Вадзім пастукаў маленькім малаточкам, забіваючы маленькія цвічкі ў бакавінкі, і прыладзіў маленькае вечка. Любуючыся, ён адставіў скрыначку на сярэдзіну стала, прыжмурыўся:
— От і ўсё. Глянь, Іра, на мой твор мастацтва.
Ірынка павярнулася, няўцямна зірнула на стракатую ад узораў штуковіну. Яна ўжо бачыла гэтую шкатулку на чарцяжы, што прысылалі з часопісам, і не адчула цяпер ніякай цікавасці да яе.
— От яшчэ адпаліруем, лакам пацягнем, і будзе цуда. А можа, нават не лакам, а пафарбаваць бронзай — будзе як літая, — задаволена казаў Вадзім, адкінуўшыся на табурэтцы. — Ну, але гэта другі раз. Добрага патрошку. Праўда, Ірынка?
Ён гарэзліва падскочыў, абняў жонку за талію, яна трошкі скаланулася, абуджаная ад сваіх думак, але прыветна паглядзела на яго і чамусьці хуценька прамовіла, скіроўваючы яго ўвагу на іншае:
— Глянь, глянь, як ляцяць. Як лебедзі, маленькія такія, перамяшаліся, быццам згубілі што, важака страцілі…
— Што? А-а, таполі… Ну, глупства адно, якія там лебедзі! Проста адзін са спосабаў размнажэння. Батанічны варыянт, закон прыроды, — абыякава праказаў ён, раскінуўшы ў бакі натруджаныя працай рукі — высокі, хударлявы, трохі сутулы, у гладка нацягненай на грудзях сетцы-безрукаўцы. Ірынка неўпрыцям закусіла губу, на яе чыстым ілбе пралегла танюсенькая няроўная зморшчынка.
— Ведаеш, давай прагуляемся, — пасля паўзы сказаў Вадзім. — Што сядзець? Давай сходзім да Анатоля. Паглядзім, што ён за тыпус стаў.
Узяўшыся падручкі, яны паволі ішлі ў густой засені прысадаў па ціхай ускраіннай вуліцы.
Яна апранула свой новы гарнітур — шэры, з недарагога, але вельмі прыгожага каверкоту, якога яны набралі неўзабаве пасля вяселля. Гэта была Вадзімава ініцыятыва, ён адразу прыкінуў, як гэта нядорага і выгадна. І цяпер у аднолькавых гарнітурах яны выглядалі, нібы блізняты — маладыя, прыгожыя, статныя.
Яны маўчалі. Ён стараўся трапляць у нагу з жонкай і, задаволены сабой, вуліцай, надвор’ем, добразычліва пазіраў на сустрэчных, на гаманкую дзетвару ля платоў, выглядаў патрэбны нумар Анатолевай хаты. Збоч цягнуліся чыстыя цесныя дворыкі, адгароджаныя ад вуліцы пашарэлымі дашчанымі платамі, месцамі з дротам наверсе. У зацішнай цеснаце стрымана шумелі садкі, гучала з вокан радыё і ўсё ляталі скрозь беспрытульныя пушынкі таполяў.
— Ось жывуць жа людзі: садок, агародчык, музыка — любата, — казаў Вадзім.
Іра чамусьці не прыкмячала прыгажосці адгароджанага платамі жыцця; апроч тапалёвага лёту, у яе душы ўжо колькі дзён жыў, не слабеючы, незвычайны, страшэннай сілы вобраз далёкага Мексіканца.
Калі яна ўпершыню прачытала гэтае апавяданне, то, нібы аглушаная перуном, з паўгадзіны нерухома сядзела, нічога не чуючы і не бачачы навокал. З апошняй старонкі кніжкі на яе пазіралі страшныя чорныя вочы Рыверы, знясіленага, спакучанага, але перамогшага ў імя вышэйшай ідэі, у імя рэвалюцыі. Уначы ёй сніўся страшэнны баксёрскі бой і ўсё тыя зацятыя ў сваёй нечалавечай нянавісці вочы Рыверы. Упершыню тады яна невыразна яшчэ адчула, што нешта надламалася ў яе жыцці, знік зусім былы кароткі спакой — яна штосьці згубіла.
Урэшце Вадзім спыніўся перад рэдкімі садовымі весніцамі, бразнуў клямкай. У суседнім двары над нізенькім плотам высунулася цікаўная белавалосая хлапчукова галоўка, ён угледзеўся ў прахожых і зычна гукнуў у расчыненыя вокны абвітага зелянінай дома:
— Бабка Фрося, да вас прыйшлі!
У акне з’явілася старэнькая бабулька з акулярамі на носе і кніжкай у руках. Яна запытальна бліснула старамоднымі маленькімі шкельцамі, аберуч адчапіла ад вушэй дужкі і гасцінна запрасіла:
— Заходзьце, заходзьце, дзеткі, там не зашчэплена. Заходзьце.
— Анатоль дома? — запытаў Вадзім, расчыняючы дзверцы.
— Га? — прыклала да вуха руку старая. — Тут, дзеткі, тут Мерзляковы. Заходзьце, калі ласка.
— Дзядзька Толя ў катлаване, — растлумачыў за бабульку белагаловы хлапчук. — Там скалу выпальваюць.
— Гэта дзе? На Пустцы?
— Ага, дзе камбінат будуюць.
Вадзім адступіўся назад, зачыніў весніцы, ужо не зважаючы на глухую бабульку, якая ўсё запрашала зайсці. Ён ведаў, куды ісці, і падаўся тратуарам, а Ірына, цярэбячы ў руках галінку, трохі адстала ад мужа, і ён, прыпыніўшыся, пачакаў яе.
— Такі добры домік, сімпатычная бабка, чаго перціся немаведама куды, — казаў ён, заглядваючы ў шэрыя, задуменныя вочы жонкі. Ірынка патупілася, каб не глядзець на мужа, маўчала і бязвольна ішла за Вадзімам.
Читать дальше