— Слаўка, Шэлестаў! — пачулася ззаду. Хлопец спыніўся і азірнуўся. Шпаркім крокам даганяў яго малады чалавек у светлым плашчы, праставалосы і з партфелем у руках. Гэта Колька Вязаў. Яны даўно не бачыліся і ўзрадавана паціснулі адзін другому рукі.
— На работу? — запытаў Колька, ідучы побач.
— На работу, — адказаў Слаўка. — А ты ў інстытут?
— Ага. Трэба што-колечы падагнаць да заняткаў.
Некаторы час яны няёмка памаўчалі, раптоўна адчуўшы, што няма ўжо ў іх агульных інтарэсаў, потым Колька запытаў:
— Ну, як працуецца?
— Памалу. А як твая вучоба?
Колька не адразу адказаў на гэтае агульнае пытанне. Ён неяк нявесела агледзеў свае зграбныя жоўтыя камашы, відавочна перацяў уздых і сказаў проста:
— Так сабе, — і толькі пасля працяглай паўзы дадаў: — Увосень думаю падацца на педагагічны.
— Гэтак! — здзівіўся Слаўка. — А што ж архітэктурны?
— Эх, лухта адна.
Употай спачуваючы хлопцу, Слаўка ўздыхнуў. Архітэктурны, вядома, не лухта. Яшчэ мінулым летам, калі Колька бегаў туды і пакутваў на экзаменах, Слаўка разумеў усю недарэчнасць ягонага выбару. Ні да будаўніцтва, ні да малявання ў сябра не было ніякіх здольнасцей, і вабіла яго, бадай, адно толькі гучнае слова — архітэктар. Відаць, такі ж выйдзе з яго настаўнік, які і дойлід. Гэтак думаў Слаўка, моўчкі крочачы побач з былым сябрам, але ўслых не сказаў нічога. Неяк неўпрыцям здарылася так за гэты год, што былая дружба іх сыйшла на нішто без сварак і без асаблівага незадаволення адзін другім. Пакрысе яны ўзаемна аддаліліся, у абодвух з’явіліся новыя, блізкія толькі сабе клопаты.
Яны прыйшлі на астаноўку і стрымана развіталіся. Коля спяшаўся хутчэй дабрацца да інстытута, а Слаўка хацеў, не спяшаючыся, прайсці вясновы ранішні горад, а, бадай, яшчэ больш — пабыць адзін-на-адзін з сабой.
Слаўка быў апошнім сынам у некалі вялікай сям’і. Яго браты, скончыўшы ў свой час тую ж школу, дзе вучыўся і ён, ішлі ў людзі, і малы хлапчук быў сведкай выбару імі жыццёвых прафесій. Адзін брат стаў палярнікам, другі — ваенным лётчыкам, трэці прысвяціў сябе навуцы і ўжо дваццаць год цярпліва вывучаў ў Маскве нейкіх кузурак. Шлях іх жыццёвага станаўлення — памятае Слаўка — быў ахутан рамантыкай нязведанага, і ўсе ў доме, нават суседзі і знаёмыя, поўніліся чулай увагі да іх лёсу. У Слаўкавым жыцці ўсё склалася інакш. Здарылася так, што калі настаў час выбіраць сабе жыццёвы шлях, Слаўка моцна завагаўся. Добра было тым, якія, як кажуць, ледзь не з першага класа ўжо рашылі гэтую задачу і марылі стаць урачом або настаўнікам, ці знатнай даяркай. Слаўка ж з маленства ні аб чым гэткім сур’ёзным не задумваўся: у дзіцячыя гады яго займалі дзіцячыя клопаты і забаўкі, а марыць аб медыцыне ці геалогіі ён не меў ніякіх падстаў, бо амаль не ведаў, што гэта такое. Яму куды больш па душы быў дужы «МАЗ», дасканала зведаны на суседскім дварэ ў знаёмца-шафёра, чым невядомыя кузуркі, ці праектаванне высотных палацаў. Бацька — разумны і добры Слаўкаў татка, — пазіраючы на сына, не вельмі лез у хлопцаву душу, але, відаць, разумеў усё, што адбывалася ў ёй.
Аднойчы ў суботні вясновы вечар яны ўдвух пілі чай пасля лазні і маўчалі. Здавалася, кожны думаў сваё, але абодва яны думалі аб адным. Бацька, адставіўшы пустую шклянку, неяк вельмі пільна паглядзеў на сына.
— Вось што, хлопец, — сказаў ён. — Ідзі ты на завод. Папрацуеш, а там бачна будзе. Калі папраўдзе сказаць, дык яно будзе так, што лепш быць добрым шаўцом, чым дрэнным міністрам.
I Слаўка паслухаўся бацьку. Маці ж, тоячы мары аб славутым будучым малодшага сына, пратэставала бурна і доўга, але дарэмна. Ён пайшоў на завод, і, пэўна, з той прычыны, што машыны наогул падабаліся яму, пачаў працаваць на іх і рабіць іх. Вядома, ён можа вучыцца, каб з часам канструяваць іх, але які будзе з яго канструктар — невядома, а вось станочнік, здаецца, атрымліваецца нядрэнны. А бацька, пэўна, маючы на ўвазе гэтую думку, усё вёў гаворку наконт таго, што сініца ў кішэні куды лепш, чым журавель у небе.
Слаўка задуменна ішоў па малалюднай вуліцы. Побач з ім у цьмяным шкле шырокіх магазінных вітрын рухаўся другі Слаўка — у некалькі мешкаватым камбінезоне, невялічкі ростам, круглатвары і ўсмешысты. Гэты Слаўка часам цікавіўся тым, пазіраў у шкло, і іх позіркі сустракаліся. З вітрыны хітравата глядзеў кірпаты хлапечы твар са зблытанай чупрынай — нічога ні гераічнага, ні рамантычнага ў ім — звычайны твар звычайнага хлопца.
Усё было б добра ў Слаўкавым жыцці і шчасце было б поўнае, калі б не адзін чалавек на заводзе. З першага дня Слаўкавага з’яўлення ў цэху наладчык станкоў Прохараў нямаведама чаму ўзненавідзеў хлопца і не прапускаў ніводнага выпадку, каб не ўкалоць чым яго. Хоць гэты Прохараў і наогул быў чалавек няўрымслівы і злоязыкі, але да Слаўкі меў асаблівую пагарду і кпіў з яго, калі толькі мог. Спачатку Слаўка не крыўдзіўся, зводзіў на жарт ягоныя кпіны, аднак пакрысе крыклівы наладчык стаў адзінай надакучлівай хмурынкай у заводскім жыцці юнака.
Читать дальше