— Каб табе трасца! — вымавіў ён са стрыманай злосцю.
Тады расчыніліся другія дзверцы, і на абочыну нязграбна выбраўся сядок, шафёраў начальнік — прысадзісты, надзьмуты чалавек. Ён адразу нагледзеў больш — менш сухое месца ля канавы, сяк — так дабраўся туды і стаў, засунуўшы рукі ў кішэні паліто.
— Ну што? Селі?
Шафёр маўчаў, корпаючыся ля задняга кола. Сядок нецярпліва загадаў:
— Давай назад!
Хлопец сеў на сваё месца і ўключыў газ. Машына пакрыўджана фыркнула клубам шызага дыму, ураз падхопленага хлёсткім асеннім ветрам, уздрыгнула, але з месца не скранулася.
— Давай уперад!
Шафёр паслухмяна даў і ўперад, але дарэмна.
— Цягні вунь тое палена, — загадаў начальнік, паказваючы на нейкі корч, што тырчэў на ўзмежку.
Без лішняй развагі шафёр скочыў цераз канаву, выдзер з зямлі трухлявы корч і прыладзіў яго пад задняе кола.
Пакуль ён рабіў гэта, начальнік усё стаяў на ранейшым месцы і, хілячыся наперад, каб не ступаць у гразь, даваў парады.
— Мацней таўчы… Так, так. Сукам уніз. Во! Наддай абцасам.
Шафёр маўкліва рабіў усё гэта, і, калі корч добра ўладкаваўся пад колам, узяўся за руль. Зноў машына задрыжэла, закалацілася ад моцнага напружання.
— Стой! — крыкнуў начальнік, з хвіліну паназіраўшы дарэмныя намаганні. — Галля трэба! Давай галля!
— Няма сякеры, — упершыню з адзнакай нязгоды вымавіў шафёр.
— А ты рыдлёўкай насячы, — параіў начальнік, убачыўшы, што шафёр думае нешта сваё, закрычаў: — Ну, давай, давай!
Начальнік пачынаў нервавацца. Ён сціскаў вусны, жмурыў вочы і нецярпліва тупаў па сваёй выспачцы. Восеньскі вецер буяніў над шэрымі прасторамі, гнаў і кудлачыў у небе густыя хмары, шматаў кусты за канавай, зрываў жоўтае і чырвонае ссохлае лісце.
Шафёр як-колечы наламаў галля і, паднёсшы да машыны, пачаў пхаць яго пад левае задняе кола. Надзьмуты чакаў, — яму за машынай не відаць было, як корпаўся шафёр, — і нецярпліва пакрыкваў:
— Ну, хутка там?
Нарэшце абодва заднія колы былі добра абкладзены веццем і падпёрты карчамі. Шафёр зноў улез у машыну і ўключыў перадачу. «Пабеда» паторгалася, пафыркала на розных нотах і не кранулася з месца.
— А няхай цябе! — пачынаў злавацца і разам з тым непакоіцца начальнік. Забыўшыся, ён нават памкнуўся падацца да машыны, але, ступіўшы ў гразь, хуценька адскочыў назад.
Шафёр, бадай, стаміўся ўжо ад дарэмных захадаў зрушыць машыну. У безнадзейна спакойнай абыякавасці ён прыхіліўся да кузава і пачаў рыхтаваць закурку.
Ужо бралася на адвячорак. Непрывабная сцюдзёная далячынь хуталася ў тумане. На дарозе ўсё больш рабілася нудна і няўтульна. Вецер мацнеў.
— Ну, што ты там раскурыўся! — не вытрымаў начальнік. — Давай спрабуй!
Шафёр нічога не адказаў, яшчэ разы два зацягнуўся і пайшоў аглядаць заднія колы. Са злосцю выцягнуў з каляіны корч і кінуў яго ў канаву, потым з-пад другога кола выбраў галлё. Надзьмуты ўзлаваўся.
— Што ты робіш! Не чапай галля. Газуй!
Шафёр, аднак, добра расчысціў каляіну і не пачаў газаваць, а заглушыў матор і вылез на дарогу.
— Ну чаго спыніўся! — крыкнуў начальнік. — Давай, давай!
— Што давай? — упершыню запярэчыў шафёр. Штурхнуць трэба.
— Гм, штурхнуць. Каму ж штурхнуць?
Але таго, бадай, не ведаў і шафёр. Яны адны сядзелі ў гэтай калдобіне і больш на дарозе не бачна было нікога.
Не сыходзячы са сваёй выспачкі, закурыў і начальнік. Увесь працэс прыкурвання папяросы на ветры і першыя салодкія зацяжкі крыху супакоілі яго. Якраз у гэты час з боку шашы, на дарозе, узніклі дзве невыразныя постаці. Праз колькі хвілін можна было разабраць, што ішлі мужчыны. Задні намнога адстаў ад пярэдняга, высокага і плячыстага, што без асаблівага разбору сігаў па ўзбочыне. Яшчэ праз нейкі час можна было разгледзець падарожнікаў. Абодва былі ў зашмальцаваных чорных ватоўках, пярэдні — з палявой кірзавай сумкай на баку, з якой тырчэлі канцы гаечных ключоў, адкрутак і малаткоў. Відаць, прахожыя належалі да тутэйшых механізатараў і цяпер па нейкай патрэбе ішлі ў РТС.
Начальнік дакурваў папяросу, чакаў прахожых і рыхтаваўся як мага ветлівей запрасіць іх дапамагчы ў ягонай бядзе. Але пярэдні, не чакаючы запрашэння, яшчэ здалёк, відаць, зразумеў усё і з незвычайнай лёгкасцю ў тоне, уласцівай простым і адкрытым людзям, пачаў сам:
— Што, браткі, штурхнуць?
— Ага, крышачку трэ’ было б, — сказаў шафёр і адразу палез у машыну.
— Давай, Міцька, націснем, штурхнём, каб выскачыла, як корак з пляшкі, — на хаду звярнуўся высокі да свайго таварыша.
Читать дальше