цмыгаў тоўстую, з палец, самакрутку, да якой меў, здаецца, адзіную ў жыцці ахвоту. Быў тут яшчэ і высокі. чубасты прыгажун сяржант Сімакоў — першы радыст палка, вельмі паважаны ўсімі сувязістамі і нават самім камандзірам, які, заходзячы на вузел сувязі, заўжды вітаўся з сяржантам за руку. Цяпер Сімакоў быў без справы, бо ўранку выбухам міны пашкодзіла яго рацыю і смяротна параніла ягонага напарніка Васю Болзіна. Чарнеючы з твару ад гэтай двайной страты і сённяшніх няўдач, ён з адчайным пакутніцкім выглядам стаяў у траншэі ля ўваходу ў бліндаж і сачыў за ўзгоркам, на якім недзе здарыўся парыў і куды пабег ужо тэлефаніст Айбекаў.
— Эх, с-сабака, так і садзіць, так і садзіць… Аблажыў разрывамі навокал… Эх, Айбекаў!..
Капітан Полазаў у той час круціў другі апарат і спакойна, нібы нічога небяспечнага нідзе не сталася, загадваў некаму звязацца з «Клёнам» праз нейкую «Зіму», што — памятаў Пятрашкін — значылася ў спісе пазыўных штаба дывізіі.
Быў у гэтым бліндажы і яшчэ адзін чалавек — малады, пэўна, Пятрашкіных год афіцэр у караткаватым новым шынялі, з тонкаю доўгаю шыяй, якая смешна вытыркалася з вялікага каўняра гімнасцёркі. Ён то падыходзіў да камутатара, то мацаў вывады правадоў, зазямленні, то, услухоўваючыся ў рознагалоссе блізкага бою, невясёла пазіраў на маўклівага, заклапочанага капітана. Пятрашкін не ведаў ні яго прозвішча, ні пасады, ён толькі бачыў учора, як надвячоркам з’явіўся гэты малодшы лейтэнант на іхнім вузле сувязі.
Пятрашкін тады, як і цяпер, абслугоўваў камутатар, і, чакаючы, пакуль Айбекаў прынясе вячэру, быў вельмі чуйны не толькі да сваёй трубкі, але і да крокаў у траншэі. Таму ён адразу павярнуўся да дзвярэй, калі пачуў там нечыя рухі, і ў незавешаным праходзе ўбачыў спярша незнаёмыя кірзавыя боты, пасля — полы зусім яшчэ новага шыняля. Неўзабаве, згорбіўшыся пад нізкай столлю, у бліндаж улез малады кірпаты вайсковец, падпяразаны жаўтавай зусім не пашарпанай папругаю, у суконнай пілотцы, залатых пагонах з адной зорачкай у прасвеце і сувязісцкай эмблемай ля гузіка. Пэўна, дрэнна бачачы ў прыцемках бліндажа, афіцэр спыніўся на парозе і запытаў:
— Начальнік сувязі тут?
Пятрашкін, усё разглядваючы незнаёмага, моўчкі кіўнуў галавой у бок капітана, які, прымасціўшыся на катушцы чырвонага трафейнага кабелю, маляваў схему сувязі. Афіцэр тады саскочыў з парога і, шчоўкнуўшы абцасамі, размашыста дзеўбануў кончыкамі пальцаў у край пілоткі:
— Таварыш капітан, малодшы… — і чамусьці змоўк, бы заікнуўся, і праз момант ужо іншым голасам, спалоханым і ўзрадаваным адначасова, ускрыкнуў:
— Ой, Іван… ты?
Пятрашкін, апусціўшы ад вуха трубку, крутнуўся быў ад свайго камутатара, чакаючы, што строгі, зусім не настроены жартаваць капітан што-небудзь крыкне на гэтага дзівака-лейтэнанта, які так спляжыў свой службовы даклад. Але капітан Полазаў не крыкнуў, у яго шырока раскрытых вачах адбілася здзіўленне, і, стросшы з кален паперы, з расшпіленай на баку сумкай, ён ускочыў насустрач.
— Аркадзь!? Адкуль? Як жа гэта? — разгублена казаў ён, абхапіўшы таго за плечы і ўзіраючыся ў яго радасны твар.
— Ды вось прыбыў, — збянтэжана адказаў малодшы лейтэнант. — З вучылішча вось… Скончыў ужо. Прыехаў у дывізію, пасля сюды…
— Глядзі ты!.. Вось нечаканасць! — усё здзіўляўся начальнік сувязі, і Пятрашкін падумаў, што гэты афіцэр нейкі, відаць, знаёмы капітана Полазава.
Так яно, бадай, і было.
Увечары тады стала зацішна, мінамётныя выбухі змоўклі, толькі недзе за пагоркам у напрамку трэцяга батальёна трашчалі «МГ» і нашы «максімы» ды ўзляталі ў чорнае неба імклівыя хвасты ракет. Рухавыя зеленаватыя водбліскі мільгалі па сценах бліндажа, на брустверы траншэі, дзе доўга сядзелі гэты малады афіцэр і начальнік сувязі. Яны ўсё гутарылі і гутарылі аб нечым — ціха ўспаміналі далёкія даваенныя часы, нейкі горад, незнаёмых людзей, чужое, невядомае Пятрашкіну жыццё. Пятрашкін вельмі хацеў спаць і драмаў неўпрыцям між тэлефонных званкоў і дрынкання клапанаў, і, дрэмлючы, усё слухаў ці мо сніў нават тыя размовы. Здаецца, афіцэры так і не паспалі да ранку, а на світанні здарылася вось гэтая бяда з танкамі.
— Эх, гады, накрылі! Накрылі нашага Айбекава! — амаль залемантаваў у траншэі Сімакоў. — Упаў!.. Устае… Не, усё! Ляжыць!
Читать дальше