Сідні Зум дайшоў да месца, дзе знік сабака, і спыніўся ў чаканні. Але тут пачуліся крокі, шамаценне гумовага плашча, і на яго пачала насоўвацца цёмная постаць.
Цемру прарэзала святло электрычнага ліхтарыка.
— Што вы тут робіце? — прабурчаў незнаёмы басам.
У ястрабіных вачах Сідні Зума ўзнікла пагроза.
— А хто вы? Ды патушыце свой чортаў ліхтарык!
Промні ліхтарыка прашылі зверху данізу цыбатую, але жылаватую постаць, і той самы голас зноў прагрымеў:
— Я — паліцэйскі, і гэта мой участак. Час не вельмі прыдатны, каб вось так стаяць на рагу вуліцы, мокнучы пад дажджом, утаропіўшыся ў цемру, у нешта ўслухоўваючыся. Так што далажыце, хто вы такі, калі не маеце ахвоты заначаваць у камеры.
Сідні Зум адвёў вочы ад сляпучага святла, выцягнуў з унутранай кішэні скураны партманет і паказаў паліцэйскаму нейкую картку.
На картцы быў подпіс начальніка паліцыі.
Паліцэйскі прысвіснуў.
— Сідні Зум? Вось як! — сказаў ён у здзіўленні. — Я наслухаўся пра вас і вашага сабаку. А дзе ён?
Сідні Зум слухаў, схіліўшы галаву крыху ўбок.
— Калі вы перастанеце гаварыць, мы яго пачуем.
Паліцэйскі заціх і прыслухаўся. З цемры даляцеў ледзь чутны сабачы брэх.
— Ён вунь за тым рагом, — сказаў Зум.
— Чаго ён разбрахаўся? — прабурчаў паліцэйскі.
Сідні Зум пайшоў далей, перастаўляючы доўгія ногі па мокрым бруку. Раптоўны дождж забарабаніў па пругкай паверхні іх плашчоў.
— Каб даведацца, — адказаў Сідні Зум, — лепш за ўсё — пайсці і паглядзець.
Паліцэйскаму было цяжка паспяваць за шырокімі крокамі Зума.
— Я чуў пра некаторыя вашыя вышукі, — сказаў ён.
Відаць, паліцэйскі хацеў завесці гаворку, але хада была настолькі шпаркая, што нават на яе ледзь хапала дыху.
Сідні Зум прамаўчаў.
— І пра вашага сабаку, — працягваў, засопшыся, паліцэйскі.
Сідні Зум прыпыніўся і паказаў знакам паліцэйскаму спыніцца, потым узняў галаву і свіснуў. Адразу ж у адказ пачуўся брэх.
Зум па гуку вызначыў кірунак, адкуль пачуўся брэх, і пакрочыў яшчэ шырэй. Паліцэйскі страціў надзею ісці нага ў нагу і, зусім засопшыся, быў вымушаны ў паўтара раза часцей перабіраць нагамі.
У святле вулічнага ліхтара штосьці скурчанае кідала на брук доўгі цень. Сабака зноў забрахаў, і Сідні Зум паказаў у яго бок.
— Штосьці ляжыць на тратуары, — сказаў ён.
Паліцэйскі загаварыў, але трэба адзначыць, што думаць у яго выходзіла лепш.
Шпаркая хада Зума перайшла амаль у бег. Яго хударлявая постаць, здавалася, дрыжала ад хвалявання.
— Нехта ляжыць, — сказаў ён.
Сабака яшчэ раз заліўся пранізлівым брэхам, як бы імкнучыся нешта паведаміць. І Сідні Зум пераклаў сэнс брэху.
— Мёртвы, — сказаў ён.
Паліцэйскі прамармытаў нешта, выказваючы, відаць, недавер.
Але Зум меў рацыю. Чалавек быў мёртвы. Ён ляжаў, распасцёршыся на бруку тварам уніз, раскінуўшы сціснутыя ў кулакі рукі, нібыта пагражаючы некаму.
На патыліцы чалавека чарнела дзірка, з яе цурчаў чырвоны струмень, зліваючыся з вадой на бруку і пакідаючы на ім чырвоныя плямы.
На чалавеку былі паліто, нагавіцы, грубыя чаравікі. Але падніз была надзета яшчэ піжама. Яе канцы выглядалі з калашын нагавіц, а каўнер піжамнай сарочкі вылез з-пад закручанага штрыфля паліто. Паліцэйскі паспрабаваў намацаць пульс чалавека.
— Мёртвы, — сказаў ён.
— Вось гэта, — суха заўважыў Сідні Зум, — і паведаміў мне сабака. Ён прыбег бы назад і прыскорыў мяне, калі б чалавек быў жывы.
Вочы ў паліцэйскага загарэліся.
— Вы што, жартуеце? — спытаў ён.
Сідні Зум паціснуў плячыма. Па вопыце ён ведаў, што дарэмна даказваць дылетантам, што ў сабак высокаразвіты інтэлект.
Паліцэйскі хацеў перавярнуць труп дагары. Зум перахапіў яго руку.
— Пачакайце, — сказаў ён, — вы можаце знішчыць самы галоўны ключ да разгадкі матываў забойства.
Паліцэйскі здзіўлена глянуў на Зума.
— Я проста хачу перавярнуць яго.
Ён адмовіўся ад свайго намеру і пакінуў мерцвяка ляжаць на баку з адкінутай галавой у ненадзейнай раўнавазе, што ўтрымлівалася плячом і сцягном.
Зум кіўнуў галавой.
— Менавіта так, — сказаў ён. — Заўважце, паліто на плячах і зверху, бліжэй да шыі, добра намокла. Гэта сведчыць пра тое, што ён некаторы час быў пад дажджом. Але на спіне паліто амаль сухое. Гэта значыць, што ён ішоў тварам насустрач дажджу, а тут ляжыць на жываце не так даўно. Інакш спіна таксама б намокла. Але калі вы перавернеце яго на спіну да таго, як мы ўсё ўдакладнім, паліто са спіны дакранецца да мокрага бруку, і мы пазбавімся магчымасці вызначыць ступень намокласці розных частак адзення.
Читать дальше