— Вось як… Знайшлася… Вось…
— Андрэй! — слаба ўскрыкнула яна, і ад хвалявання захадзілі яе высокія грудзі. — Андрэй, адкуль ты?..
— Ды вось стрэліся, — трохі ўжо авалодаўшы сабой, казаў Андрэй Андрэевіч. — Ты едзеш куды?
— Я? Ага, еду… Ці яшчэ не, але трэба… Сёння паеду.
Тады ён далікатна ўзяў яе за локаць і, патроху перамагаючы хваляванне, павёў між людзей у цесным праходзе.
— А я, ведаеш, на плошчы зірнуў у таксі, гляджу; ты! Ну, я на другое, даганяць. Ледзь-ледзь не згубіў… Вось…
Здарылася ж як! — ужо без ценю былых пакут і сумненняў радасна казаў Андрэй Андрэевіч.
— А як жа гэта ты? Адкуль? — пыталася яна, паслухмяна ідучы поруч і пільна ўглядаючыся ў яго твар, які ўсміхаўся збянтэжанай, трохі сарамлівай усмешкай…
— Я жыву тут… Ужо тры гады… Працую ў трэсце інжынерам.
Яны прабраліся ў самы кут пачакальнай залы, прыселі на ўскрайку дубовай з высокай спінкай канапы. Побач, узваліўшыся на чамадан і захінуўшы твар каўняром, ляжаў нейкі здарожаны пасажыр. Яны, аднак, не зважалі ні на кога.
— Ой, якая сустрэча!.. Якая сустрэча! — ад здзіўлення ці ад радасці, усё ўзіраючыся ў яго, казала Ніна. — А ты не змяніўся, Андрэйка. Усё такі, як быў. А колькі ўжо год мінула!..
Яна нялёгка ўздыхнула. Ён таксама з замілаваннем, з незразумелай тугой і бязмерным шчасцем глядзеў у яе прыемны, маладжавы, крануты сумнай усмешкай твар з падведзенымі тонкімі брывамі і па — ранейшаму доўгімі вейкамі. Яна зняла з галавы намоклы капюшон і апынулася ў модным зялёным бярэціку на кароткіх ільняных завітках. На Андрэя Андрэевіча адразу дыхнула ўспамінамі пра іх незабыўнае былое. Здавалася, усё, што было ў ягоным жыцці без яе, было сном, хворым трызненнем, а цяпер прадаўжаецца тое, ранейшае. Але трохі ўгледзеўшыся ў яе падпудраны твар, Андрэй Андрэевіч улавіў у ім нешта новае, невядомае яму, набытае, відаць, у тыя доўгія гады іхняй ростані. Аднак ён яшчэ не хацеў заўважаць гэтага і сказаў шчыра;
— I ты ўсё такая ж, Ніна…
Нешта, пэўна, большае, чым трэба было, вымавіў ён у апошнім слове, бо ў яе вачах бліснулі на момант іскрынкі нейкай здагадкі, але яна хутка пагасіла іх і спытала;
— Ну, як жа ты маешся?
Ён не хацеў ні думаць, ні гаварыць пра сябе, ён глядзеў, глядзеў у яе любыя вочы, трымаў у сваіх далонях яе руку, і вочы яго струменілі перамешаныя хваляваннем пачуцці. Але яна спытала яшчэ;
— Як ты жывеш? Ці шчаслівы?
— Я? — чамусьці здзівіўся Андрэй Андрэевіч. Так, ён быў цяпер шчаслівы, і ўсё іншае не датычыла яго, знікла з адчуванняў, унутры чалавека бурліла хмельная радасць. — Я так, нішто, — казаў ён. — Працую. А ты? Дзе ты? Як ты? Хто ў цябе?
Яна неяк трошкі журботна ўсміхнулася куточкамі вуснаў.
— Позна ж ты цікавішся, — папракнула Ніна і коратка ўздыхнула.
Ён адчуў тады, што сапраўды вінаваты перад ёй і аж здзівіўся цяпер, як гэта ён мог гэтулькі чакаць, маўчаць, нічога не зрабіць, каб адшукаць яе, сустрэцца, убачыцца. Але ён быў шчыры з ёю, і яго радасць, яго відавочнае шчасце сустрэчы сказала ёй больш за ўсе словы.
— Андрэйка, — пазіраючы ў глыб яго ўважлівых вачэй, сказала Ніна. — А я памылілася тады… памятаеш?.. — яна апусціла вочы. Боль яе смутку кальнуў у душы Андрэя Андрэевіча. — Я замужам, у мяне дзіця, але… мне нявесела…
— Ніна! — перабіваючы яе такі знаёмы па сабе сум і боль, загаварыў Андрэй Андрэевіч. — Не трэба цяпер пра гэта… Не трэба… Ведаеш, і мне… нявесела.
Яна яшчэ маркотна, бы з недавер’ем, зірнула на яго і зноў уздыхнула. Ён змоўк, і тады ўпершыню патухла радасць і ў яго стомленых цёмных вачах.
Нейкі час яны задуменна маўчалі. Паволі ўлягалася ўзрушанасць, новыя, засмучоныя ноты напаўнялі перажыванні абоіх. У ёй гэтая засмучонасць таксама была новая, незнаёмая яму: нейкае капрызнае раздражненне на кароткі час з’явілася на яе твары. Яна крыху задумалася — можа, што ўспамінала, — рукі яе у намоклых рукавах плашча нервова варушыліся на каленях, пальцы няўцямна церабілі пальчатку. Але так працягвалася нядоўга, хутка яна зноў, ужо весялей, зірнула на Андрэя Андрэевіча, відаць, перамагла нешта ў сабе і спытала:
— Як жа гэта ты, аднак, уздумаў даганяць мяне?
Мноства гарачых пакутных слоў узнялося тады, перамяшалася ў яго галаве, ад перажытага ўзрушання зблыталіся яго думкі і намеры, і ён кусаў толькі свае засмяглыя вусны. Трэба было сказаць самае галоўнае, самае важнае, аб чым марыў ён доўгія гады. Жанчына нібы разумела гэта і чакала, не ў стане згасіць у вачах нямое трывожнае пытанне.
Читать дальше